СТРАЛЬЦО́Ў Міхась (Міхаіл Лявонавіч; 14.2.1937, в. Сычын Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 23.8.1987),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Полымя», «Маладосць», «Нёман». Друкаваўся з 1952. У першым зб. апавяданняў «Блакітны вецер» (1962) праявіў сябе тонкім псіхолагам, знаўцам побыту вёскі і горада. У зб. «Сена на асфальце» (1966) раскрыў псіхал. і эстэт. ўжыванне нядаўняга вяскоўца ў гар. стыхію, магчымасці гарманічнага спалучэння ў чалавеку эмац. і інтэлектуальнага пачаткаў. Ў аповесці «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970) — фарміраванне характару падлетка ў цяжкія пасляваен. гады. Акварэльнасць, тонкі псіхалагізм і лірычны роздум у зб-ках вершаў «Ядлоўцавы куст» (1973), «Цень ад вясла» (1979), «Яшчэ і заўтра» (1983), «Мой свеце ясны» (1986, Дзярж. прэмія Беларусі 1988). У вершах-споведзях, філас. мініяцюрах, замалёўках і іранічных вершах-экспромтах выяўляецца душэўная чысціня і вернасць чалавечаму прызванню. У зб. «Жыццё ў слове» (1965) узнёсла і разважліва аналізаваў майстэрства Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Ц.Гартнага, К.Чорнага, П.Пестрака, А.Русецкага, А.Зарыцкага. Аўтар кніг «У полі зроку» (1976), «Пячатка майстра» (1986) пра творчасць Я.Коласа, З.Бядулі, М.Гарэцкага, К.Чорнага, У.Дубоўкі, А.Куляшова, Я.Брыля, П.Панчанкі, А.Вялюгіна і інш., эсэ «Загадка Багдановіча» (1969). Перакладаў на бел. мову творы А.Пушкіна, Я.Смелякова, М.Браўна, Н.Гільена, П.Неруды, сучасных італьян. паэтаў, раманы Ч.Айтматава, прозу Б.Пастарнака, Л.Лявонава і інш.
Тв.:
На ўспамін аб радасці. Мн., 1974;
Падарожжа за горад. Мн., 1986;
Выбранае. Мн., 1987.
Літ.:
Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;
Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Оскоцкий В. И трава, и асфальт: Заметки о прозе М.Стрельцова // Неман. 1979. № 6;
Адамович А. Испытание словом // Там жа. 1987. №2;
Карамазаў В. І прадчуванне, і лёс // Полымя, 1987. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРА́ХАЎ Мікалай Мікалаевіч (28.10.1828, г. Белгарад, Расія — 5.2.1896),
рускі філосаф, публіцыст, літ. крытык. Чл.-кар.Пецярб.АН (1890). Вучыўся ў Кастрамской духоўнай семінарыі (1840—44), Пецярб. ун-це (1845—48). Скончыў Гал.пед.ін-т (1851). Выкладаў прыродазнаўчыя дысцыпліны ў Адэсе і Пецярбургу. З 1861 супрацоўнічаў у час. «Время», «Эпоха», «Гражданин», «Библиотека для чтения», быў рэдактарам «Отечественных записок» і выдаўцом час. «Заря». з 1873 служыў у Пецярб. публічнай б-цы, з 1885 — у Вучоным к-це пры Мін-ве нар. асветы. У філас. працах «Пісьмы пра арганічнае жыццё» (1859), «Значэнне гегелеўскай філасофіі ў цяперашні час» (1860), «Свет як цэлае» (1872) на аснове рэліг.метафіз.антрапацэнтрызму і почвеніцтва абгрунтаваў ідэі адносна абмежаванасці і складана-іерархічнай будовы свету, а таксама нац. глебы («почвы») як асновы сац. і духоўнага развіцця Расіі. На яго думку, вяршыня іерархіі светабудовы — чалавек, ён займае цэнтр. месца па ўсіх напрамках сувязей, што злучаюць свет у адно цэлае. У мастацтве гал. лічыў узнаўленне нац. характару і вераванняў рус. народа. Вышэйшым узорам лічыў творчасць Л.М.Талстога, высока цаніў паэзію А.С.Пушкіна, А.А.Фета, Я.П.Палонскага, творы А.І.Герцэна, Ф.М.Дастаеўскага. Падрыхтаваў збор твораў А.А.Грыгор’ева (1876), напісаў 1-ю біяграфію Дастаеўскага і ўспаміны пра яго. Аўтар прац: «Пра асноўныя паняцці псіхалогіі і фізіялогіі» (1886), «Пра вечныя ісціны: Мае спрэчкі аб спірытызме» (1887), «Вучэнне пра Бога на пачатках розуму» (1893), «Філасофскія нарысы» (1895) і інш. Перакладаў філас. і навук. працы Ф.Шэлінга, К.Фішэра, І.Тэна, Ф.Ланге.
Тв.:
Переписка Л.Н.Толстого с Н.Н.Страховым, 1870—1894 // Толстовский музей. СПб., 1914 Т. 2.
Літ.:
Левицкий С.А. Очерки по истории русской философии и общественной мысли. Т. 1. Франкфурт-на-Майне, 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́РАЖ,
гарадскі пасёлак у Віцебскім р-не, на р.Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Каспля, на аўтадарозе Віцебск—Веліж (Расія). За 43 км на ПнУ ад Віцебска. 1,2 тыс.ж. (2001).
Вядомы з 16 ст. У 1563 пабудаваны Суражскі замак. 20.12.1569 С. атрымаў герб: у сярэбраным полі мур з трыма вежамі. З 1590 цэнтр староства. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 захоплены (2.9.1656) рус. войскамі, вернуты ВКЛ паводле Андросаўскага перамір’я 1667. З 1772 у Рас. імперыі, з 1777 горад, цэнтр павета, з 1796 у Беларускай губ. У 1780 у С. 300 ж., больш за 100 дамоў, драўляная царква. З 1802 у Віцебскай губ. У 1830-я г. пабудаваны Спаса-Праабражэнская і Петрапаўлаўская цэрквы, у 1864 заснавана нар. вучылішча. З 1866 заштатны горад Віцебскага павета. У 1897 у С. 2731 ж., прыстань, 2-класнае павятовае і нар. вучылішчы; у пач. 20 ст. 4400 ж., 11 мураваных і каля 440 драўляных дамоў, 48 рамесных майстэрняў, 69 крам, сплаў лесу, 2 царквы. У 1924—60 цэнтр Суражскага раёна Віцебскай акр., з 1938 у Віцебскай вобл., з 27.9.1938 гар. пасёлак, 3000 ж. У Вял.Айч. вайну з 12.7.1941 да 28.10.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў С. і раёне загубілі 9181 чал. 12.9.1941 партыз. атрад пад камандаваннем М.П.Шмырова разграміў у С. варожы гарнізон. Са студз.—сак. 1942 да снеж. 1943 існавала Суражская партызанская зона. На ПнУ ад С. знаходзіліся т.зв. Суражскія, ці Віцебскія «вароты». У 1960—62 і з 1965 у Віцебскім (у 1962—65 у Лёзненскім) р-не.
Працуюць лясгас, сярэдняя і муз. школы, сад-яслі, Дом культуры, цэнтр дзіцячай творчасці, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Помнік дзецям Героя Сав. Саюза Шмырова. Археал. помнік — замчышча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРАСЕ́ВІЧЫ,
бел. гравёры канца 17 — пач. 18 ст., верагодна, браты. Як мяркуюць, вучыліся ў гравёраў Кіліянаў у г. Аўгсбург (Германія). Працавалі ў тэхніках афорта і разцовай гравюры. З творчасцю Т. звязаны значныя дасягненні мастацтва барока ў бел. гравюры.
Аляксандр (Антоній; ? г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — каля 1730). Творы адметныя цэласнасцю кампазіцыі, шчыльнасцю і дасканаласцю штрыхоўкі, багатай танальнасцю, глыбінёй псіхал. характарыстыкі партрэтаў. У ранні перыяд дзейнасці (у Глуску) стварыў цыкл з 40 афортаў да аўсбургскага выдання кн. «Ружоўнік...» (1672). У шэрагу гравюр паказаў побыт сялян і навакольную прыроду (асабліва ў 12 гравюрах «Поры года»). У 1680-я г. працаваў у Вільні, дзе выканаў партрэты мінскага харунжага К.Клакоцкага, караля Рэчы Паспалітай Яна III Сабескага. Потым пераехаў у Кіеў, прыняў манаства і імя Антоній. Аўтар эстампаў «Радаслоўнае дрэва А.Палубінскага» (1675), партрэтаў М.Слупскага (1677), М.Паца (1686), І.Перахрэста (1689), В.Галіцына (1691). Лявонцій (1650? — 1710?). Творы адметныя жыццёвасцю вобразаў, цэласнасцю кампазіцыі, дакладнасцю малюнка, разнастайнасцю штрыхоўкі. Ранні перыяд творчасці звязаны з Беларуссю і Літвой: «Апосталы Пётр і Павел з цудадзейным абразом Жыровіцкай Багародзіцы», партрэты К.С.Радзівіла, ашмянскага прыстольніка Г.Зямлі, смаленскага епіскапа Б.Корвін-Гансеўскага (канец 1690-х г.), гербы віленскага епіскапа К.Бржастоўскага (1682), Агінскіх (1686) і інш., афармленне «Служэбніка» (1695); у творах шырока выкарыстаны барочныя сімвалы і алегорыі. У 1680-я г. пераехаў на Украіну. У 1688 запрошаны ў Маскву, дзе выканаў партрэт рус. царэўны Соф’і. Значныя творы гэтага перыяду: гравюры да кнігі «Пацярык Пячэрскі» (1702), «Псалтыр» і «Евангелле» (абодва 1703).
Літ.:
Степовик Д. Олександр Тарасевич. Київ, 1975;
Яго ж. Леонтій Тарасевич и українське мистецтво барокко. Київ, 1986.
В.Ф.Шматаў.
Да арт.Тарасевічы. А.Тарасевіч. Тытул «Ружоўніка...». 1672.Да арт.Тарасевічы. Л.Тарасевіч. Партрэт ашмянскага прыстольніка Г.Зямлі. Канец 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРАШКЕ́ВІЧ Браніслаў Адамавіч (20.1.1892, б. засценак Мацюлішкі, Літва — 29.11.1938),
бел. грамадска-палітычны і асветны дзеяч, мовазнавец, публіцыст, перакладчык, літаратуразнавец. Акад.Бел.АН (1928). Скончыў Петраградскі ун-т (1916), у якім быў пакінуты для атрымання прафесарскага звання на кафедры рус. мовы і славеснасці (1916—18). У 1918 заг.культ.-асв. аддзела Бел.нац. камісарыята, яго Петраградскага аддзялення. З 1917 адзін з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады, з 1918 — Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1918 выдаў «Беларускую граматыку для школ» (5-е факс. выд. 1991). У 1919 выкладаў бел. і грэч. мовы ў Мінскім бел.пед. ін-це. У 1920 старшы рэферэнт дэпартамента асветы т.зв. Сярэдняй Літвы, у 1921—22 дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, адзін з кіраўнікоў і заснавальнікаў Таварыства беларускай школы. У 1922 абраны паслом (дэпутатам) сейма Польшчы, узначаліў у ім Беларускі пасольскі клуб. З трыбуны сейма абараняў сац. і нац. правы працоўных Зах. Беларусі. Выступаў у зах.-бел. друку з публіцыст. артыкуламі, прысвечанымі актуальным пытанням нац.-вызв. руху. У 1925 стаў адным з заснавальнікаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, старшыня яе ЦК, чл.КПЗБ. Двойчы (1927, 1931) арыштаваны польскімі ўладамі, засуджаны адпаведна на 12 і 8 гадоў. У турме пераклаў на бел. мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча. У 1930 спец. распараджэннем прэзідэнта Польшчы вызвалены. У выніку абмену палітвязнямі з вер. 1933 жыў у СССР. Працаваў у Міжнар.агр. ін-це ў Маскве. 6.5.1937 арыштаваны АДПУСССР па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». 5.1.1938 асуджаны камісіяй НКУССССР і пракурорам СССР («двойкай») да вышэйшай меры пакарання, расстраляны. Рэабілітаваны Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР 26.1.1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАГІКАМЕ́ДЫЯ,
драматычны твор, у якім спалучаюцца характэрныя рысы трагедыі і камедыі. У аснове — своеасаблівае трагікамічнае светаадчуванне, якое звязана з пачуццём адноснасці Крытэрыяў жыцця і ўключае разнастайныя, часам процілеглыя тэндэнцыі. Жанравыя межы не акрэслены, абавязковым з’яўляецца пачуццё адноснасці крытэрыяў ацэнкі аўтарам і персанажамі жыццёвых рэалій. Трагікамічнасць светаадчування ўласціва нар. творчасці, у прафес. л-ры на розных этапах гіст. развіцця яна праяўлялася спарадычна.
У антычнасці пад тэрмінам Т. разумелася ўсякае парушэнне жанравай чысціні трагедыі ці камедыі. Як жанр у еўрап. л-рах з’явілася на мяжы 16—17 ст., калі сфарміраваліся яе асн. жанравыя ўласцівасці: спалучэнне ў межах аднаго твора смешных (за выключэннем фарсавых) і сур’ёзных (у т. л. патэтычных) момантаў пры шчаслівай развязцы канфлікту; перапляценне «ўзвышаных» рэліг. сюжэтаў з быт. камізмам іх асэнсавання; двайны зыход сітуацый (пакаранне зла — узнагарода дабрачыннасці); змешванне ўзвышаных і камічных характараў і інш. У 2-й пал. 17 ст. эстэтыка класіцызму размежавала трагедыю і камедыю. У Далейшым Т. амаль знікла. Адрадзілася ў канцы 19 ст. («Геда Габлер» і «Дзікая качка» Г.Ібсена, «Крэдыторы» і «Саната прывідаў» А.Стрындберга, «Тры сястры» А.Чэхава і інш.). У 20 ст. Т. пачала распрацоўваць праблематыку трагедыі.. Яшчэ больш замацавалася практыка збліжэння трагічнага і камічнага (творы Ф.Дзюрэнмата, Э.Іанеска, Т.Уільямса і інш.).
На Беларусі Т. вядома з сярэдзіны 18 ст. («Уваскрэсенне мёртвых...» Г.Каніскага і інш.) у форме, прамежкавай паміж трагедыяй і камедыяй. Больш глыбока трагікамічныя калізіі выявіліся ў творах пач. 20 ст. («Васількі» А.Паўловіча, «Жартаўлівы Пісарэвіч» М.Гарэцкага, «Тутэйшыя» Я.Купалы і інш.). Вял. ўклад у распрацоўку жанру Т. ў бел. драматургіі зрабіў А.Макаёнак. У яго творах трагікамічнае дапаўняецца, як правіла, сатырычна-гратэскавым («Зацюканы апостал», «Пагарэльцы», «Дыхайце эканомна»).
Літ.:
Борев Ю. Комическое... М., 1970;
Дземидок Б. О комическом...: Пер. с пол. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРЭ́Ц,
вёска ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Карэлічы—Мір. Цэнтр сельсавета і с.-г.вытв. кааператыва. За 13 км на ПдУ ад г.п. Карэлічы, 198 км ад Гродна, 32 км ад чыг. ст. Гарадзея. 653 ж., 285 двароў (2002). Унітарнае прадпрыемства «Лес». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Брацкія могілкі рас. воінаў 1-й сусв. вайны, брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, і І.Д.Чарняхоўскаму. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Турэцкая Пакроўская царква.
Упершыню ўпамінаецца ў Валынскай хроніцы пад 1276. У 14 ст. ўласнасць кіеўскага кн. Уладзіміра Альгердавіча. Яго сын Аляксандр, родапачынальнік Слуцкіх-Алелькавічаў, каля 1420 перадаў землі ў наваколлі мястэчка Т. Лаўрышаўскаму манастыру. З 16 ст. належаў Хадкевічам. У 17 ст. ў Т. меліся касцёл, уніяцкая і правасл. цэрквы. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Навагрудскага пав. У 1848 прыгонныя сяляне Т. належалі памешчыкам Хадкевічу, Ліпінскаму, Букатовічу і інш. У 1863 у Т. 794 ж., царк.-прыходская школа, у 1890 адкрыта нар. вучылішча; у 1897—1596 ж., 229 двароў, царква, капліца, 2 яўр. малітоўныя дамы, 2 ветраныя млыны, 7 заезных дамоў, хлебазапасны магазін, пошта, 18 крам, 2 кірмашы штогод; у 1908—1893 ж., 363 двары. У 1-ю сусв. вайну ў 1915—18 каля Т. праходзіла лінія фронту, што прывяло да вял. разбурэнняў у мястэчку. З 1921 у Польшчы, 1290 ж., 218 двароў. З 1926 цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 12.10.1940 вёска, цэнтр сельсавета Мірскага р-на, з 17.12.1956 у Карэліцкім, у 1962—65 у Навагрудскім р-не. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў Т. 463 чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМІНАЛАГІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
слоўнік, які змяшчае сістэматызаванае на аснове пэўных прынцыпаў апісанне тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі, вытв-сці, дзейнасці, мастацтва і інш.Напр., лінгвістычны слоўнік, слоўнік электратэхн. тэрмінаў, слоўнік па металургічнай вытв-сці, слоўнік бібліятэчных і бібліягр. тэрмінаў, слоўнік муз. тэрмінаў. У Т.с. побач з алфавітнай пашырана арганізацыя тэрмінаў на аснове сістэмы паняццяў пэўнай галіны навукі («Слоўнік славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі», т. 1, Прага, 1977, змяшчае таксама і бел. частку). Т.с. бываюць уласна тэрміналагічныя, г.зн. уключаюць тэрмін і яго азначэнне («Тлумачальны слоўнік гандлёвых тэрмінаў», 1995), і перакладныя («Кароткі лацінска-руска-беларускі слоўнік юрыдычнай фразеалогіі» Н.А.Ганчаровай і М.Г.Антанюк, 2000), а таксама могуць змяшчаць і перакладную (двух- або шматмоўную) і тлумачальную часткі («Тлумачальны руска-англа-беларускі слоўнік па інфарматыцы», 1994). Часам Т.с. уключае тэрміны не адной вузкай галіны ведаў, а некалькіх, звычайна сумежных, галін («Руска-беларускі слоўнік па цеплатэхніцы і санітарнай тэхніцы» В.М.Капко і Б.М.Хрусталёва, 1995; «Руска-беларускі політэхнічны слоўнік», т. 1, 1997). Тлумачальная частка можа ўключаць строга навук. азначэнне (дэфініцыю) або больш шырокае апісанне тэрміна, набліжаючыся да слоўніка энцыклапедычнага тыпу, слоўніка-даведніка («Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік», «Тлумачальны слоўнік-даведнік па ветэрынарыі і заатэхніі», абодва 1992). Па глыбіні і паўнаце ахопу паняццяў і паводле прызначэння існуюць школьныя Т.с. («Геаграфічны слоўнік школьніка» І.П.Галай, С.І.Сідор, 1986; «Экалагічны слоўнік», 1993), Т.с. для сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў («Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў» П.У.Сцяцко, М.Ф.Гуліцкага, Л.А.Антанюк, 1990) і акад., фундаментальныя слоўнікі, якія змяшчаюць вычарпальна поўную сістэму паняццяў на сучасным узроўні развіцця адпаведнай галіны і прызначаны для спецыялістаў («Музычны слоўнік беларуска-рускі = Музычны слоўнік руска-беларускі», 1999). Гіст. тэрміналогія часткова фіксуецца ў гістарычных слоўніках («Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М.І.Гарбачэўскага, 1874).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЯ́Р ДЭ ШАРДЭ́Н (Teilhard de Chardin) П’ер (Мары-Жазеф П’ер; 1.5.1881, замак Сарсена каля г. Клермон-Феран, Францыя — 10.4.1955),
французскі філосаф, тэолаг і палеантолаг. З 1899 чл.Т-ва Ісуса (ордэн езуітаў), святар (1911). Чл. Парыжскай АН (1950). Скончыў езуіцкую семінарыю на в-ве Джэрсі (1907). З 1913 у Ін-це палеанталогіі чалавека пры Музеі натуральнай гісторыі ў Парыжы. З 1920 праф. Каталіцкага ун-та ў Парыжы (у 1926 абвінавачаны ў антыдактрынальнасці і адхілены ад выкладання). З 1923 удзельнічаў у палеанталагічных экспедыцыях у Манголіі, Паўд.-Зах. Кітаі, Індыі, Бірме, Яве і інш. Адзін з першаадкрывальнікаў сінантрапа, знойдзенага ім у 1929 каля Пекіна. Даследаваў трацічную і раннечацвярцічную фауну і антрапагенез на тэр.Паўд. Азіі. У цэнтры яго філасофіі — праблема чалавека як біял. і над біял. (свядомай) істоты; выступаў за аб’яднанне ідэалізму і матэрыялізму ў выглядзе «фенаменалогіі», якая б улічвала і ўнутр., і вонкавы бакі свету. Эвалюцыю Зямлі разглядаў як трансфармацыю найперш псіхічную, што тлумачыў наяўнасцю ў зямной матэрыі элементарнай свядомасці. У развіцці свету вылучаў 3 этапы: пераджыццё (узнікненне нежывой прыроды), жыццё (спантаннае развіццё жывой прыроды і разгалінаванне жывёльнага свету), з’яўленне чалавека (вырашальная стадыя ў эвалюцыі Зямлі, якая паклала пачатак наагенезу). Сцвярджаў, што, як зліццё аднаклетачных прывяло да прагрэсу жывой прыроды, так і чалавецтва павінна рухацца да духоўнага аб’яднання, «мегасінтэзу» індывідаў, нацый і рас. Эвалюцыйны падыход характэрны і для яго тэалагічных поглядаў: разглядаў стварэнне свету Богам не як адзіначасны акт, а як бесперапынны працэс. На яго думку, чалавек на шляху да Бога павінен не ўхіляцца ад паўсядзённасці, а актыўна ператвараць рэчаіснасць у адпаведнасці з Божай ідэяй «адухаўлення матэрыі». Вучэнне Т.д.Ш. — тэярдызм — атрымала масавую папулярнасць як альтэрнатыва неатамізму — афіц. дактрыне рымска-каталіцкай царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УВА́РАВІЧЫ,
гарадскі пасёлак у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Уза (прыток р. Сож). За 21 км на ПдУ ад Буда-Кашалёва, 27 км ад Гомеля, 8 км ад чыг. ст. Уза на лініі Гомель—Жлобін; аўтадарогамі злучаны з Гомелем і Буда-Кашалёвам. 2,8 тыс.ж. (2002). Цэнтр эксперым. базы «Уваравічы» Гомельскай абл.с.-г. доследнай станцыі. Працуюць: камбінат буд. матэрыялаў, аўтапарк, камбінат быт. абслугоўвання, сярэдняя і муз. школы, дзіцячы сад, дзіцячы Дом творчасці, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка. Брацкая магіла сав. воінаў і партызана, магіла ахвяр фашызму. Каля гар. пасёлка археал. помнік Уваравічы.
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаюцца ў 1483. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў Чарнігава-Старадубскім княстве, уладанне кн. Мажайскіх. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 пацярпелі ад ваен. дзеянняў. З 1566 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. Паводле інвентара 1640 Гомельскага староства сяло, 11 дымоў. З 1772 у Рас. імперыі, мястэчка. З 1773 у Гомельскай вол. Рагачоўскай правінцыі, з 1777 у Беліцкім пав. Магілёўскай губ. У 1825 засн. гарбарнае прадпрыемства, млын. З 1852 мястэчка Гомельскага пав. Магілёўскай губ. У 1858—935 ж. У 1861 адкрыта нар. вучылішча. У 1875 пабудавана мураваная правасл. царква Раства Багародзіцы, у 1876 засн. крупадзёрнае прадпрыемства. У 1880—902 ж., 165 двароў; 2 цагельныя прадпрыемствы, бровар, 4 ветраныя млыны, 8 крам, правасл. царква, 2 яўр. малітоўныя дамы. У пач. 20 ст. належалі Ліпінскім і Уваравіцкай сельскай грамадзе. У 1909—2372 ж., 314 двароў. З 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, цэнтр воласці. З 8.12.1926 у БССР, цэнтр Уваравіцкага раёна Гомельскай акр., з 1938 у Гомельскай вобл. У 1926—2391 ж., 519 двароў. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 17.4.1962 у Буда-Кашалёўскім р-не.