ТРАГІКАМЕ́ДЫЯ,

драматычны твор, у якім спалучаюцца характэрныя рысы трагедыі і камедыі. У аснове — своеасаблівае трагікамічнае светаадчуванне, якое звязана з пачуццём адноснасці Крытэрыяў жыцця і ўключае разнастайныя, часам процілеглыя тэндэнцыі. Жанравыя межы не акрэслены, абавязковым з’яўляецца пачуццё адноснасці крытэрыяў ацэнкі аўтарам і персанажамі жыццёвых рэалій. Трагікамічнасць светаадчування ўласціва нар. творчасці, у прафес. л-ры на розных этапах гіст. развіцця яна праяўлялася спарадычна.

У антычнасці пад тэрмінам Т. разумелася ўсякае парушэнне жанравай чысціні трагедыі ці камедыі. Як жанр у еўрап. л-рах з’явілася на мяжы 16—17 ст., калі сфарміраваліся яе асн. жанравыя ўласцівасці: спалучэнне ў межах аднаго твора смешных (за выключэннем фарсавых) і сур’ёзных (у т. л. патэтычных) момантаў пры шчаслівай развязцы канфлікту; перапляценне «ўзвышаных» рэліг. сюжэтаў з быт. камізмам іх асэнсавання; двайны зыход сітуацый (пакаранне зла — узнагарода дабрачыннасці); змешванне ўзвышаных і камічных характараў і інш. У 2-й пал. 17 ст. эстэтыка класіцызму размежавала трагедыю і камедыю. У Далейшым Т. амаль знікла. Адрадзілася ў канцы 19 ст. («Геда Габлер» і «Дзікая качка» Г.​Ібсена, «Крэдыторы» і «Саната прывідаў» А.​Стрындберга, «Тры сястры» А.​Чэхава і інш.). У 20 ст. Т. пачала распрацоўваць праблематыку трагедыі.. Яшчэ больш замацавалася практыка збліжэння трагічнага і камічнага (творы Ф.​Дзюрэнмата, Э.​Іанеска, Т.​Уільямса і інш.).

На Беларусі Т. вядома з сярэдзіны 18 ст. («Уваскрэсенне мёртвых...» Г.​Каніскага і інш.) у форме, прамежкавай паміж трагедыяй і камедыяй. Больш глыбока трагікамічныя калізіі выявіліся ў творах пач. 20 ст. («Васількі» А.​Паўловіча, «Жартаўлівы Пісарэвіч» М.​Гарэцкага, «Тутэйшыя» Я.​Купалы і інш.). Вял. ўклад у распрацоўку жанру Т. ў бел. драматургіі зрабіў А.​Макаёнак. У яго творах трагікамічнае дапаўняецца, як правіла, сатырычна-гратэскавым («Зацюканы апостал», «Пагарэльцы», «Дыхайце эканомна»).

Літ.:

Борев Ю. Комическое... М., 1970;

Дземидок Б. О комическом...: Пер. с пол. М., 1974.

С.​С.​Лаўшук.

т. 15, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)