СТРАЛЬЦО́Ў Міхась (Міхаіл Лявонавіч; 14.2.1937, в. Сычын Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 23.8.1987),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Полымя», «Маладосць», «Нёман». Друкаваўся з 1952. У першым зб. апавяданняў «Блакітны вецер» (1962) праявіў сябе тонкім псіхолагам, знаўцам побыту вёскі і горада. У зб. «Сена на асфальце» (1966) раскрыў псіхал. і эстэт. ўжыванне нядаўняга вяскоўца ў гар. стыхію, магчымасці гарманічнага спалучэння ў чалавеку эмац. і інтэлектуальнага пачаткаў. Ў аповесці «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970) — фарміраванне характару падлетка ў цяжкія пасляваен. гады. Акварэльнасць, тонкі псіхалагізм і лірычны роздум у зб-ках вершаў «Ядлоўцавы куст» (1973), «Цень ад вясла» (1979), «Яшчэ і заўтра» (1983), «Мой свеце ясны» (1986, Дзярж. прэмія Беларусі 1988). У вершах-споведзях, філас. мініяцюрах, замалёўках і іранічных вершах-экспромтах выяўляецца душэўная чысціня і вернасць чалавечаму прызванню. У зб. «Жыццё ў слове» (1965) узнёсла і разважліва аналізаваў майстэрства Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Ц.Гартнага, К.Чорнага, П.Пестрака, А.Русецкага, А.Зарыцкага. Аўтар кніг «У полі зроку» (1976), «Пячатка майстра» (1986) пра творчасць Я.Коласа, З.Бядулі, М.Гарэцкага, К.Чорнага, У.Дубоўкі, А.Куляшова, Я.Брыля, П.Панчанкі, А.Вялюгіна і інш., эсэ «Загадка Багдановіча» (1969). Перакладаў на бел. мову творы А.Пушкіна, Я.Смелякова, М.Браўна, Н.Гільена, П.Неруды, сучасных італьян. паэтаў, раманы Ч.Айтматава, прозу Б.Пастарнака, Л.Лявонава і інш.
Тв.:
На ўспамін аб радасці. Мн., 1974;
Падарожжа за горад. Мн., 1986;
Выбранае. Мн., 1987.
Літ.:
Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;
Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Оскоцкий В. И трава, и асфальт: Заметки о прозе М.Стрельцова // Неман. 1979. № 6;
Адамович А. Испытание словом // Там жа. 1987. №2;
Карамазаў В. І прадчуванне, і лёс // Полымя, 1987. № 2.