СТРА́ХАЎ Мікалай Мікалаевіч (28.10.1828, г. Белгарад, Расія — 5.2.1896),
рускі філосаф, публіцыст, літ. крытык. Чл.-кар. Пецярб. АН (1890). Вучыўся ў Кастрамской духоўнай семінарыі (1840—44), Пецярб. ун-це (1845—48). Скончыў Гал. пед. ін-т (1851). Выкладаў прыродазнаўчыя дысцыпліны ў Адэсе і Пецярбургу. З 1861 супрацоўнічаў у час. «Время», «Эпоха», «Гражданин», «Библиотека для чтения», быў рэдактарам «Отечественных записок» і выдаўцом час. «Заря». з 1873 служыў у Пецярб. публічнай б-цы, з 1885 — у Вучоным к-це пры Мін-ве нар. асветы. У філас. працах «Пісьмы пра арганічнае жыццё» (1859), «Значэнне гегелеўскай філасофіі ў цяперашні час» (1860), «Свет як цэлае» (1872) на аснове рэліг. метафіз. антрапацэнтрызму і почвеніцтва абгрунтаваў ідэі адносна абмежаванасці і складана-іерархічнай будовы свету, а таксама нац. глебы («почвы») як асновы сац. і духоўнага развіцця Расіі. На яго думку, вяршыня іерархіі светабудовы — чалавек, ён займае цэнтр. месца па ўсіх напрамках сувязей, што злучаюць свет у адно цэлае. У мастацтве гал. лічыў узнаўленне нац. характару і вераванняў рус. народа. Вышэйшым узорам лічыў творчасць Л.М.Талстога, высока цаніў паэзію А.С.Пушкіна, А.А.Фета, Я.П.Палонскага, творы А.І.Герцэна, Ф.М.Дастаеўскага. Падрыхтаваў збор твораў А.А.Грыгор’ева (1876), напісаў 1-ю біяграфію Дастаеўскага і ўспаміны пра яго. Аўтар прац: «Пра асноўныя паняцці псіхалогіі і фізіялогіі» (1886), «Пра вечныя ісціны: Мае спрэчкі аб спірытызме» (1887), «Вучэнне пра Бога на пачатках розуму» (1893), «Філасофскія нарысы» (1895) і інш. Перакладаў філас. і навук. працы Ф.Шэлінга, К.Фішэра, І.Тэна, Ф.Ланге.
Тв.:
Переписка Л.Н.Толстого с Н.Н.Страховым, 1870—1894 // Толстовский музей. СПб., 1914 Т. 2.
Літ.:
Левицкий С.А. Очерки по истории русской философии и общественной мысли. Т. 1. Франкфурт-на-Майне, 1983;
Розанов В.В. Литературные изгнанники. Лондон, 1992.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 15, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)