ТАРАСЕ́ВІЧЫ,

бел. гравёры канца 17 — пач. 18 ст., верагодна, браты. Як мяркуюць, вучыліся ў гравёраў Кіліянаў у г. Аўгсбург (Германія). Працавалі ў тэхніках афорта і разцовай гравюры. З творчасцю Т. звязаны значныя дасягненні мастацтва барока ў бел. гравюры.

Аляксандр (Антоній; ? г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — каля 1730). Творы адметныя цэласнасцю кампазіцыі, шчыльнасцю і дасканаласцю штрыхоўкі, багатай танальнасцю, глыбінёй псіхал. характарыстыкі партрэтаў. У ранні перыяд дзейнасці (у Глуску) стварыў цыкл з 40 афортаў да аўсбургскага выдання кн. «Ружоўнік...» (1672). У шэрагу гравюр паказаў побыт сялян і навакольную прыроду (асабліва ў 12 гравюрах «Поры года»). У 1680-я г. працаваў у Вільні, дзе выканаў партрэты мінскага харунжага К.​Клакоцкага, караля Рэчы Паспалітай Яна III Сабескага. Потым пераехаў у Кіеў, прыняў манаства і імя Антоній. Аўтар эстампаў «Радаслоўнае дрэва А.​Палубінскага» (1675), партрэтаў М.​Слупскага (1677), М.​Паца (1686), І.​Перахрэста (1689), В.​Галіцына (1691). Лявонцій (1650? — 1710?). Творы адметныя жыццёвасцю вобразаў, цэласнасцю кампазіцыі, дакладнасцю малюнка, разнастайнасцю штрыхоўкі. Ранні перыяд творчасці звязаны з Беларуссю і Літвой: «Апосталы Пётр і Павел з цудадзейным абразом Жыровіцкай Багародзіцы», партрэты К.​С.​Радзівіла, ашмянскага прыстольніка Г.​Зямлі, смаленскага епіскапа Б.​Корвін-Гансеўскага (канец 1690-х г.), гербы віленскага епіскапа К.​Бржастоўскага (1682), Агінскіх (1686) і інш., афармленне «Служэбніка» (1695); у творах шырока выкарыстаны барочныя сімвалы і алегорыі. У 1680-я г. пераехаў на Украіну. У 1688 запрошаны ў Маскву, дзе выканаў партрэт рус. царэўны Соф’і. Значныя творы гэтага перыяду: гравюры да кнігі «Пацярык Пячэрскі» (1702), «Псалтыр» і «Евангелле» (абодва 1703).

Літ.:

Степовик Д. Олександр Тарасевич. Київ, 1975;

Яго ж. Леонтій Тарасевич и українське мистецтво барокко. Київ, 1986.

В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Тарасевічы. А.​Тарасевіч. Тытул «Ружоўніка...». 1672.
Да арт. Тарасевічы. Л.​Тарасевіч. Партрэт ашмянскага прыстольніка Г.​Зямлі. Канец 17 ст.

т. 15, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)