СУ́РАЖ,
гарадскі пасёлак у Віцебскім р-не, на р. Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Каспля, на аўтадарозе Віцебск—Веліж (Расія). За 43 км на ПнУ ад Віцебска. 1,2 тыс. ж. (2001).
Вядомы з 16 ст. У 1563 пабудаваны Суражскі замак. 20.12.1569 С. атрымаў герб: у сярэбраным полі мур з трыма вежамі. З 1590 цэнтр староства. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 захоплены (2.9.1656) рус. войскамі, вернуты ВКЛ паводле Андросаўскага перамір’я 1667. З 1772 у Рас. імперыі, з 1777 горад, цэнтр павета, з 1796 у Беларускай губ. У 1780 у С. 300 ж., больш за 100 дамоў, драўляная царква. З 1802 у Віцебскай губ. У 1830-я г. пабудаваны Спаса-Праабражэнская і Петрапаўлаўская цэрквы, у 1864 заснавана нар. вучылішча. З 1866 заштатны горад Віцебскага павета. У 1897 у С. 2731 ж., прыстань, 2-класнае павятовае і нар. вучылішчы; у пач. 20 ст. 4400 ж., 11 мураваных і каля 440 драўляных дамоў, 48 рамесных майстэрняў, 69 крам, сплаў лесу, 2 царквы. У 1924—60 цэнтр Суражскага раёна Віцебскай акр., з 1938 у Віцебскай вобл., з 27.9.1938 гар. пасёлак, 3000 ж. У Вял. Айч. вайну з 12.7.1941 да 28.10.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў С. і раёне загубілі 9181 чал. 12.9.1941 партыз. атрад пад камандаваннем М.П.Шмырова разграміў у С. варожы гарнізон. Са студз.—сак. 1942 да снеж. 1943 існавала Суражская партызанская зона. На ПнУ ад С. знаходзіліся т.зв. Суражскія, ці Віцебскія «вароты». У 1960—62 і з 1965 у Віцебскім (у 1962—65 у Лёзненскім) р-не.
Працуюць лясгас, сярэдняя і муз. школы, сад-яслі, Дом культуры, цэнтр дзіцячай творчасці, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Помнік дзецям Героя Сав. Саюза Шмырова. Археал. помнік — замчышча.
В.В.Віталёва.
т. 15, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)