СУШКО́ Пятро (Пётр Паўлавіч; 1.1.1937, в. Сушкі Міёрскага р-на Віцебскай вобл. — 20.11.1996),
бел.паэт.Сын П.М.Сушко. Скончыў БДУ (1966). Працаваў у міёрскай райгазеце, газ. «Віцебскі рабочы», «Звязда», «Літаратура і мастацтва», час. «Вожык», з 1989 у выд-ве «Полымя». Друкаваўся з 1954. Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных вершаў, баек, мініяцюр, вершаваных фельетонаў, пародый і эпіграм: «Ганарлівы сучок» (1975, пад псеўд. Цімох Дзераза), «Восці напагатоў» (1978), «Парнаская кузня» (1981); кн. лірыкі «Пратока» (1976). Для дзяцей зб-кі «Вясёлы Бай» (1980), «Чмялёва гушкалка» (1986), «Ехаў кот у лес па дровы» (1990). Яго творам уласцівы дасціпнасць, афарыстычнасць, мяккі гумар. Напісаў жартоўныя варыяцыі на фалькл. тэмы «Касіў Ясь канюшыну» (1976), першы ў бел. л-ры вянок парадыйных санетаў «Паэтычнае веча» (1983 пад псеўд. Цімох Дзераза) і вянок гумарыст. актаў «Роздум ля Парнаса» (1983, пад псеўд. Кірша Рымар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАН,
дынастыя імператараў Кітая ў 618—907. Засн. Лі Юанем, які пасля забойства ў 618 апошняга імператара з дынастыі Суй абвясціў сябе імператарам Гао-цзу (619—626]. Яго сын Лі Шымінь [Тайцзун; 626—649] да 628 канчаткова аб’яднаў Кітай, падавіўшы сял. паўстанні і мяцяжы сепаратыстаў. Пры першых імператарах Т. канчаткова склалася сістэма дзярж. экзаменаў (праіснавала да пач. 20 ст.), набыло развіццё сялянскае надзельнае землекарыстанне, паводле якога кожная сям’я атрымала вызначаны зямельны надзел. Да сярэдзіны 8 ст. танскія імператары ажыццяўлялі актыўную экспансіянісцкую палітыку; кіт. кантроль усталяваны на працягу ўсяго Вял. шаўковага шляху да Ферганскай даліны. Перыяд Т. адзначаны росквітам кіт. культуры, асабліва паэзіі (Ду Фу, Лі Бо). Але хуткі рост насельніцтва прывёў да недахопу ворнай зямлі, росту жабрацтва і вострага ўнутр. крызісу. У 751 танскія войскі разбіты арабамі пры Таласе. Моцна знясіліў дзяржаву мяцеж Ань Лушаня (755—763). Канчатковы ўдар імперыі Т. нанесла Хуан Чао паўстанне 874—901. У 907 апошні танскі імператар Лі Чжу скінуты военачальнікам Чжу Вэнем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫЯ́ДА [ад грэч. trias (triados) тройца, траістасць],
спосаб філас. канструявання, які зыходзіць з траістасці, трохступеньчатасці развіцця. Паняцце Т. ўведзена ў філасофію Платонам і шырока распаўсюдзілася ў платанізме і неаплатанізме. Прокл разглядаў Т. як 3 праекцыі свету ў межах розуму: знаходжанне — выступленне — вяртанне; трэці член Т., на яго думку, аб’ядноўвае крайнасці першых двух і ўяўляе сабой «сярэдзіну» паміж імі. Неаплатанісцкая мадэль Т. пакладзена ў аснову хрысц. вучэння пра Святую Тройцу, але ў значна адрозным выглядзе: іпастасі хрысц. Т. ўяўляюць сабой сутнасці, што знаходзяцца на агульным анталагічным узроўні: Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог — Дух Святы, а не безаблічныя, як у неаплатанізме. Прынцып Т. па-свойму тлумачыўся ў ням. класічнай філасофіі. Г.Гегель разглядаў Т. як універсальную схему ўсялякага развіцця, што ўключае 3 ступені: тэзіс (палажэнне), антытэзіс (проціпалажэнне) і сінтэз (злучэнне); лічыў, што кожная наступная ступень адмаўляе папярэднюю, а апошняя (сінтэз) не толькі адмаўляе, але і злучае ў сабе асаблівасці папярэдніх ступеней развіцця. Гл. таксама Адмаўленне адмаўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУТАНХАМО́Н (літар. — жывы вобраз Амона; троннае імя Небхепрура),
егіпецкі фараон эпохі Новага царства (XVIII дынастыя), правіў каля 1400 — каля 1392 да н.э. Зяць Аменхатэпа IV (Эхнатона) і, магчыма, яго сын ці малодшы брат. Уступіў на прастол у 12-гадовым узросце пад імем Тутанхатон, памёр, не дажыўшы да 20 год. Фактычна ўлада знаходзілася ў руках візіра Эе і інш. вяльмож. Пры Т. адменены рэліг. рэформы Эхнатона, адноўлены культ бога Амона, сам Т. адмовіўся ад імя Тутанхатон і вярнуў рэзідэнцыю фараона з Эхетатона ў г. Фівы. У 1922 выяўлена грабніца Т. — адзінае амаль не разрабаванае пахаванне фараона, дзе захаваліся цудоўныя помнікі мастацтва.
Літ.:
Картер Г. Гробница Тутанхамона: Пер. с англ.М., 1959;
Кацнельсон И.С. Тутанхамон и сокровища его гробницы. 2 изд. М., 1979;
Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр.М., 1992.
Тутанхамон у свяшчэннай лодцы. Статуэтка з грабніцы Тутанхамона ў Фівах. XVIII дынастыя. 1-я пал. 14 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕДАРЭ́НКА Святаслаў Мікалаевіч (н. 31.10.1946, г. Магілёў),
бел. жывапісец. Сын М.М.Федарэнкі. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1973). З 1972 выкладае ў Рэсп. каледжы мастацтваў. Працуе пераважна ў жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта і пейзажа. Творы вылучаюцца вобразнай выразнасцю, публіцыстычнай завостранасцю, дынамізмам і псіхалагізмам у абмалёўцы персанажаў, часам мантажнасцю кампазіцыйнай пабудовы. У гіст. эпізодах імкнецца знайсці адбітак сучасных з’яў і даць ім сэнсава-эмацыянальную ацэнку. Сярод твораў: карціны «У коле рэвалюцый» (1989), «Контррэфармацыя і Ф.Скарына», «20 стагоддзе. Салдаты міру» (абедзве 1990), «Боль паэта» («М.Багдановіч», 1991), «Хрэсны шлях народа» (1993), «Хроніка подзвігу» (1995), «На прыступках гісторыі» (1997), «За нашу і вашу свабоду. А.Міцкевіч і Дж.Гарыбальдзі» (2001); партрэты «Чаканне» (1975), мастака-медальера В.Слабадзянюк (1979), К.Метэ, «Ганначка» (абодва 1981), Я.Коласа, А.Пысіна (абодва 1982), Я.Семяжона (1987), С.Кашталапавай (1991), Т.Палягошка (1997), мастака Я.С.Барскага, актрысы Т.Г.Мужэнка (абодва 1999), В.Разанава (2001) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́ПЕШ (Tepeş ад рум. ţеара кол),
сапр. Дракул Улад (1431—76), гаспадар Валахіі [1456—62, 1476], Сын гаспадара Валахіі Улада Дракула [1436—46]. З надзвычайнай жорсткасцю змагаўся за цэнтралізацыю дзярж. улады і супраць уплывовых баяр. Мянушку «Ц.» («саджальнік на кол») атрымаў за свой садысцкі звычай караць людзей смерцю праз пасаджэнне на кол (паводле паданняў, часам караў па 10 і 30 тыс.чал. за адзін раз). Пабудаваў у Бухарэсце цытадэль (1459). У 1461 адмовіўся плаціць даніну тур. султану і выканаць яго загад аб прыездзе ў Стамбул, захапіў тур. крэпасці на правым беразе р. Дунай і жорстка расправіўся з мясц.балг. насельніцтвам; у 1462 адбіў уварванне тур. войск у Валахію. Здрада баяр прымусіла Ц. ўцячы ў Венгрыю, дзе да 1474 быў зняволены. У 1476 зноў гаспадар Валахіі. Забіты баярамі (паводле інш. версіі, загінуў у баі з туркамі). Паданне аб тым, што Ц. піў кроў сваіх ворагаў, дало падставу англ. пісьменніку Б.Стокеру зрабіць яго прататыпам вампіра Дракулы ў рамане «Дракула» (1897).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВАРН (?—1270?),
князь галіцкі, вял. князь ВКЛ з 1267. Сын галіцка-валынскага кн.Данілы Раманавіча. Каля 1253 ажаніўся з дачкою вял.кн.ВКЛМіндоўга. У 1256 з бацькам, братамі Львом і Раманам і ваўкавыскім кн. Глебам удзельнічаў у паходзе на яцвягаў. У наступныя гады ўдзельнічаў у вызваленні некат. гарадоў з-пад мангола-татарскай улады. У 1262 дапамагаў Міндоўгу ў нападзе на мазавецкага кн. Семавіта I (забіў яго ў Яздаве пад Варшавай). Пасля смерці бацькі (1264) валодаў Усх. Галіччынай з г. Галіч, Забужжам з гарадамі Бэлз, Чэрвен, Холм, Мельнік, Дарагічын. У 1264 дапамог Войшалку заняць трон у ВКЛ, адпомсціць Траняту за забойства Міндоўга, заваяваць Нальшчаны і Дзяволтву. Быў прыхільнікам аб’яднання сіл ВКЛ і Галіцка-Валынскага княства для барацьбы супраць яцвягаў і Польшчы. Неаднаразова нападаў на Польшчу. У 1267 атрымаў ад Войшалка велікакняжацкую ўладу ў ВКЛ. Забіты братам Львом, які зайздросціў, што Войшалк перадаў уладу менавіта Ш. Пасля яго гібелі вял. князем ВКЛ стаў Трайдзень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮЛІЯ́Н АДСТУ́ПНІК, Флавій Клаўдзій (Flavius Claudius Julianus Apostata; 332, г. Канстанцінопаль, цяпер Стамбул — 26.6.363),
рымскі імператар [361—363]. Сын Юлія Канстанцыя, пляменнік Канстанціна Вялікага. Атрымаў хрысціянскае выхаванне, але з юнацтва займаўся язычніцкай л-рай і філасофіяй. У 335 імператар Канстанцый II зрабіў Ю.А. цэзарам і намеснікам Галіі. У 357 ён паспяхова ваяваў супраць франкаў і алеманаў. У 360 паўстаўшыя гальскія легіёны абвясцілі Ю.А. імператарам-аўгустам. Пасля смерці Канстанцыя (361) Ю.А. стаў адзінаўладным правіцелем Рым. імперыі. Ён рэфармаваў фін. і падатковую сістэмы, удасканаліў армію і пошту, пашырыў правы муніцыпальных курый, адмовіўся ад вял. выдаткаў на ўтрыманне двара. Абвясціў сябе прыхільнікам дахрысц. вераванняў. Выдаў 2 эдыкты супраць хрысціян, дазволіў адчыніць храмы і аднаўляць культы багоў. Хрысціян не праследаваў, а дазволіў свабоду веравызнання. Аўтар шэрагу твораў, скіраваных супраць хрысц. царквы. Яго дзейнасць асуджала хрысціянскае духавенства (адсюль яго мянушка «Адступнік»). Ю.А. загінуў у час паходу супраць персаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЛЕ́НСКАЯ (Дмахоўская) Эма
(29.2.1864, в. Камаровічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. —24.1.1919),
бел. фалькларыстка і этнограф, польская пісьменніца. Пад уплывам Я.Карловіча зацікавілася побытам і духоўнай культурай бел. народа. Запісала 11 сшыткаў нар. песень, склала 2 рукапісныя зборнікі — казак, сабраных у Мазырскім і Навагрудскім пав. (62 творы, выд. 1976 пад назвай «Беларускі казачны эпас»), і «Песні, прыслоўі і загадкі з Камаровіч». У этнагр. працы «Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце» (1891) апісала жыццёвы ўклад, прац. дзейнасць і эстэт. погляды палескіх сялян. У час. «La Tradition» («Традыцыя») у 1894—95 надрукавана яе даследаванне «Палескі фальклор» і 8 бел.нар. песень у перакладзе на франц. мову. Як пісьменніца працягвала традыцыі Б.Пруса і Э.Ажэшкі: раманы і аповесці «Двор у Галінішках», «Ад кахання», «Паненка», «Маці», зб. навел «Буслы», п’есы «Сын», «Крыўда», «Хвіля». Вяла асветніцкую дзейнасць на Віленшчыне, адкрывала перасовачныя бібліятэкі, школы.
Літ.:
Васілевіч У.А. «Паненка» з вёскі Камаровічы // Работніца і сялянка. 1982. №2;