ТАН,
дынастыя імператараў Кітая ў 618—907. Засн. Лі Юанем, які пасля забойства ў 618 апошняга імператара з дынастыі Суй абвясціў сябе імператарам Гао-цзу (619—626]. Яго сын Лі Шымінь [Тайцзун; 626—649] да 628 канчаткова аб’яднаў Кітай, падавіўшы сял. паўстанні і мяцяжы сепаратыстаў. Пры першых імператарах Т. канчаткова склалася сістэма дзярж. экзаменаў (праіснавала да пач. 20 ст.), набыло развіццё сялянскае надзельнае землекарыстанне, паводле якога кожная сям’я атрымала вызначаны зямельны надзел. Да сярэдзіны 8 ст. танскія імператары ажыццяўлялі актыўную экспансіянісцкую палітыку; кіт. кантроль усталяваны на працягу ўсяго Вял. шаўковага шляху да Ферганскай даліны. Перыяд Т. адзначаны росквітам кіт. культуры, асабліва паэзіі (Ду Фу, Лі Бо). Але хуткі рост насельніцтва прывёў да недахопу ворнай зямлі, росту жабрацтва і вострага ўнутр. крызісу. У 751 танскія войскі разбіты арабамі пры Таласе. Моцна знясіліў дзяржаву мяцеж Ань Лушаня (755—763). Канчатковы ўдар імперыі Т. нанесла Хуан Чао паўстанне 874—901. У 907 апошні танскі імператар Лі Чжу скінуты военачальнікам Чжу Вэнем.
т. 15, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)