ШВАРН (?—1270?),
князь галіцкі, вял. князь ВКЛ з 1267. Сын галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча. Каля 1253 ажаніўся з дачкою вял. кн. ВКЛ Міндоўга. У 1256 з бацькам, братамі Львом і Раманам і ваўкавыскім кн. Глебам удзельнічаў у паходзе на яцвягаў. У наступныя гады ўдзельнічаў у вызваленні некат. гарадоў з-пад мангола-татарскай улады. У 1262 дапамагаў Міндоўгу ў нападзе на мазавецкага кн. Семавіта I (забіў яго ў Яздаве пад Варшавай). Пасля смерці бацькі (1264) валодаў Усх. Галіччынай з г. Галіч, Забужжам з гарадамі Бэлз, Чэрвен, Холм, Мельнік, Дарагічын. У 1264 дапамог Войшалку заняць трон у ВКЛ, адпомсціць Траняту за забойства Міндоўга, заваяваць Нальшчаны і Дзяволтву. Быў прыхільнікам аб’яднання сіл ВКЛ і Галіцка-Валынскага княства для барацьбы супраць яцвягаў і Польшчы. Неаднаразова нападаў на Польшчу. У 1267 атрымаў ад Войшалка велікакняжацкую ўладу ў ВКЛ. Забіты братам Львом, які зайздросціў, што Войшалк перадаў уладу менавіта Ш. Пасля яго гібелі вял. князем ВКЛ стаў Трайдзень.
т. 17, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)