СУШКО́ Пятро (Пётр Паўлавіч; 1.1.1937, в. Сушкі Міёрскага р-на Віцебскай вобл. — 20.11.1996),
бел. паэт. Сын П.М.Сушко. Скончыў БДУ (1966). Працаваў у міёрскай райгазеце, газ. «Віцебскі рабочы», «Звязда», «Літаратура і мастацтва», час. «Вожык», з 1989 у выд-ве «Полымя». Друкаваўся з 1954. Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных вершаў, баек, мініяцюр, вершаваных фельетонаў, пародый і эпіграм: «Ганарлівы сучок» (1975, пад псеўд. Цімох Дзераза), «Восці напагатоў» (1978), «Парнаская кузня» (1981); кн. лірыкі «Пратока» (1976). Для дзяцей зб-кі «Вясёлы Бай» (1980), «Чмялёва гушкалка» (1986), «Ехаў кот у лес па дровы» (1990). Яго творам уласцівы дасціпнасць, афарыстычнасць, мяккі гумар. Напісаў жартоўныя варыяцыі на фалькл. тэмы «Касіў Ясь канюшыну» (1976), першы ў бел. л-ры вянок парадыйных санетаў «Паэтычнае веча» (1983 пад псеўд. Цімох Дзераза) і вянок гумарыст. актаў «Роздум ля Парнаса» (1983, пад псеўд. Кірша Рымар).
Тв.:
Бігосаўскі паром. Мн., 1994;
Жораў з выраю вярнуўся. Мн., 1994.
І.У.Саламевіч.
т. 15, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)