ФЕДАРЭ́НКА Святаслаў Мікалаевіч (н. 31.10.1946, г. Магілёў),
бел. жывапісец. Сын М.М.Федарэнкі. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1973). З 1972 выкладае ў Рэсп. каледжы мастацтваў. Працуе пераважна ў жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта і пейзажа. Творы вылучаюцца вобразнай выразнасцю, публіцыстычнай завостранасцю, дынамізмам і псіхалагізмам у абмалёўцы персанажаў, часам мантажнасцю кампазіцыйнай пабудовы. У гіст. эпізодах імкнецца знайсці адбітак сучасных з’яў і даць ім сэнсава-эмацыянальную ацэнку. Сярод твораў: карціны «У коле рэвалюцый» (1989), «Контррэфармацыя і Ф.Скарына», «20 стагоддзе. Салдаты міру» (абедзве 1990), «Боль паэта» («М.Багдановіч», 1991), «Хрэсны шлях народа» (1993), «Хроніка подзвігу» (1995), «На прыступках гісторыі» (1997), «За нашу і вашу свабоду. А.Міцкевіч і Дж.Гарыбальдзі» (2001); партрэты «Чаканне» (1975), мастака-медальера В.Слабадзянюк (1979), К.Метэ, «Ганначка» (абодва 1981), Я.Коласа, А.Пысіна (абодва 1982), Я.Семяжона (1987), С.Кашталапавай (1991), Т.Палягошка (1997), мастака Я.С.Барскага, актрысы Т.Г.Мужэнка (абодва 1999), В.Разанава (2001) і інш.