ЦЭ́ПЕШ (Tepeş ад рум. ţеара кол),
сапр. Дракул Улад (1431—76), гаспадар Валахіі [1456—62, 1476], Сын гаспадара Валахіі Улада Дракула [1436—46]. З надзвычайнай жорсткасцю змагаўся за цэнтралізацыю дзярж. улады і супраць уплывовых баяр. Мянушку «Ц.» («саджальнік на кол») атрымаў за свой садысцкі звычай караць людзей смерцю праз пасаджэнне на кол (паводле паданняў, часам караў па 10 і 30 тыс. чал. за адзін раз). Пабудаваў у Бухарэсце цытадэль (1459). У 1461 адмовіўся плаціць даніну тур. султану і выканаць яго загад аб прыездзе ў Стамбул, захапіў тур. крэпасці на правым беразе р. Дунай і жорстка расправіўся з мясц. балг. насельніцтвам; у 1462 адбіў уварванне тур. войск у Валахію. Здрада баяр прымусіла Ц. ўцячы ў Венгрыю, дзе да 1474 быў зняволены. У 1476 зноў гаспадар Валахіі. Забіты баярамі (паводле інш. версіі, загінуў у баі з туркамі). Паданне аб тым, што Ц. піў кроў сваіх ворагаў, дало падставу англ. пісьменніку Б.Стокеру зрабіць яго прататыпам вампіра Дракулы ў рамане «Дракула» (1897).
В.В.Грынявецкі.
т. 17, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)