ПАРАНО́ЙЯ, разумовае расстройства,

хранічны псіхоз з пастаянным сістэматызаваным трызненнем пры адсутнасці наяўных прыкмет зніжэння інтэлекту і выяўленых змен асобы. Тэрмін «П.» выкарыстоўваюць таксама для вызначэння сцёртых форм псіхозаў у стане трызнення (абартыўная, мяккая П.), вар’яцкіх станаў, якія адрозніваюцца паводле цячэння (вострая, перыяд., хранічная П.) ці па тэме, напр., рэліг., іпахандрычная П., П. кахання, рэўнасці, вынаходніцтва, праследавання і інш. Параноікі могуць учыняць проціпраўныя дзеянні.

т. 12, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРУЧЫ́ЦЕЛЬСТВА,

адказнасць, якая бярэцца кім-небудзь на сябе ў забеспячэнне абавязацельстваў другой асобы. У цывільным праве Рэспублікі Беларусь П. — дагавор, паводле якога паручыцель абавязваецца перад крэдыторам адказваць за выкананне абавязацельства пэўнай асобай поўнасцю або ў частцы. Правы і абавязкі паручыцеля, парадак спынення П. вызначаецца заканадаўствам. У крымін. праве — асабістае П. — адна з мер стрымання, што прымаецца ў адносінах да падазронага ці абвінавачанага.

т. 12, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРФІРЫ́Т (porphyrite),

палеатыпныя эфузіўныя сярэднія і асноўныя горныя пароды, у структуры якіх буйныя ўкрапанікі плагіяклазу, рагавой падманкі або піраксену ў тонказярністай масе, якая складзена з тых жа мінералаў і змененага шкла (парфіравая структура). Паводле складу аналагічнай кайнатыпнай пароды адрозніваюць П. базальтавы, андэзітавы і інш. П. наз. таксама гіпабісальныя, жыльныя сярэднія і асноўныя горныя пароды (габрапарфірыт, дыярытавы П. і інш.) з парфіравай структурай.

т. 12, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНАМО́ЦТВА,

права адной асобы (прадстаўніка) ажыццяўляць здзелкі ад імя другой (прадстаўленага), тым самым ствараць, змяняць або спыняць правы і абавязкі прадстаўленага. Паводле цывільнага права Рэспублікі Беларусь можа быць заснавана на даверанасці, заканадаўстве або акце ўпаўнаважанага на тое дзярж. органа ці органа мясц. кіравання і самакіравання, а таксама вынікаць з абставін, у якіх дзейнічае прадстаўнік (напр., прадавец у краме, касір і да т.п.).

т. 12, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЦЯРБУ́РГСКА-ВАРША́ЎСКАЯ ЧЫГУ́НКА.

Пабудавана паводле царскага ўказа ад 15.2.1851 за кошт казны. Праектная працягласць 1280 км. Праходзіла праз Гатчыну, Лугу, Пскоў, Востраў, Дзвінск, Вільню, Гродна, Беласток. Уводзілася ў эксплуатацыю ўчасткамі. На 1-м участку Пецярбург—Гатчына (45 км) адкрыты рух восенню 1853. У пастаянную эксплуатацыю ўведзена 15.12.1862. На тэр. Беларусі ўключала ўчастак Парэчча—Гродна—Ласосна (каля 30 км).

Б.​І.​Жывіца.

т. 12, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЁПЕЛЬМАН (Pöppelmann) Матэус Даніэль [3(?).5.1662, г. Герфард, Германія — 17.1.1736], нямецкі архітэктар, прадстаўнік позняга барока і ракако. З 1686 працаваў у Дрэздэне: палацавы ансамбль Цвінгер (1711—22), у прадмесці горада стварыў «Вадзяны палац» у парку Пільніц (1720), перабудаваў паляўнічы замак Морыцбург (1722—30). Пасля смерці П. паводле яго праекта пабудаваны Гродзенскі Новы замак (1734—51).

Д.Пёпельман. Палацавы комплекс Цвінгер у Дрэздэне (Германія).

т. 12, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі народжаны багіняй падземнага царства Геяй пачварны дракон, які ахоўваў каля г. Дэльфы аракул Геі. Апалон забіў П. стралой (адсюль Апалон Піфійскі) і заснаваў на тым месцы свой аракул (Піфійскі, або Дэльфійскі аракул), дзе ад яго імя прадказвала Піфія. З нагоды перамогі над П. Апалон, паводле міфа, заснаваў Піфійскія гульні. Ад імя П. паходзіць другая назва г. Дэльфы — Піфо.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕЯ́ДЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі 7 сясцёр, дачок Атланта і акіяніды Плеёны (дачкі Акіяна): Алкіёна, Меропа, Келена, Электра, Стэропа, Тайгета, Мая. Усе былі ў шлюбе з багамі, акрамя Меропы — жонкі Сізіфа. Паводле пашыранага міфа, П., каб выратавацца ад праследаванняў закаханага ў іх паляўнічага Арыёна, папрасілі дапамогі ў багоў. Багі ператварылі П. і Арыёна ў аднайм. сузор’і. Пераноснае значэнне слова «плеяда» — група выдатных людзей.

т. 12, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВАЙ РУКІ́ ПРА́ВІЛА,

мнеманічнае правіла для вызначэння напрамку індукцыйнага току ў правадніку, які рухаецца ў магн. полі. Вынікае з Ленца правіла.

Паводле П.р.п. правую руку трэба размясціць так, каб сілавыя лініі магн. поля ўваходзілі ў далонь, а адагнуты вялікі палец быў накіраваны ўздоўж вектара скорасці руху правадніка, тады выцягнутыя пальцы будуць супадаць з напрамкам індукцыйнага току ў правадніку. Гл. таксама Электрамагнітная індукцыя.

т. 12, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГРАМАВА́НАЕ НАВУЧА́ННЕ,

від навучання, які ажыццяўляецца паводле абучальнай праграмы. Пры П.н. вучэбны матэрыял і дзеянні навучэнца падзяляюцца адпаведна на асобныя порцыі (дозы) і крокі (этапы навучання), выкананне кожнага з якіх кантралюецца. Пераход да наступнага этапу залежыць ад якасці засваення папярэдняга. Сродкамі рэалізацыі П.н. служаць праграмаваныя падручнікі (акрамя вучэбнага матэрыялу маюць указанні і рэкамендацыі па навучанні і праверцы ступені засваення матэрыялу) і абучальныя машыны.

т. 12, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)