СМАКТУНО́ЎСКІ Інакенцій Міхайлавіч (28.3.1925, с. Таццянаўка Шагарскага р-на Томскай вобл., Расія — 3.8.1994),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1974). Герой Сац. Праны (1990). Вучыўся ў студыі Краснаярскага т-ра (1945—46). Працаваў у т-рах Нарыльска, Махачкалы, Валгаграда, Масквы (1946—57), у Ленінградскім Вял. драм. т-ры імя М.​Горкага (1957—60), з 1971 у Малым т-ры (Масква), з 1976 у Маскоўскім маст. акад. т-ры (МХАТ; з 1989 МХАТ імя А.​Чэхава). Для творчай манеры характэрны вытанчаны інтэлектуалізм, арыгінальнасць і глыбіня трактоўкі сцэн. твораў, складанасць псіхал. малюнка роляў, сярод якіх найб. значныя: князь Мышкін («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Цар Фёдар («Цар Фёдар Іаанавіч» А.​Талстога). Іванаў, Дорн («Іванаў», «Чайка» А.​Чэхава), Іудушка Галаўлёў («Паны Галаўлёвы» паводле М.​Салтыкова-Шчадрына), І.​Бах («Магчымая сустрэча» П.​Барца) і інш. Здымаўся ў кіно: «9 дзён аднаго года», «Гамлет», «Сцеражыся аўтамабіля», «Злачынства і пакаранне», «Маленькія трагедыі», «Дамскі шавец» і інш. Ленінская прэмія 1965. Дзярж. прэмія Расіі 1971.

Літ.:

Горфункель Е.И. Смоктуновский. М., 1990.

І.М.Смактуноўскі.

т. 15, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)