ТО́КАРАЎ Генадзь Барысавіч (н. 9.12.1931, г. Смаленск, Расія),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў тэатр. студыю ў Смаленску (1955). З 1956 працуе ў Брэсцкім т-ры драмы і музыкі. Выканаўца драм., характарных роляў. Стварыў пераканаўчыя сцэн. вобразы сучаснікаў: Андрэй, Алег («У добры час!», «У пошуках радасці» В.Розава), Сеўка («Шануй бацьку свайго» В.Лаўрэнцьева), Цімур Зямны («Лейтэнанты» А.Пінчука) і інш. Адметнай характарнасцю, мяккім гумарам, пластычнай выразнасцю і сатыр. завостранасцю пазначаны яго пазнейшыя работы: Кукушкін, Рагулін («Брэсцкая крэпасць», «Людзі і камяні» К.Губарэвіча), Нічыпар («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Скаромны («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Ермалай («Характары» паводле В.Шукшына), Вурм («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Мендоза («Дзень цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана) і інш. Сярод інш. роляў: Дук («...Выратаваць хачу зямную прыгажосць...» паводле твораў А.Пушкіна), Бальшынцаў («Месяц у вёсцы» І.Тургенева), Антоніо («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ), Гжэгаж («Дамы і гусары» А.Фрэдры), Хмелік («Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка).
Р.М.Бакіевіч.
т. 15, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)