СО́ЛТАН Уладзімір Яўгенавіч (9.1.1953, г. Баранавічы Брэсцкай вобл. — 1.6.1997),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1979, кл. А.Багатырова). З 1983 выкладчык Бел. акадэміі музыкі. Творчасць адметная жанравай разнастайнасцю, інтанацыйнай выразнасцю, эмацыянальнай напружанасцю, нац. акрэсленасцю. Асн. дасягненні ў жанры оперы і віяланчэльнай музыкі. Сярод твораў: оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» (паводле аповесці У.Караткевіча, паст. 1989), «Пані Ядвіга» (паводле аповесці К.Тарасава «Чорны шлях», 1990), «Мілавіца» (паст. 1994); 2 сімфоніі (1981, 1983), 2 канцэрты для віяланчэлі з арк. (1987, 1997); для камернага арк.: сюіта «Думкі і настроі» (1978), канцэрт (1983), лірычная кантата «Мая Беларусь» на тэксты нар. і бел. паэтаў (1981); камерна-інстр. творы, у т. л.стр. квартэт, фп. трыо, саната для фп., элегія для віяланчэлі; вак. цыклы на вершы М.Багдановіча, А.Таркоўскага, хары на вершы Я.Купалы, Ф.Цютчава; песні, музыка да кінафільмаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
Літ.:
Галушко М. Национальный сюжет — современное прочтение // Сов. музыка. 1990. № 4.