аб’яднанне мелодыка-гарманічных сродкаў, якія належаць ладам процілеглага нахілення, у межах адной сістэмы; адзін з прыёмаў расшырэння класічнай гарманічнай танальнасці. Асн. разнавіднасці: аднайменныя М.-м. (мажорны лад, узбагачаны мелодыка-гарманічнымі абаротамі аднайм. мінору) і мінора-мажор (мінор, узбагачаны элементамі аднайм. мажору); паралельныя М.-м. і мінора-мажор, пабудаваныя на ўзаемаабмене характэрных акордаў гарманічных форм паралельных ладатанальнасцей. Фарміраванне М.-м. — вынік працяглага ўзаемадзеяння мажору і мінору ад іх гарманічных і меладычных форм да ўтварэння поўнай мажорамінорнай сістэмы, якая спалучае сродкі аднайменнай і паралельнай. Выкарыстанне спецыфічных акордаў М.-м. (нізкіх і высокіх III і VI ступеняў у аднайменным, III мажорнай і VI мінорнай у паралельным), гарманічных абаротаў і танальных планаў на іх аснове абумовілі ўзбагачэнне маляўнічых магчымасцей гармоніі. Росквіт гарманічнага М.-м. звязваюць з класіка-рамантычным мастацтвам 18—19 ст. Больш познія па часе фарміравання (канец 19 — пач. 20 ст.) аднатэрцавыя М.-м. і мінора-мажор — сістэмы аб’яднання ладоў супрацьлеглага нахілення, якія будуюцца на ўзаемапранікненні сродкаў мажору і мінору, што знаходзяцца ва ўскладненых, храматызаваных суадносінах і маюць агульную тэрцыю (до мажор — до-дыез мінор, ля мінор — ля-бемоль мажор). Пры гэтым ладавую пераафарбоўку зазнае агульны для ўзаемадзейных тонік тэрцавы тон. Сродкі аб’яднаных мажора-мінорных сістэм накіраваны на выяўленне іх маляўніча-выразных і дынамічных магчымасцей: больш дыятанічныя аднайм. і паралельныя сістэмы атрымліваюць пераважна маляўнічую трактоўку, у сродках аднатэрцавай сістэмы падкрэсліваецца павышаная напружанасць, экспрэсіўнасць.
Літ.:
Способин И.В. Лекции по курсу гармонии. М., 1969;
Григорьев С.С. Теоретический курс гармонии. М., 1981;
Тифтикиди Н.Ф. Теория однотерцовой и тональной хроматической систем // Вопросы теории музыки: Сб. ст. М., 1970. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎНІК (Dubrovnik),
горад у Харватыі. Каля 50 тыс.ж. (1994). Порт на беразе Адрыятычнага м. Чыгункай і аўтадарогамі звязаны з Босніяй і Герцагавінай. Харч.прам-сць. Стараж.культ. цэнтр (Дуброўніцкі архіў, з 1628 сталы тэатр); з 1956 штогадовыя летнія тэатр. фестывалі. Прыморскі кліматычны курорт і цэнтр турызму. Кліматычныя ўмовы спрыяльныя для лячэння хвароб органаў дыхання (у т. л. бранхіяльнай астмы), сардэчна-сасудзістых, алергічных хвароб скуры і інш. Старая частка Д. — цэласны гарадскі комплекс 14—18 ст. з палацамі і манастырамі эпохі Адраджэння, у т. л. палацы Княжацкі двор (2-я пал. 15 ст.) і Дывона — б. мытня і манетны двор (1516—21), манастыры — францысканскі (1-я пал. 14 ст.) і дамініканскі (14—15 ст.), цэрквы ў стылі барока (17 і 18 ст.) і інш. Пашкоджаны землетрасеннем 1979. Моцна разбураны ў час сербска-харвацкай вайны 1991—92. Стары горад Д. уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны.
Засн. ў 7 ст. славянамі. З 9 ст. да 1205 пад уладай Візантыі. У 1205—1808 самаст. камуна-рэспубліка (Дуброўніцкая рэспубліка, уключала горад, ч. ўзбярэжжа на ПнЗ ад яго, п-аў Пелешац, а-вы Шыпан, Ластава, Млет і інш.); васал (плаціла даніну) Венецыі (1205—1358), Венгрыі (да 1526), Турцыі (1526—1806). Культ.росквіт («паўд.-слав. Афіны») прыпадае на 14—17 ст., эканам. (мараходства, марскі і сухап. гандаль, мясц. рамёствы) — на 16—17 ст. Пасля землетрасення 1667 паступова заняпаў. У 1806—14 акупіраваны франц. войскамі, у 1815—1918 пад уладай Аўстрыі. З 1919 у Каралеўстве сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія): У 2-ю сусв. вайну акупіраваны войскамі фаш. Італіі (крас. 1941 — канец 1944). Пасля распаду саюзнай Югаславіі застаўся ў складзе Харватыі.
Літ.:
Rapacka J. Rreczpospolita Dubrownicka. Warszawa, 1977;
Фрейденберг М.М. Дубровник и Османская империя. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАКО́СМАС І МІКРАКО́СМАС,
адна з найб. старажытных філас. канцэпцый пра існаванне прыроднай сувязі паміж космасам, навакольным асяроддзем і чалавекам. У аснове М. і м. як вучэння ляжыць палажэнне аб паралельным існаванні і зменах у Сусвеце і чалавеку. Першай вядомай формай выражэння гэтай канцэпцыі з’яўляецца міфалагема аб прачалавеку, якая знайшла адлюстраванне ў літ. і рэліг. творах стараж. Індыі, Егіпта, Кітая, Грэцыі і інш.Напр., паводле адной з стараж.грэч. міфалагем, стварэнне свету пачалося з пэўнага хаатычнага стану, у якім з’явілася багіня Гея і нарадзіла Урана (неба), Понта (мора), горы; потым з’явіліся інш. багі і людзі. Адносіны паміж багамі капіравалі адносіны ў грамадстве людзей; калі ж багі пераносіліся на неба, то забіралі з сабою і зямныя ўяўленні аб свеце. Адсутнасць яснага размежавання паміж М. і м. мае адным з сваіх важных наступстваў і частыя шматлікія пераходы аднаго пачатку ў другі, і іх пэўную палярызацыю: вялікі свет — космас — або паглынае ў сабе малы свет — чалавека, або чалавек становіцца рухаючай сілай, душой космасу. Філас. тлумачэнне М. і м. дасягнула высокага ўзроўню ў ант. цывілізацыях (Анаксімен, Геракліт, Дэмакрыт, Платон, Сенека). Напр., Геракліт лічыў, што пазнанне свету і божаства ёсць самапазнанне чалавека. У наступныя гіст. перыяды асэнсаванне М. і м. адбывалася ў розных кірунках — ад класічнага да містычнага. Свой росквіт ідэя М. і м. перажывала ў эпоху Адраджэння (Т.Кампанела і Дж.Бруна, Мікалай Кузанскі, Я.Бёме і інш.). У перыяд панавання механіцызму ідэя М. і м. ўступіла ў канфлікт з рацыяналістычнымі ідэямі пабудовы Сусвету і апынулася па-за межамі навукі. З канца 18 і да пач. 20 ст. назіралася ажыўленне цікавасці да ідэі М. і м., якая знайшла свой адбітак у ням. неагуманізме (І.Гердэр, І.В.Гётэ), рамантызме, філас. поглядах А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ, а таксама ў тэасофскіх канцэпцыях свету і чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РЖА (ням. Börse ад грэч. byrsa кашалёк),
форма рэгулярна дзеючага аптовага рынку заменных тавараў, каштоўных папер і замежнай валюты. Адпаведна бываюць таварныя біржы, фондавыя біржы і валютныя біржы. Сама біржа не выступае ў якасці аднаго з бакоў у гандл. аперацыях, а толькі забяспечвае найб. спрыяльныя ўмовы для гэтых аперацый: устанаўлівае для ўсіх удзельнікаў агульныя прынцыпы заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння кантрактаў і прадастаўляе месца для іх заключэння ў пэўны час. Членамі біржы могуць быць толькі пэўныя асобы, у т. л. давераныя прадстаўнікі кампаній. Кіруе біржай савет дырэктараў, якому падначалены розныя камітэты (фін., арбітражны і інш.). Пасрэднікам паміж пакупнікамі і прадаўцамі выступаюць брокеры — пэўныя асобы ці фірмы (брокерскія канторы). Біржавыя органы ажыццяўляюць біржавую каціроўку — рэгіструюць курс валют і каштоўных папер, цэнаў на тавары, што стыхійна склаліся на біржы. Кожная біржа вядзе ўлік і сістэматызацыю такіх каціровак і публікуе іх у спец. бюлетэнях. Біржавая каціроўка — адзін з паказчыкаў біржавай кан’юнктуры, індыкатар дзелавой актыўнасці ў розных сектарах эканомікі.
Зачаткі таварнай і вэксальнай (валютнай) біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у гарадах Італіі (Венецыя, Генуя, Фларэнцыя). Важнымі этапамі ў развіцці біржавага гандлю стала заснаванне Антверпенскай (1531) і Амстэрдамскай (1608) біржаў. У Расіі першая біржа засн. ў 1705 у Санкт-Пецярбургу. Росквіт біржавай дзейнасці прыпадае на 2-ю пал. 19 ст. і звязаны з развіццём капіталіст. вытв-сці, транспарту, сувязі, гандлю і акц. т-ваў. На сучасным этапе пераважная частка біржавага абароту сканцэнтравана ў вядучых гандл. і фін. цэнтрах ЗША, Вялікабрытаніі і Японіі (больш за 90% аб’ёму біржавых здзелак з таварамі ў вартасным выражэнні, з іх больш за 80% прыпадае на ЗША, дзе знаходзіцца гіганцкая фондавая біржа ў Нью-Йорку).
На Беларусі ў пач. 20 ст. існавалі 2 біржы, якія спынілі дзейнасць у 1-ю сусв. вайну. У 1920-я г. біржавы гандаль аднавіўся, але ў 1927 ліквідаваны. Аднаўленне біржы як адной з найважнейшых структур рыначнай эканомікі пачалося ў 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГА́Н (ад грэч. organon прылада, інструмент),
клавішна-духавы муз. інструмент.
Складаецца з мноства трубаў (металічных і драўляных, лабіяльных і язычковых, адкрытых і закрытых) розных памераў і формаў, кожная з якіх дае гук пэўнай вышыні і тэмбру, паветранагнятальнага механізма (мяхі, паветраправоды), апарата кіравання — кафедры, дзе размешчаны клавіятуры для рук (2—7 мануалаў) і ног (1—2 педалі), дапаможныя прыстасаванні (кнопкі, рычагі, рэгістравыя ручкі); сістэма перадачы (трактура) — электрамеханічная (пры ёй кафедра можа перамяшчацца на эстрадзе). Групы трубаў аднаго тэмбру, але рознай вышыні гучання ўтвараюць рэгістры. З-за вял. памераў, шырокага гукавога дыяпазону, багацця тэмбраў і іх спалучэнняў арган наз. «каралём інструментаў».
Вадзяны арган (гідраўлас) вядомы з 3 ст. да н. э. З 4 ст. ў Візантыі выкарыстоўваўся як свецкі інструмент, з 8 ст. паявіўся ў Зах. Еўропе, дзе ўведзены ў каталіцкія храмы. Росквіт арганнага мастацтва (16—18 ст.) звязаны з развіццём арганабудаўніцтва (сярод вядомых майстроў А.Шнітгер, сем’і Каспарыні, Зільберманаў), узнікненнем арганных школ у Італіі, Францыі, Іспаніі, Нідэрландах, Германіі, дзейнасцю кампазітараў і выканаўцаў (А. і Дж.Габрыелі, Дж.Фрэскабальдзі, Ф.Куперэн, І.Пахельбель, І.С.Бах). У 19—20 ст. для аргана пісалі Ф.Ліст, М.Рэгер, П.Хіндэміт, А.Месіян, у Расіі С.Танееў, Ф. і А.Гедыке, Р.Шчадрын і інш. На Беларусі паяўленне аргана, дакументальна засведчанае ў пач. 16 ст., абумоўлена распаўсюджаннем каталіцкага веравызнання, буд-вам касцёлаў, правядзеннем службаў. Захаваліся арганы, багата дэкарыраваныя ў барочным і класіцыстычным стылях у касцёлах езуітаў і францысканцаў у Гродне, у в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на. Мясц. музыканты атрымлівалі адукацыю ў Варшаве, Вільні, Мінску (у 1871—97 існавала Мінскае вучылішча арганістаў). У 2-й пал. 20 ст. арган і выканальніцтва на ім сталі прыкметнай з’явай свецкай муз. культуры рэспублікі. Арган ўстаноўлены ў Бел. філармоніі (1963), у зале камернай музыкі Бел. філармоніі ў Троіцкім Залатагорскім касцёле (1983), у Полацкім Сафійскім саборы (1985). Сярод бел. арганістаў А.Янчанка, К.Шараў. Музыку для аргана пішуць бел. кампазітары А.Залётнеў, А.Навахрост, Л.Шлег і інш.
І.Дз.Назіма.
Арган у зале Беларускай філармоніі.Арган Праабражэнскага касцёла ў в. Новая Мыш Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл. 1762.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВЕ́ЛА (італьян, novella літар. навіна),
малы эпічны від л-ры, які суадносіцца з апавяданнем, але адрозніваецца ад яго вострым цэнтраімклівым, нярэдка парадаксальным сюжэтам, адсутнасцю апісальнасці і кампазіцыйнай строгасцю. Паэтызуючы выпадак, Н. найб. поўна раскрывае ядро сюжэта — цэнтр. перыпетыю, зводзіць жыццёвы матэрыял у фокус адной падзеі.
Літ. Н. ўзнікла ў эпоху Адраджэння ў Італіі («Дэкамерон» Дж.Бакачыо), потым у Англіі, Францыі і Іспаніі (Дж.Чосер, Маргарыта Наварская, М.Сервантэс). Росквіт Н. прыпадае на эпоху рамантызму (Л.Цік, Г. фон Кляйст, Э.Т.А.Гофман, П.Мерымэ, Э.По). У канцы 19 — пач. 20 ст. да Н. звярталіся Гі дэ Мапасан, О.Генры, Л.Пірандэла, С.Цвэйг, Р.Акутагава і інш. У мадэрнісцкай л-ры ўзоры Н. даў Ф.Кафка. У рус. л-ры прадстаўлена А.Чэхавым, Л.Андрэевым, І.Буніным; прадуктыўна развівалася ў 1920-я г. (І.Бабель, У.Іванаў, А.Грын, М.Зошчанка, В.Каверын і інш.). Замежная навелістыка апошніх дзесяцігоддзяў прадстаўлена імёнамі Х.Л.Борхеса, Х.Картасара, Г.Бёля, Ф.О’Конара, І.Зінгера, Дж.Чывера і інш.
У бел. л-ры пра Н. можна гаварыць хутчэй як пра разнавіднасць апавядання. Цікавыя прыклады навелістычнага асэнсавання рэчаіснасці прыпадаюць на гады агульнага маст. ўздыму — пач. 20 ст., 1920-я г., перыяд Вял.Айч. вайны: «Малады дубок» і «Сяргей Карага» Я.Коласа, «Прысяга над крывавымі разорамі» Цёткі, «Літоўскі хутарок» М.Гарэцкага, «Парфір Кіяцкі» і «Вялікае сэрца» К.Чорнага, «Над Бугам» і «Астап» М.Лынькова, «Двое Жвіроўскіх» М.Зарэцкага, «Кнак» П.Галавача, «Над Кроманню» Я.Нёманскага, «Ілька» В.Каваля, «Прыгранічны манастыр» Р.Мурашкі. Прыкметныя поспехі ў бел. навелістыцы дасягнуты ў 1950—80-я г.: яркія ўзоры Н. стварылі Я.Брыль («Галя»), Я.Скрыгай («Наталя»), В.Выкаў («Адна ноч»), Б.Сачанка («Дзік-бадзяга»), В.Адамчык («Кароль Нябожа») і інш. У апошнія дзесяцігоддзі да жанру Н. звярталіся І.Пташнікаў («Тры пуды жыта»), А.Кудравец («Елачка»), А.Жук («Жонка героя»), В.Гігевіч («Райка»), У.Арлоў («Місія папскага нунцыя»), Г.Марчук («Хаос») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,
сукупнасць філасофскіх вучэнняў старажытнагрэчаскага і старажытнарымскага грамадстваў у 7 ст. да н.э. — 6 ст.н.э. У сваім развіцці прайшла 4 перыяды: узнікненне і фарміраванне (канец 7—6 ст. да н.э.), росквіт (5—4 ст. да н.э.), пачатак заняпаду (3—1 ст. да н.э.), заняпад (1—5 ст.н.э.). Узнікла ў іанійскіх калоніях Стараж. Грэцыі ў выглядзе натурфіласофіі і адлюстроўвала светапогляд прамыслова-гандлёвага класа. Адной з першых філас. школ была мілецкая (Фалес, Анаксімандр, Анаксімен), для якой характэрны стыхійны матэрыялізм, наіўная дыялектыка, наяўнасць элементаў міфалогіі, антрапамарфізму і пантэізму. Са стараж.-грэч. філосафам Гераклітам звязваюць першыя спробы выявіць адзіную аб’ектыўна-лагічную заканамернасць (дыялектыку) у любым працэсе. У перыяд яе росквіту сфарміраваліся Акадэмія Платона, Лікей Арыстоцеля. Філасофія стала навукова арыентаванай дысцыплінай са строга акрэсленымі прадметамі, логіка-гнасеалагічнымі прынцыпамі, катэгарыяльным апаратам, мэтамі і задачамі. Усебакова распрацаваны найважнейшыя часткі філасофіі — анталогія, гнасеалогія, вучэнне пра грамадства і дзяржаву, логіка, этыка, эстэтыка, псіхалогія, а таксама касмалогія, матэматыка і інш. прыродазнаўчыя дысцыпліны. У філасофіі аформіліся 2 асн. кірункі — матэрыялістычная лінія Дэмакрыта і ідэалістычная лінія Платона, дыялектычны (Геракліт) і метафізічны (элеяты) падыходы ў трактоўцы быцця. Страта грэч. гарадамі самастойнасці негатыўна паўплывала на культуру і філасофію. У 3—1 ст. да н.э. ў філасофіі прасочваюцца 3 гал. плыні — скептыцызм, эпікурэізм і стаіцызм. З агульнатэарэт. пытанняў (праблем быцця, гнасеалогіі, дзярж. ладу) акцэнт у іх перамясціўся ў бок пошукаў канкрэтных прынцыпаў асабістых паводзін, якія дазволілі б дасягнуць шчасця асобнаму чалавеку. Сац.-эканам. і паліт. супярэчнасці Рымскай імперыі на пач.н.э. садзейнічалі пашырэнню рэліг. вучэнняў, пад уплыў якіх трапіла і філасофія. Рэліг. скіраванасцю характарызаваліся школы неапіфагарэізму і неаплатанізму, хоць у цэлым яны не прытрымліваліся афіц. ідэалогіі хрысціянства. У пач. 6 ст.н.э. дэкрэтам імператара Юсцініяна філас. школа платанізму ў Афінах закрыта. Антычная філасофія — адзін з важнейшых этапаў развіцця філасофіі і філас. культуры. Яе заслуга ва ўсеабдымным і сістэматычным абгрунтаванні філасофіі як навук. тэорыі, развіцці сістэмы паняццяў, у распрацоўцы ці пастаноўцы ўсіх асн.філас. праблем.
Літ.:
Антология мировой философии. Т. 1, ч. 1. М., 1969;
Асмус В.Ф. Античная философия. 2 изд. М., 1976;
Вернан Ж.-П. Происхождение древнегреческой мысли: Пер. с фр.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОС-А́НДЖЭЛЕС (Los Angeles),
горад на ПдЗ ЗША, у штаце Каліфорнія. 3448,6 тыс.ж., з прыгарадамі каля 7,8 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Канцавы пункт транскантынентальнай чыг. Нью-Йорк—Чыкага—Л.-А. Адзін з найб. партоў краіны. 7 аэрапортаў, у т. л. міжнародны. Важны прамысл. цэнтр краіны, вядучы эканам. і навук. цэнтр Захаду ЗША. Буйнейшы цэнтр авіяракетнай прам-сці (канцэрны Локхід і Дуглас). Прам-сць: радыёэлектронная (у т. л.вытв-сцьЭВМ і інш. абсталявання), прыладабуд., металаапр., аўтамаб., суднабуд., нафтаперапр., хім., паліграф., швейная, харч., гумавая, мэблевая. Здабыча нафты (на тэр. горада і шэльфа). Гал. цэнтр кінапрамысловасці і відэабізнесу (Галівуд). 3 ун-ты. Кліматычны марскі курорт. Турызм. Ваенна-марская база. Месца правядзення X і XXIII Алімп. гульняў (1932, 1984).
Засн. ў 1781 іспанцамі як францысканская місія, вакол якой разбудоўваўся горад. З 1821 у складзе віцэ-каралеўства Новая Іспанія, потым Мексікі, з 1845 сталіца мекс. штата Каліфорнія. У амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 заняты амер. войскамі, пасля вайны ўключаны ў склад ЗША Развіццё горада паскорылася пасля буд-ва транскантынент. чыгункі (1876—85), адкрыцця радовішча нафты (1892). У 1911 тут засн. першая кінастудыя, у 1930-я г. пачаўся росквіт кінавытворчасці.
У 19 ст. горад меў прамавугольную планіроўку з плошчай (пласа) у цэнтры. Захаваліся царква Нуэстра Сеньёра ла Рэйна дэ Лос Анхелес (1818, пасля перабудовы ў 1861 — Пласа-чорч) і 2-павярховы дом з адобы (сырцовай цэглы і рэзанай саломы) Луга-хаўс (1840-я г.). Сучасны Л.-А. мае строга рэгулярную планіроўку з малой шчыльнасцю забудовы, пранізаны шматлікімі аўтадарогамі са складанымі развязкамі. У забудове пераважаюць прыватныя вілы. Найб. значныя пабудовы 20 ст.: грамадскія цэнтры Бэнінг-хаўс (1911), Додж-хаўс (1915—16, абодва арх. І.Джыл), Барнсдэл-хаўс (Холіхак-хаўс, цяпер Муніцыпальная маст. галерэя, 1920), Сцёрджэс-хаўс (1939—40, абодва арх. Ф.Л.Райт), Ловел-хаўс («Дом здароўя», 1929, арх. Р.Нёйтра), царква Бетлем-чорч (1944, Р.Шындлер), комплексы Музея мастацтва графства Лос-Анджэлес (1965, арх. У.Перэйра) і Муз. цэнтра (1967, арх. У.Бекет), атэль «Сентрум» (1970-я г., арх. Р.Афлек, Р.Хосла).
Цэнтр Лос-Анджэлеса з высокаскараснымі дарогамі.Прыгарад Лос-Анджэлеса Беверлі-Хілс.Будынак ратушы ў Лос-Анджэлесе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАТО́РЫЯ (італьян. oratorio ад лац. oro гавару, малю),
буйная шматчасткавая кампазіцыя для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра пераважна эпіка-драм. характару, прызначаная для канцэртнага выканання. Мае агульныя рысы з операй (сюжэт, наяўнасць арый, рэчытатываў, ансамбляў, хароў), адрозніваецца ад яе адсутнасцю акцёрскай ігры, дэкарацый (як выключэнне бываюць сцэнічныя араторыі), перавагай апавядальнасці над драм. дзеяннем. У параўнанні з кантатай мае большыя памеры, ярка выражаную сюжэтную аснову.
Зарадзілася на мяжы 16—17 ст. ў Італіі. Напачатку араторыі пісалі на біблейскія, евангельскія або ант. сюжэты. Росквіт жанру ў 18 ст. звязаны з творчасцю Г.Ф.Гендэля, які стварыў класічны тып манум. героіка-эпічнай араторыі, і І.С.Баха, чые пасіёны (страсці) насычаны глыбокім філас. зместам. Пад уплывам асаблівасцяў розных нац. культур араторыя мадыфікавалася. Адбывалася яе сімфанізацыя (кампазітары венскай класічнай школы) або лірызацыя (кампазітары-рамантыкі). У 20 ст. адрадзілася цікавасць да араторыі, якая інтэнсіўна збліжаецца з операй, кантатай, сімфоніяй.
У бел. музыцы першыя араторыі створаны ў 1930-я г. (блізкая да араторыі вак.-сімф. паэма «Над ракою Арэсай» М.Аладава, незакончаная араторыя «Вызваленне» Я.Цікоцкага). У 1960-я г. напісаны араторыі «Песня пра Кубу» С.Картэса, «Званы» Я.Глебава, «Мы — беларусы» К.Цесакова, першая камерная араторыя «Песні Хірасімы» (для чытальніка, салістаў — барытона і сапрана і 2 фп.) Дз.Смольскага. З 1970-х г.бел. араторыі вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі і жанравымі разнавіднасцямі. Сярод найб. значных араторый «Мая Радзіма» Смольскага, «Свяці, зара» Глебава, «Зямля Беларусі» У.Дарохіна (сл. П.Броўкі), «Памяці паэта» Картэса і «Паэт» Смольскага на вершы Я.Купалы, «Памяць Хатыні» В.Войціка, «Хатынь» Цесакова, «Ванька-Устанька» (сл. Я.Еўтушэнкі) і «Вольнасць» паводле кн. А.Радзішчава «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Мдывані. У 1980 — пач. 1990-х г. створаны араторыі «Бітва за Беларусь» А.Багатырова, «Думкі рускія» А.Бандарэнкі, «Лісткі з календара» (сл. М.Танка) А.Залётнева, «Сказ пра Ігара» і «Іканастас» Л.Шлег, «Куранты» В.Капыцько, «Зорка паэта» Э.Наско, «Беларускае вяселле» Цесакова, «Партызанскія песні» У.Алоўнікава і інш.
Большасць бел. араторый ярка публіцыстычныя, напоўненыя грамадз. пафасам. Для іх характэрны апора на бел. паэзію, прыёмы развіцця, інтанацыйныя і ладавыя асаблівасці бел.муз. фальклору, увядзенне нац. інструментаў. У шэрагу араторый выкарыстаны новыя сродкі выразнасці, у т. л. прыёмы моўнай дэкламацыі з фіксаванымі гукавышыннай лініяй і рытмам, санорныя эфекты, элементы алеаторыкі, серыйнай тэхнікі, падпарадкаваныя маст. мэтам.
Літ.:
Розенов Э.К. Очерк истории оратории // Розенов Э.К. Статьи о музыке: Избр. М., 1982;
Кулешова Г.Г. Белорусская кантата и оратория. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫКАТУ́РА (італьян. caricatura ад caricare нагружаць, перабольшваць),
спосаб маст. тыпізацыі, выкарыстанне сродкаў шаржу і гратэску для крытычна накіраванага, тэндэнцыйнага перабольшвання і падкрэслівання негатыўных бакоў жыццёвых з’яў або асоб з мэтай іх выкрыцця і высмейвання; спецыфічная галіна праяўлення камічнага ў выяўл. мастацтве праз сатыр. ці гумарыстычную выяву. У шырокім сэнсе К. — усякі вобраз, дзе свядома ствараецца камічны эфект, спалучаюцца рэальнае і фантастычнае, перабольшваюцца і завастраюцца характэрныя рысы фігуры, твару, адзення, паводзін людзей, змяняюцца іх суадносіны з навакольным асяроддзем, выкарыстоўваюцца незвычайныя супастаўленні і інш. У вузкім сэнсе К. — асобны жанр выяўл. мастацтва (пераважна графікі), форма сатыры. Росквіт К. звычайна звязаны з перыядамі буйных грамадскіх канфліктаў паліт. нестабільнасці, войнамі і інш.
Элементы К. вядомы ў мастацтве Стараж. Егіпта, ант. свету, сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння. Зараджэнне К. як жанру звязана з Сялянскай вайной 1524—26 у Германіі, Рэфармацыяй, першымі бурж. рэвалюцыямі 16-18 ст. у Нідэрландах, Англіі, Францыі. Была пашырана і ў форме лубка (Расія, Кітай). Самастойная эстэт. значнасць К. тэарэтычна асэнсавана ў пач. 19 ст. рамантыкамі. Вял. роля ў развіцці сусв. К. належыць У.Хогарту, Дж.Гілрэю (Англія), Ж.Гросу (Германія), Ф.Гоі (Іспанія), А.Дам’е, П.Гаварні (Францыя), Х.Бідструпу (Данія), І.Церабянёву, А.Венецыянаву, П.Баклеўскаму, Кукрыніксам (Расія).
У бел. мастацтве сатыр. накіраванасць, шаржыраванне вядомы з эпох сярэдневякоўя і Адраджэння (асобныя мініяцюры рукапісаў, шарж на С.Буднага і інш.). Як асобны жанр выяўл. мастацтва К. вызначылася ў 19 — пач. 20 ст. ў графічных работах А.Баргэльса, К.Бахматовіча, Я.Дамеля, М.Мікешына. У пач. 20 ст. развіццё К. звязана з рэв. рухам (К.Каганец, П.Лепяшынскі і інш.). У час грамадз. вайны К. пашырылася ў «Вокнах РОСТА», якія існавалі ў Мінску, Гомелі, Магілёве, Віцебску і інш. Да яе звярталіся А.Быхоўскі, П.Гуткоўскі, Я.Целішэўскі. Вострай сатыр. накіраванасцю вылучаліся К. зах.бел. час. «Маланка» (мастакі Я.Горыд, Я.Драздовіч, В.Сідаровіч). У Вял.Айч. вайну антыфаш. К. друкаваліся ў сатыр. выданнях «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка» (мастакі В.Букаты, В.Козак, Г.Вальк, М.Гуціеў, Дз.Красільнікаў і інш.). Пасля вайны найб. інтэнсіўна К. развіваецца ў час. «Вожык». Сярод мастакоў: М.Лісоўскі, Я.Бусел, Р.Грамыка, М.Гурло, В.Ждан, С.Раманаў, А.Чуркін і інш.
Літ.:
Ефимов Б.Е. Основы понимания карикатуры. М., 1961;
Шматаў В. Беларуская сатырычная графіка (1945—1970 гг.). Мн., 1971;
Лісоўскі М., Барадулін Р. Няўрокам кажучы... Мн., 1971;
Полевой В.М. Двадцать лет французской графики. М., 1981.
В.Ф.Шматаў.
Да арт.Карыкатура. П.Лепяшынскі. Паліцэйскі ўчастак. 1905.Да арт.Карыкатура. Кукрыніксы. «Згубіла я пярсцёнак...» (а ў пярсцёнку 22 дывізіі). 1943.