ТРАНСКРЫ́ПЦЫЯ ў музыцы,

пералажэнне муз. твора (аранжыроўка) для іншага, чым гэта прадугледжана арыгіналам, інструмента, голасу, выканальніцкага складу; вольная віртуозная апрацоўка твора. Адыгрывае важную ролю ў станаўленні і развіцці інстр. музыкі нац. культур.

Т. з’явілася ў 16—17 ст. як пералажэнне нотных тэкстаў для выканання на інш. інструментах. Росквіт Т. ў 18 ст. звязаны з творчасцю І.​С.​Баха (клавірныя Т. канцэртаў А.​Вівальдзі), у 19 ст. — Ф.​Ліста (канцэртныя Т. для фп. 9 сімфоній Л.​Бетховена, песень Ф.​Шуберта, урыўкаў з опер В.​А.​Моцарта, Дж.​Вердзі). Істотнае развіццё набыла аркестравая Т., стваральнікі якой звычайна ўносілі ў яе ўласны творчы элемент (Моцарт перааркестраваў оперы Г.​Ф.​Гендэля, Г.​Берліёз — К.​В.​Глюка, М.​Рымскі-Корсакаў і Дз.​Шастаковіч — М.​Мусаргскага).

Сярод бел. кампазітараў і музыкантаў-выканаўцаў да Т. звярталіся А.​Клумаў (фп. сюіта на тэмы з балета «Гаянэ» А.​Хачатурана), Я.​Глебаў (пералажэнні для скрыпкі і фп., кларнета і фп. фрагментаў з уласных балетаў і сімфоній), Дз.​Камінскі (творы Г.​Вагнера, Б.​Сметаны, І.​Стравінскага), І.​Алоўнікаў (фп. Т. на тэмы з балетаў Глебава, Г.​Вагнера) і інш.

І.​Дз.​Назіна.

т. 15, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)