ПАТРЫЯТЫ́ЗМ (ад грэч. patris айчына),
маральны і паліт. прынцып, змест якога — любоў да ўсяго айчыннага, ад мясцовасці. дзе чалавек нарадзіўся, яго народа, мовы, культуры і да дзяржавы, грамадзянінам якой ён з’яўляецца. У паліт. сэнсе — адданасць усяму, што звязана з суверэнітэтам сваёй дзяржавы, яе незалежнасцю і самастойнасцю, бездакорным выкананнем грамадзянскага абавязку. Паняцце «П.» вядома з глыбокай старажытнасці, сфармулявана ў антычныя часы. У бел. духоўнай культуры існуе з пачатку яе гісторыі і выяўлялася пераважна ў маст.-эстэтычнай форме, напр., у дзейнасці Ефрасінні Полацкай, творах Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Міколы Гусоўскага. Выразны характар П. маюць прадмовы і пасляслоўі Ф.Скарыны да яго перакладаў Бібліі. Патрыят. настроі найб. абуджаліся з нарастаннем нац.вызв. і адраджэнцкага руху на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст., што асабліва выявілася ў маст. л-ры і публіцыстыцы (Ф.Багушэвіч, М.Багдановіч, Я.Купала, Я.Колас і інш.). Асабліва яскрава П. праявіўся ў перыяд Вял. Айч. вайны, калі бел. народ паказваў масавы гераізм і самаахвярнасць пры абароне сваёй Радзімы. У СССР праводзілася ідэалогія агульнасав. П. з устаноўкай на росквіт і ўзаемнае ўзбагачэнне нац. культур. З распадам СССР, усталяваннем незалежнасці і дзярж. суверэнітэту Рэспублікі Беларусь паўстала задача далейшага развіцця бел. нац. культуры і нац. самасвядомасці, адной з гал. частак якой з’яўляецца П.
М.І.Крукоўскі.
т. 12, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)