РАСІ́НІ ((Rossini) Джаакіна Антоніо) (29.2.1792, г. Пезара, Італія — 13.11.1868),
італьянскі кампазітар. Скончыў Балонскі муз. ліцэй (1810). З 1815 кампазітар т-ра «Сан-Карла» ў Неапалі, дырэктар Італьян.т-ра ў Парыжы, з 1826 каралеўскі кампазітар і гал. інспектар спеваў. У мастацтве Р. арганічна ўвасоблены традыцыі італьян. нар.-песеннай культуры. З яго імем звязаны росквіт італьян.нац. оперы. Найб. поўна талент Р. раскрыўся ў операх-буф, якія вылучаюцца дасціпнасцю, яскравасцю муз. характарыстык, тэмпераментнасцю і дэмакратычнасцю музыкі, адзінствам драм. і муз. развіцця: «Шаўковая лесвіца» (паст. 1812), «Італьянка ў Алжыры» (паст. 1813), «Севільскі цырульнік» (паст. 1816; ставілася ў Нац.акад. т-ры оперы Беларусі). У шэрагу опер-серыя, у т. л. «Майсей у Егіпце» (паст. 1818), «Магамет II» (паст. 1820), узмацніў ролю масавых хар. сцэн і ансамбляў, спрасціў вак. партыі, узбагаціў функцыі аркестра. Уздым патрыят. руху ў Італіі найб. выразна адлюстраваны ў героіка-рамант. оперы «Вільгельм Тэль» (паст. 1829). Сярод інш. твораў опера-серыя «Сарока-зладзейка», муз. камедыя «Папялушка» (абедзве паст. ў 1817) і інш. Пісаў таксама царк. музыку, кантаты, гімны, камерна-вак. і інстр. творы.