МУРА́ШКІ (Formicidae),

сямейства насякомых атр. перапончатакрылых. Каля 15 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. Жывуць сем’ямі ў складаных гнёздах (мурашнікі і інш.) ад некалькіх дзесяткаў да соцень тыс. асобін, ёсць вандроўныя (падсям. Dorylinae). На Беларусі больш за 50 відаў, найб. трапляюцца прадстаўнікі родаў М. земляныя (Lasius), М.-мірмікі (Myrmica), М. сапраўдныя (Formica), М. фараонаў (Monomorium), М.-шашалі (Camponotus). У складзе сям’і — самкі-заснавальніцы («царыцы»), бяскрылыя працоўныя (самкі з недаразвітымі палавымі органамі) і крылатыя самцы (паяўляюцца на кароткі час і пасля спароўвання гінуць). Працоўныя М. выконваюць розныя функцыі: фуражыраў, якія забяспечваюць гняздо кормам; салдат, што ахоўваюць яго; асобін, якія з’яўляюцца рэзервуарамі для вадкага корму (т.зв. мядовыя бочкі) і інш. У аснове існавання цэласнай сям’і ляжыць абмен паміж асобінамі кормам, выдзяленнямі залоз (трофалаксіс) і цесныя ўзаемаадносіны паміж яйцакладучай самкай і працоўнымі гал. чынам праз пасрэдніцтва хім. пачуцця (нюх, смак). Жыццядзейнасць сям’і рэгулюецца пераважна ферамонамі.

Даўж. ад 0,8 да 30 мм (самкі-вытворніцы буйнейшыя). Грудзі злучаны з брушкам тонкай рухомай сцяблінкай (з 1—2 членікаў). Вусікі 4—13-членікавыя (звычайна 11—12), доўгія. Ротавыя органы жавальнага тыпу. Вочы фасетачныя. Кормяцца насякомымі, жывёльнымі рэшткамі, насеннем раслін, выдзяленнямі тлей і какцыд. Адна сярэдняя сям’я рыжых лясных М. за суткі спажывае да 20 тыс. насякомых. Раздзельнаполыя. Маюць залозы, у экскрэце якіх да 65% мурашынай кіслаты.

Літ.:

Длусский Г.М. Муравьи рода Формика. Л., 1967;

Гримальский В.И., Зенченко В.С., Крушев Л.Т. Муравьи — наши друзья. Мн., 1968;

Захаров А.А. Муравей, семья, колония. М., 1978.

Мурашкі: 1 — земляная; 2 — шашаль (самка); 3 — рыжая лясная (злева самец).

А.​В.​Дзерункоў.

т. 11, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛА́ МЕДАНО́СНАЯ (Apis mellifera),

насякомае надсям. пчаліных атр. перапончатакрылых. «Грамадскія» насякомыя, жывуць пчалінымі сем’ямі. Пашыраны паўсюдна. Даюць мёд, пчаліны воск, пропаліс, пчаліны яд, пяргу, матачнае малачко.

Цела (даўж. да 15 мм. у маткі да 25 мм) мае хіцінавае покрыва, складаецца з галавы, грудзей і брушка. Мае 2 складаныя і 3 простыя вокі, якія добра адрозніваюць жоўты, сіні, сіне-зялёны, фіялетавы, пурпуровы колеры, ультрафіялетавае выпрамяненне, таксама формы прадметаў. Ніжнія сківіцы і губа пераўтвораны ў хабаток. У галаве і часткова ў грудзях размешчаны залозы — слінныя і тыя, што выпрацоўваюць лічынкавы корм (матачнае малачко). Задняя пара ног мае кошычкі, у якіх пчала можа несці да 40 мг пылку. На 3—6-м сегментах брушка знаходзяцца васковыя залозы. У канцы брушка ў маткі і рабочай пчалы ёсць орган абароны — джала, злучанае з дзвюма залозамі. якія выдзяляюць пчаліны яд. Органы стрававання: глотка, стрававод, мядовы валлячок (умяшчае да 65 мг нектару). сярэдняя кішка і задні аддзел. Корм дарослых пчол — мёд, пярга; матку ў час адкладвання яец кормяць матачным малачком. Да палавога размнажэння здольныя матка і трутні. У час вылету матка спароўваецца з некалькімі (5—9) трутнямі. Сперма захоўваецца ў арганізме маткі ўсё жыццё, але апладняюцца не ўсе яйцы. З аплодненых яец развіваюцца маткі і рабочыя пчолы, з неаплодненых — трутні. Ператварэнне поўнае.

Пчала меданосная: 1 — простыя вочкі; 2 — вусікі; 3 — складанае вока; 4 — язычок; 5 — першая пара ног; 6 — другая пара ног; 7 — кошычак; 8 — трэцяя пара ног; 9 — шчотачка; 10 — джала; 11 — брушка; 12 — заднія крылы; 13 — пярэднія крылы; 14 — грудзі; 15 — галава.

т. 13, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКІ́, цвердакрылыя (Coleoptera),

атрад насякомых. 2 падатр., драпежныя (Adephaga) і разнаедныя (Polyphaga). Каля 140 сям., больш за 300 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, Цэнтр. Арктыкі, найб. высокіх горных вяршынь. Насяляюць сушу, прэсныя воды; асабліва многа ў тропіках. На Беларусі 100 сям., больш за 3 тыс. відаў. Найб. пашыраны прадстаўнікі 4 сям.: жужалі, стафіліны, слонікі, шчаўкуны.

Даўж. 0,2—200 мм. Афарбоўка розных колераў, часта з метал. бляскам. Цела мае галаву, грудзі і брушка. Покрыва цвёрдае, зрэдку мяккае (мяккацелкі). Галава часцей круглаватая, радзей выцягнута ў галаватрубку. Грудзі і брушка звычайна размежаваныя. Першая пара крылаў — цвёрдыя (адсюль другая назва) надкрылы (элітры), ахоўваюць другую (лятальную) пару крылаў і мяккі верхні бок брушка. Вусікі часцей 11-членікавыя. Ног 3 пары. Ротавы апарат грызучы. Раздзельнаполыя, пераважна яйцакладныя, радзей жывародныя. Пераўтварэнне поўнае (яйцо, лічынка, кукалка, імага). 1—3 пакаленні за год. Па характары кармлення — фітафагі, сапрафагі і заафагі. Глебаўтваральнікі, санітары, рэгулятары колькасці інш. насякомых, апыляльнікі раслін. Некат. — шкоднікі с.-г. і лясных культур, прадуктаў. Шэраг відаў выкарыстоўваецца ў біял. барацьбе з насякомымі-шкоднікамі.

Літ.:

Фауна и экология жесткокрылых Белоруссии. Мн., 1991;

Хотько Э.И. Почвенная фауна Беларуси. Мн., 1993;

Каталог жесткокрылых (Coleoptera, Insecta) Беларуси. Мн., 1996;

Silverberg H. Enumerato coleopterorum Fennoscanduae. Daniae et Baltiae. Helsinki, 1992;

A Checklist of the Ground-Beetles of Russia and Adjacent Lands (Insecta, Coleoptera, Carabidae). Sofia;

Moscow, 1995.

С.​Л.​Максімава.

Жукі 1 — мерцвяед чырванагруды; 2 — мерцвяед матавы; 3 — магільшчык рыжабулавы; 4 — скураед вяндлінны; 5 — скураед музейны; 6 — святляк звычайны: самец (злева) і самка; 7 — мяккацелка бурая; 8 — мяккацелка парасонавая; 9 — свідравальшчык лісцевы; 10 — пчалажук звычайны; 11 — мурашка-жук; 12 — малашка медная; 13 — капуцын; 14 — прытворшчык шаўкавісты; 15 — тачыльшчык хлебны; 16 — шчаўкун грэбенявусы; 17 — шчаўкун бліскучы; 18 — шчаўкун чырвоны; 19 — вусач арлекін; 20 — бронзаўка афрыканская; 21 — афрыканскі галіяф; 22 — златка яванская двухколерная; 23 — алень: самка (злева) і самец; 24 — вусач рэліктавы.

т. 6, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)