сямейства начных матылёў. 2 падсям. (уласна М. — Arctiinae і лішайніцы — Lithosiinae), больш за 7 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва разнастайныя ў тропіках. Жывуць пераважна ў лясах. На Беларусі каля 40 відаў, у т.л. М. кая (Arctia caja), М.-пані (Panaxia [Callimorpha] dominula), М. чорная (Arctinia caesarea).
Уласна М. — матылі пераважна з шырокімі крыламі (размах да 85 мм), тоўстым касматым тулавам. Вусікі тонкія, у самцоў грабеньчатыя. Хабаток кароткі, часам недаразвіты. Вусені вельмі касматыя (адсюль назва). Афарбоўка большасці відаў стракатая, са спалучэннем белых, жоўтых, карычневых, пунсовых, чорных, іншы раз з метал. адлівам плям, якія ўтвараюць на крылах своеасаблівы малюнак. Трапляюцца і амаль аднаколерныя (ад белых да шэрых і карычневых) віды. Вусені кормяцца лісцем травяністых раслін. Лішайніцы — невял. і няяркія матылі з вузкімі пярэднімі крыламі, тонкім некасматым тулавам. Вусені кормяцца пераважна лішайнікамі.