СЕНАЕ́ДЫ (Psocoptera, або Copeognatha),

атрад насякомых. Больш за 1500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць у лясах на дрэвах, у гнёздах насякомых і птушак, на глебе, пад камянямі, у лясным подсціле, жылых памяшканнях, бібліятэках, музеях. На Беларусі адзначаны кніжная вош (Liposcelis divinatorius), С. хатні, або пылавая вош (Trogium pulsatorium), С. двухпалосы (Amphigerontia bifasciata) і інш.

Даўж. цела 1—5 мм. Афарбоўка бледна-бурая, белая. Вусікі ніткападобныя. Ротавы апарат грызучы і сысучы. Большасць маюць перапончатыя бясколерныя або з цёмнымі плямамі і перавязямі крылы. У шэрагу відаў крылы ўкарочаныя ці адсутнічаюць. Ногі бегальныя, лапкі 2—3-членікавыя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год даюць некалькі пакаленняў. Кормяцца жывымі і адмерлымі расліннымі тканкамі (адсюль назва), некат. грыбамі, водарасцямі, лішайнікамі, псуюць бат. і энтамалагічныя калекцыі, паперу, кнігі, сухія кармавыя запасы.

Сенаеды: 1 — амфігеронтыя кантаміната; 2 — хатняя, або пылавая вош; 3 — кніжная вош; 4 — каэцыліус флавідус.

т. 14, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)