РАГАЧЫ́, грабеньчатавусыя (Lucanidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 1000 відаў. Найб. шматлікія і разнастайныя ў трапічных лясах, жывуць на ствалах дрэў. На Беларусі 5 відаў: алянёк звычайны (Dorcus parallelopipedus), насарог малы, або рагачык аднарогі (Sinodendron culinricum), рагач сіні (Platycerus caraboides), рагачык сціплы (Ceruchus chrysomelinus), жук-алень (Lucanus cervus) — самы буйны з жукоў бел. фауны (даўж. да 8,5 см). Насарог малы і жук-алень занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 11 см. Вусікі 10-членікавыя, каленчатыя, з грабеньчатай булавой. Верхнія сківіцы развітыя, з зубцамі, у самцоў многіх відаў нагадваюць рогі (адсюль назва). Лапкі 5-членікавыя. Дарослыя кормяцца сокамі дрэў. Лічынкі з мясістым выгнутым целам, вял. галавой; развіваюцца і кормяцца ў гнілых ствалах і каранях.

С.​Л.​Максімава.

Рагачы: 1 — жук-алень (а — самец; б — самка; в — лічынка); 2 — алянёк звычайны; 3 — рагач сіні.

т. 13, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)