змяшчэнне капіталу за мяжой у грашовай ці таварнай форме з мэтай павелічэння прыбытку, умацавання там эканам. ці паліт. пазіцый. Як эканам. з’ява вядома з канца 19 ст. Падрыхтавалі вываз капіталу за мяжу знешні гандаль, сусв. рынак, міжнар. крэдыт, развіццё шляхоў зносін. Неабходнасць вывазу капіталу ўзнікла ў сувязі з ростам адноснага лішку капіталу ў эканамічна развітых краінах (Англіі, Францыі, Германіі, ЗША, Японіі і інш.). Капітал вывозяць за мяжу не таму, што ён не можа быць выкарыстаны ўнутры краіны, а таму што ў інш. краінах ён атрымлівае больш высокі прыбытак, паколькі там больш танная рабочая сіла і сыравіна. Вываз капіталу адбываецца ў форме вытворчага (будуюцца прамысл., с.-г. ці трансп. прадпрыемствы), гандлёвага (адкрываюцца магазіны, якія гандлююць таварамі мясц. ці замежнай вытв-сці), пазыковага (даюцца пазыкі, крэдыты) капіталаў. Інвестыцыі ў форме вытв. і гандл. капіталаў укладваюцца ў працэсе прыватнай дзейнасці замежных грамадзян. У залежнасці ад таго, хто з’яўляецца ўласнікам капіталу, адрозніваюць вываз капіталу дзярж. і прыватны. Функцыяніруючы капітал падзяляецца на прамыя інвестыцыі (экспарцёр капіталу з’яўляецца поўным уласнікам замежнага прадпрыемства ці ўладальнікам кантрольнага пакета акцый) і партфельныя (набытыя акцыі не забяспечваюць поўнага кантролю над прадпрыемствам). Для эпохі імперыялізму найб.характэрны быў вываз капіталу ці перамяшчэнне вытв-сці ў эканамічна слабейшыя краіны. У сучасных умовах вываз капіталу павялічыўся і ажыццяўляецца ў розных формах. Часта ён вывозіцца з адных высокаразвітых краін у іншыя, дзе ёсць умовы атрымання больш высокіх прыбыткаў ці інш.эканам. і паліт. выйгрышаў. У 1975 вываз капіталу вырас больш чым у 11 разоў у параўнанні з 1913—14, у т. л. з ЗША больш як у 82 разы, з Англіі ў 4, Францыі ў 3 разы. Сталі набіраць тэмп у вывазе капіталу краіны, што пацярпелі паражэнне ў 2-й сусв. вайне (ФРГ і Японія); некат. былыя імпарцёры капіталу сталі экспарцёрамі (Канада і інш.). У развітыя краіны, якія перажываюць эканам. бум, ідзе больш палавіны інвестыцый. Распад СССР і садружнасці сац. краін значна пашырыў сферу вывазу капіталу. Ён служыць сродкам узмацнення знешнегандл. экспансіі, вядзе да міжнар. перапляцення капіталаў, інтэрнацыяналізацыі грамадскай вытв-сці, абвастрэння канкурэнтнай барацьбы за сферы выкарыстання капіталаў.
Літ.:
Гаврилюк В.В. Экспорт капиталистических отношений в развивающиеся страны. Мн., 1973;
Громыко А.А. Внешняя экспансия капитала: История и современность. М., 1982;
Янченко С.Е. Вывоз капитала. Мн., 1961;
Мелман С. Прибыли без производства: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭА́Л ЭСТЭТЫ́ЧНЫ,
вобразнае ўяўленне пра духоўна-пачуццёвую дасканаласць і гармонію ў прыродзе, грамадскім быцці і маст. творчасці; гістарычна зменлівы крытэрый эстэт. густу і ацэнкі, што выяўляецца непасрэдна ў прыгожым, узнёслым і трагічным, ускосна — у агідным, нізкім і камічным. Як аб’ект эстэт. адносін да рэчаіснасці І.э. — арганічны кампанент сузірання, мыслення і практычнай дзейнасці, уключае таксама маст. культуру, вытв-сць, побыт. Яго суб’ектыўная ўмова — развітыя эстэт. пачуцці, маст. густ, гуманіст.грамадская свядомасць. У сістэме маст. культуры з’яўляецца адной з прычын і мэтай творчасці, крытэрыем ацэнкі мастацтва і прадметнага свету крытыкай і публікай. Дыялект. сутнасць І.э. ў супярэчлівым адзінстве рэальнага і належнага (таго, што павінна быць), гістарычнага абмежаванага ўзору і няспыннага руху да больш высокай дасканаласці, у адзінстве сац.-класавай, рэгіянальнай і нац. адноснасці з агульначалавечай універсальнасцю. Суадносіцца з ідэаламі пазнавальнымі, сац.-паліт. і этычнымі.
У ант. культуры І.э. выяўляўся найперш у гармоніі, меры і калакагатыі (адзінства красы і дабра). Для позняй эліністычнай культуры характэрна палярызацыя матэрыі і духу, рэальнага і ідэальнага. Хрысц. культура надала ім форму іерархіі духоўных, у т. л.эстэт. каштоўнасцей, на вяршыні якой боская Тройца — адзінства ісціны, дабра і красы. Сярэдневяковае мастацтва спасцігла І.э. як духоўную прыгажосць чалавека і яго творчасці, выяўленых у катэгорыі ўзнёслага. Для рэнесансавага гуманіст мастацтва характэрны ідэал гарманічна развітой асобы — мудрасць вучонага, адвага воіна, талент мастака, адзінства цялеснай і духоўнай прыгажосці. Ускладненне сац. структуры познафеад. і капіталіст. грамадства абумовілі дыферэнцыяцыю І.э., палярызацыю ўяўленняў пра яго ў асяроддзі арыстакратыі, буржуазіі і працоўных. Сучасныя кірункі ў эстэтыцы і розныя маст. плыні бачаць у І.э. кампанент «чыстай» маст. формы (абстракцыянізм), недасягальны ўзор або наогул адмаўляюць ідэалы (постмадэрнізм).
У гісторыі эстэтыкі і маст. культуры Беларусі ў самабытных формах выявіліся асн.гіст. тыпы І.э. У раннехрысц. культуры дамінавалі ідэалы маральнага ўдасканалення, хрысц. альтруізму (вобразы святых), рыцарскага служэння радзіме (вобразы ідэальных князёў і волатаў). Мысліцелі і асветнікі — гуманісты 16—17 ст. (Ф.Скарына, М.Гусоўскі, Сімяон Полацкі, Л.Сапега) сцвярджалі ідэал гарманічнага чалавека, агульнага дабра і прававой дзяржавы. У эпоху барока і класіцызму (17—1-я пал. 19 ст.) адбылася палярызацыя І.э. на высокі (арыстакратычны) і «нізкі» (народны). На аснове нар. ідэалаў, гуманіст. і рамант. традыцый у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. сфарміраваліся эстэт. ідэалы бел.нац. адраджэння, таленавіта выяўленыя ў бел. класічнай л-ры (творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Гаруна і інш., у газ. «Наша ніва»), якія сёння дамінуюць у нац. школах прафес. мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІНАВА́ННЕў вытворчасці,
форма арганізацыі грамадскай вытв-сці, якая ўяўляе сабой тэхнал. спалучэнне ў адным прадпрыемстве (камбінаце) узаемазвязаных разнародных вытв-сцей адной або розных галін прам-сці. Прыкметы: аб’яднанне разнародных вытв-сцей; прапарцыянальнасць паміж імі; тэхніка-эканам. адзінства паміж гэтымі вытв-сцямі (зліццё розных спецыялізаваных вытв-сцей у адзіны арганізац.-тэхн. комплекс, які абслугоўваецца адзінай агульнакамбінацкай дапаможнай гаспадаркай, праца па адзіным плане і наяўнасць агульнага кіраўніцтва); вытв. адзінства (усе часткі камбіната размешчаны на адной тэрыторыі і звязаны паміж сабой агульнымі камунікацыямі).
У залежнасці ад характару вытв-сці, тэхналогіі і аб’яднання ў вытв. працэсе асобных стадый перапрацоўкі сыравіны і матэрыялаў К. выступае ў 3 асн. формах: паслядоўная перапрацоўка сыравіны да атрымання гатовай прадукцыі (напр., у чорнай металургіі на першай стадыі жал. руды выплаўляюць чыгун, затым у сталеліцейнай вытв-сці яго пераплаўляюць у сталь, а потым у пракатнай вытв-сці перапрацоўваюць у сартавы або ліставы пракат); комплексная перапрацоўка сыравіны, калі з аднаго яе віду выпрацоўваюцца розныя віды прадукцыі (напр., нафтаперапр. і нафтахім. камбінаты, дзе з нафтавай сыравіны атрымліваюць алефіны, араматычныя вугляроды, бутадыен, з якіх тут жа выпрацоўваюць хім. рэчывы для канчатковага прадукту вытв-сці камбіната — сінт. каўчук, пластмасы і інш.); выкарыстанне спадарожных прадуктаў і адходаў вытв-сці (напр., К. ў каляровай металургіі з хім. прам-сцю, калі адходы перапрацоўкі руды ў выглядзе сярністага ангідрыду выкарыстоўваюцца для атрымання серы і сернай к-ты). Многія сучасныя камбінаты спалучаюць 2 або нават 3 формы К.
Узровень К. характарызуюць наступныя паказчыкі: колькасць вытв-сцей, што ўваходзяць у склад камбіната; доля канкрэтнай прадукцыі, якая выпускаецца камбінатамі ў агульным аб’ёме вытв-сці; колькасць відаў карысных кампанентаў, атрыманых з зыходнай сыравіны; колькасць кожнага віду прадукцыі, створанай з адзінкі пэўнай сыравіны; удзельная вага сыравіны і паўфабрыкатаў, што перапрацоўваюцца ў наступны прадукт на месцы іх атрымання і інш. Камб шаты маюць істотныя эканам. перавагі ў параўнанні з некамбінаванымі прадпрыемствамі: для іх як для буйных прадпрыемстваў характэрны ўсе перавагі канцэнтрацыі вытв-сці; скарачаюцца выдаткі на перавозку паўфабрыкатаў і на стварэнне складскіх памяшканняў; расшыраецца сыравінная база ў выніку выкарыстання пабочных прадуктаў і адходаў вытв-сці, што паляпшае і экалагічную сітуацыю ў рэгіёне; больш інтэнсіўна выкарыстоўваюцца прылады працы за кошт высокага ўзроўню неперарыўнасці вытв. працэсаў; паскараецца абарачальнасць абаротных сродкаў за кошт скарачэння перапынкаў паміж асобнымі стадыямі вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ДАЖСКАЕ ВО́ЗЕРА, Ладага,
Няво. Найбуйнейшае прэснаводнае возера ў Еўропе; на ПнЗеўрап. часткі Рас. Федэрацыі, у Карэліі і Ленінградскай вобл.Пл. 17,7 тыс.км² (з астравамі 18,1 тыс.км²). Даўж. 219 км, сярэдняя шыр. 83 км, сярэдняя глыб. 51 м, найб. 230 м. Аб’ём вады 908 км³. Катлавіна тэктанічна-ледавіковага паходжання. Дно складанай будовы, у паўн. і цэнтр. частках выслана ілам. Паўн. і паўн.-зах. берагі высокія, скалістыя, глыбока парэзаны фіёрдападобнымі залівамі. Шматлікія лясістыя астравы ўтвараюць шхеры. Паўд. берагі пераважна невысокія, спадзістыя, слабапарэзаныя, з берагавымі валамі і дзюнамі. У многіх месцах прыбярэжжа нагрувашчанне валуноў. На возеры каля 660 астравоў, з іх каля 500 у паўн.-зах. яго частцы. каля 65 — у цэнтральнай, у т. л.Валаамскія астравы і Зах. архіпелаг. Вадазборны басейн (пл. 276 тыс.км²) уключае каля 50 тыс. азёр (найб. Анежскае, Ільмень, Сайма) і 3,5 тыс. рэк даўж. больш за 10 км; упадаюць 35 рэк, найб. з іх Свір, Волхаў, Вуокса; выцякае р.Нява, якая звязвае возера з Фінскім зал. З бас. Волгі — звязана Волга-Балтыйскім водным шляхам, Вышневалоцкай і Ціхвінскай сістэмамі, з Белым морам — праз р. Свір, Анежскае воз. і Беламорска-Балтыйскі канал. Клімат умерана халодны. Сярэдняя т-ра паветра ў лют. ад -8 да -10 °C, у ліп. 16—17 °C; т-ра вады — на паверхні ў жн. каля 16 °C (найб. 25 °C), у глыбінных пластах летам 4—4,5, зімой 2—2,5 °C. Ападкаў каля 550 мм за год. Возера халаднаводнае, з запаволенымі біял. працэсамі. Характэрны згонна-нагонныя з’явы, сейшы, штормы. Прыбярэжная частка замярзае ў ліст.—снеж., цэнтр. частка — у снеж.—сак., крыгалом у цэнтр. частцы ў 2-й пал.сак., у паўн. частцы ў 1-й пал. мая. Празрыстасць вады ў цэнтр. частцы 4,5 м, каля берагоў 1—2,5 м, на З ад вострава Валаам да 8—10 м. Вада прэсная, гідракарбанатна-кальцыевая, з мінералізацыяй 56 мг/л. Каля 58 відаў рыб, у т. л. прамысловыя: асетр, вугор, ласось, стронга, судак, лешч, акунь, корушка, плотка, шчупак. Трапляецца цюлень. Рыбалоўства. Суднаходства. Рэкрэацыя. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. У 9—12 ст. праз Л.в. праходзіў водны шлях «з варагаў у грэкі». З ліст. 1941 да студз. 1944 па Л.в. праходзіла «Дарога жыцця» ў блакіраваны ням. фашыстамі Ленінград. У сувязі з індустрыялізацыяй рэгіёна Л.в. падпала пад значнае антрапагеннае ўздзеянне (забруджванне, эўтрафаванне). На берагах Л.в. гарады Прыазёрск, Петракрэпасць, Сортавала, Новая Ладага, Шлісельбург і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЁЛІКА (італьян. maiolica ад старой назвы г. Мальёрка, праз які ў Італію ўвозілі іспана-маўрытанскую кераміку),
вырабы з каляровай абпаленай гліны з буйнапорыстым чарапком, пакрытыя непразрыстай палівай (арх. абліцоўка, посуд, статуэткі); від керамікі. Дэкар. малюнак наносяць перад абпальваннем па сырой белай паліве. Дзякуючы абпальванню пры параўнальна невысокай тэмпературы фарба захоўвае свой колер.
М. вядома са старажытнасці ў Егіпце, Вавілоніі, Іране, некат. інш. краінах Азіі. Дасягнула росквіту ў 15—17 ст. у Італіі, Іспаніі, Францыі, Германіі, у 17—18 ст. у Расіі. Значны ўклад у развіццё М. ў Рус. дзяржаве зрабілі майстры цаніннай справы — выхадцы з Беларусі С.Грыгор’еў, С.Іваноў (Палубес), І.Максімаў, старац Іпаліт, Ф.Чука, П.Заборскі.
На тэр. Беларусі рознакаляровую М. выраблялі з 12 ст. амаль ва ўсіх гарадах. Зберагліся фрагменты гродзенскага маёлікавага посуду, цацак і плітак 12—13 ст., абліцовачных плітак 14—15 ст., кафлі 15—20 ст., посуду 18—19 ст., мінскага маёлікавага посуду, полацкага, тураўскага, пінскага, мсціслаўскага посуду і плітак 12—13 ст., посуд і кафля заслаўскія, віцебскія, копыскія 16—20 ст. Найб. вядомы М. івянецкая (посуд, дробная пластыка, цацкі) і ракаўская (посуд, скульптура, цацкі, попельніцы, чарніліцы) 19—20 ст., барысаўская (посуд, цацкі, дробная пластыка, 18—20 ст.), кафля заслаўская (17 ст.), копыская (16—20 ст.), віцебская (15—19 ст.), магілёўская (17—19 ст.), мірская (16—18 ст.), мсціслаўская (15—18 ст.). У 1920-я г. М. развівалася пры Віцебскім маст. тэхнікуме, у 1950-я г. — пры Мінскім фаянсава-фарфоравым з-дзе, з 1960-х г. — пры Бел.тэатр.-маст. ін-це, Маст. фондзе Беларусі. З 1970-х г. маёлікавыя вырабы выпускаюць аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка», Гродзенскі камбінат буд. матэрыялаў, Аршанскі камбінат сілікатных вырабаў, нар. майстры. Сярод прафес. мастакоў маёлікавых вырабаў М.Байрачны, М.Бяляева, Г.Гаркуноў, Г.Гаўрылаў, В.Данчук, А.Дзятлава, Ф.Зільберт, А.Зіменка, В.Калтыгін, Т.Кіршчына, В.Кірыленка, А.Концуб, Ю.Конюх, Н.Кухарэнка, М.Міхалап, М.Несцярэўскі, Т.Паражняк, В.Прыешкін, Г.Пусеў, Т.Пятроўская, З.Раўко, Т.Сакалова, У.Угрыновіч, Я.Хамініч, М.Шаўцова, Ф.Шостак. Іх творам характэрны выразная вобразная дэкаратыўнасць, значнасць зместу, эксперыментатарскія пошукі ў галіне новых пластычных і жывапісных магчымасцей керамічнай масы, глазураў, эмаляў.
Літ.:
Елатомцева И.М. Художественная керамика Советской Белоруссии. Мн., 1966;
Беларуская кераміка: [Альбом]. Мн., 1984.
М.М.Яніцкая.
Да арт.Маёліка. Кафляная печ у асабняку г. Бабруйск Магілёўскай вобл.Пач. 20 ст.Да арт.Маёліка. Кафляная печ у Прастольнай палаце Церамнага палаца ў Маскве. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЗІТЫ́ЗМ,
форма міжвідавых антаганістычных узаемаадносін двух (часам некалькіх) арганізмаў, з якіх адзін — паразіт. Большасць шматклетачных арганізмаў маюць паразітаў. Крытэрый П. — патагеннае ўздзеянне паразіта на гаспадара і абарончая рэакцыя з боку гаспадара. Многія паразіты з’яўляюцца антыгенамі, выклікаюць утварэнне антыцел у арганізме гаспадара, што вядзе да рэакцыі імунітэту (гл.Інвазійныя хваробы, Інфекцыйныя хваробы жывёл, Інфекцыйныя хваробы раслін, Інфекцыйныя хваробы чалавека). Адносіны паміж паразітам і гаспадаром падпарадкаваны пэўным экалагічным заканамернасцям. П. звязаны з інш. формамі міжвідавых узаемаадносін; сімбіёзам, сінайкіяй і інш. Звычайна гаспадар бывае заражаны некалькімі відамі паразітаў, якія лакалізуюцца ў розных органах і тканках і ствараюць своеасаблівае супольніцтва — паразітацэноз. Шляхі пранікнення паразітаў у арганізм гаспадара розныя: актыўнае пранікненне праз покрывы цела, з кормам, пры дапамозе пераносчыкаў і інш.Геагр. пашырэнне паразітаў звязана з распаўсюджаннем іх гаспадароў і асаблівасцямі асяроддзя пражывання. Адрозніваюць таксама звышпаразітызм, або гіперпаразітызм (гаспадаром паразіта з’яўляецца паразіт), псеўдапаразітызм (адзін арганізм трапляе ў арганізм другога выпадкова).
Сярод раслін П. вядомы ў бактэрый, грыбоў, некат. водарасцей, кветкавых раслін. Адны расліны-паразіты маюць хларафіл і здольныя выпрацоўваць арган. рэчывы ў працэсе фотасінтэзу, інш. жывяцца толькі за кошт гаспадара. Большасць грыбоў і раслін-эктапаразітаў знаходзяцца па-за гаспадаром (мучністарасяныя грыбы, павітуха і інш.), а органы жыўлення (гаўсторыі) кантактуюць з жывымі клеткамі. Цела эндапаразітаў (большасць паразітычных грыбоў, у кветкавых — рафлезіевыя) апушчана ў жывую тканку гаспадара, звонку застаюцца органы размнажэння. Вял. колькасць ніжэйшых грыбоў — унутрыклетачныя паразіты. Аблігатныя (абавязковыя) і блізкія да іх паразіты (галаўнёвыя грыбы, іржаўныя грыбы, мучністарасяныя грыбы) пашкоджваюць пераважна добра развітыя расліны; факультатыўныя (неабавязковыя) — іх ізаляваныя ч. (напр., агародніна і плады пры захоўванні). У жывёл многія класы і атрады цалкам складаюцца з паразітаў (спаравікі, смактуны, цэстоды, блохі і інш.). Бывае П. часовы, калі кантакт адбываецца ў час харчавання (камары, мошкі і інш.) і стацыянарны (пастаянны), калі арганізм паразітуе на інш. на працягу свайго жыцця (кровапаразітныя прасцейшыя, вошы, пер’яеды і інш.), і перыядычны, або фазавы, характэрны для пэўнага перыяду жыцця або фазы метамарфозу (напр., у падскурнага авадня і наезнікаў паразітуюць лічынкі, у некат. круглых чарвей, блох і інш. — дарослыя; смактуны, стужачныя і круглыя чэрві, паразітныя ракападобныя, якія мяняюць сваіх гаспадароў, паразітуюць у дарослым стане і на пэўных лічынкавых стадыях). У асобных выпадках паразітныя і непаразітныя пакаленні могуць чаргавацца. Вывучэннем П. і распрацоўкай метадаў барацьбы з паразітозамі займаюцца вірусалогія, мікрабіялогія, паразіталогія, фітапаталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РМСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД),
перм, геалагічная 6-я сістэма палеазойскай эратэмы (эры). Адпавядае 6-му перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі каменнавугальнай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі трыясавай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 280 млн.г. назад, доўжылася больш за 50 млн. гадоў. Тэрмін уведзены англ. геолагам Р.І.Мурчысанам (1841). Падзяляецца на 2 аддзелы (эпохі) — ніжні і верхні (ранняя і позняя эпохі) і 7 ярусаў (вякоў) — асельскі, сакмарскі, арцінскі, кунгурскі (ніжні аддзел), уфімскі, казанскі, татарскі (верхні аддзел). На Беларусі вылучаны мясцовыя світы і падсвіты. У пермскі перыяд у выніку заканчэння герцынскай складкавасці ў Паўн. паўшар’і ўтварыўся звышкантынент Лаўразія, на Пд павялічылася плошча звышкантынента Гандвана. Марскі рэжым існаваў паміж гэтымі кантынентамі (акіян Тэціс), а таксама ў межах Усходне-Азіяцкай і Кардыльерскай геасінклінальных абласцей.
Арган. свет характарызуецца ўзмацненнем ролі наземных жывёл і расліннасці. На сушы панавалі насякомыя, пазваночныя (стэгацэфалы, паўзуны), наземныя расліны, пераважна прадстаўнікі голанасенных — хвойныя, цыкадавыя і гінкгавыя. У морах жылі фарамініферы (пераважна фузулініды). брахіяподы, галаваногія (ганіятыты, цэратыты) і 2-створкавыя малюскі, астракоды, канадонтаносьбіты, акулы, былі характэрны імшанкі і каралы, якія ўтваралі рыфавыя пабудовы. У канцы пермскага перыяду вымерлі многія жывёлы — фузулініды. трылабіты, 4-прамянёвыя і табулятаморфныя каралы. некаторыя групы малюскаў, брахіяпод, імшанак, рыб. У раслінным свеце зніклі дрэвападобныя дзеразовыя і членістасцябловыя, кардаітавыя. Пашыраны кантынентальны рэжым спрыяў утварэнню чырванаколерных тэрыгенных адкладаў, намнажэнню магутных тоўшчаў солей (Верхнякамскі, Прыкаспійскі, Сярэднееўрапейскі, Дэлаварскі і інш. басейны), вуглёў (Пячорскі, Кузнецкі, Тунгускі і інш. басейны), нафты і газу (Персідскага заліва, Цімана-Пячорскі. Волга-Уральскі, Цэнтральнаеўрапейскі і інш. басейны), фасфарытаў (Скалістыя горы ў ЗША) і інш.
На Беларусі адклады П.с. (п.) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне магутнасцю да 800 м (чырванаколерныя пясчанікі, алеўраліты, гліны, даламіты, гіпсы, ангідрыты — прудкоўская світа асельскага яруса; аргіліты, мергелі, каменная і калійныя солі — свабадская світа сакмарскага яруса; страката- і чырванаколерныя гліны, пясчанікі і інш. — дудзіцкая світа татарскага яруса), у Падляска-Брэсцкай упадзіне магутнасцю да 50 м (пясчанікі і гравеліты — ясінаўская світа уфімскага яруса; вапнякі і даламіты з рэшткамі фарамініфер, астракод, брахіяпод — камянецкая світа казанскага яруса) і на паўн.-зах. схіле Беларускай антэклізы магутнасцю да 30 м (алеўрыты і пясчанікі — пярлойская світа арцінскага яруса; вапнякі, даламіты, гліны з рэшткамі марской фауны — новаакмянская світа казанскага яруса). З пермскімі адкладамі звязаны паклады каменнай і калійных солей, праяўленні медзі, рэдкіх і рассеяных элементаў.
Літ.:
Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы 1988 г.: Пермская система. Л., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЛА́Н ((Rolland) Рамэн) (29.1.1866, г. Кламсі, Францыя — 30.12.1944),
французскі пісьменнік, музыказнавец. Ганаровы чл.АНСССР (з 1932). Вучыўся ў Вышэйшай нармальнай школе ў Парыжы (1886—89), з 1897 праф. гэтай школы. У 1895 абараніў доктарскія дысертацыі па музыцы і жывапісе. У 1903—12 праф. Сарбоны. Знаходзіўся пад уплывам Л.Талстога і перапісваўся з ім. У творчасці аддаваў перавагу маштабным гіст. падзеям і гіст. асобам. Першыя драмы «Святы Людовік» (1897), «Аэрт» (1898) разам з п’есай «Надыдзе час» (1903) склалі цыкл «Трагедыі веры». Стварыў драм. цыкл «Тэатр рэвалюцыі» пра франц. рэвалюцыю канца 18 ст.: «Ваўкі» (1898), «Трыумф розуму» (1899), «Дантон» (1900), «14 ліпеня» (1902), «Гульня кахання і смерці» (1925), «Вербная нядзеля» (1926), «Леаніды» (1927), «Рабесп’ер» (1939). Свае погляды на мастацтва і яго ролю ў грамадскім жыцці выклаў у тэарэт. даследаванні «Народны тэатр» (1903) і цыкле «Гераічныя жыцці» («Жыццё Бетховена», 1903; «Жыццё Мікеланджэла», 1906; «Жыццё Талстога», 1911). Ідэйна-эстэт. погляды Р.-рэаліста найб. ярка адлюстраваны ў рамане-эпапеі «Жан-Крыстоф» (т. 1—10, 1904—12), у якім шырокая панарама жыцця Францыі і Германіі ў канцы 19 — пач. 20 ст., лёс мастака ў тагачасным грамадстве. Узаемаадносіны мастака і народа ў цэнтры аповесці «Кала Бруньён» (1914, апубл. 1919). Антываен. матывы характэрны для драм. сатыры «Лілюлі» (1919), рамана «Клерамбо», лірычнай аповесці «П’ер і Люс» (абодва 1920). Раман «Зачараваная душа» (т. 1—4, 1922—33) пра лёс еўрап. інтэлігенцыі. Аўтар шматлікіх кніг пра л-ру і мастацтва, зб-каў публіцыстыкі, мемуараў. Яго творы адметныя вастрынёй маральна-этычных і сац.-паліт. канфліктаў, манументальнасцю вобразаў, дынамізмам сюжэтаў. Да традыцыі Р. звярталіся Р.Мартэн дзю Гар, Ж.Р.Блок, Л.Арагон і інш. На сюжэт аповесці «Кала Бруньён» Дз.Кабалеўскі напісаў оперу «Майстар з Кламсі» (1938). У Бел.дзярж. т-ры пастаўлены спектакль «Ваўкі» (1923). На бел. мове надрук. ўрыўкі з аповесці «Кала Бруньён» (1936, пер. Я.Скрыгана), з рамана «Жан-Крыстоф» (1938), арт. «Застольныя гутаркі з Бетховенам» (1937). Нобелеўская прэмія 1915.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—14. М., 1954—58;
Соч.Т. 1—9. М. 1974.
Літ.:
Балахонов В.Е. Ромен Роллан и его время: Ранние годы. Л., 1972;
Ромен Роллан, 1866—1966: По материалам юбилейной сессии. М., 1968;
Мотылева Т.Л. Ромен Роллан. М., 1969;
Урицкая Б.С. Ромен Роллан — музыкант. 2 изд. Л.;
М., 1974;
Анисимов И.И. Французская классика со времен Рабле до Ромена Роллана. М., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКА-ВАЛДА́ЙСКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
фізіка-геаграфічная правінцыя на Пн Беларусі. Займае Віцебскую, ПнУ Гродзенскай і Пн Мінскай абласцей. Мяжуе на Пд з Зах.-Бел., Перадпалескай і Усх.-Бел. правінцыямі, на ПнЗ з правінцыяй Усх. Прыбалтыкі. Працягнулася з З на У на 340 км, з Пн на Пд на 160—240 км; пл. 57,6 тыс.км². У межах Беларуска-Валдайскай правінцыі вылучаюцца акругі Беларускае Паазер’е і Беларуская града. У тэктанічных адносінах прымеркавана да Беларускай антэклізы на ПдЗ, Балтыйскай сінеклізы на ПнЗ, Латвійскай седлавіны на Пн і Аршанскай упадзіны на У і ПдУ. Асадкавыя пароды, пераважна дэвонскія даламіты, вапнякі, пясчанікі, перакрыты адкладамі антрапагенавай сістэмы — марэннымі супескамі, суглінкамі і глінамі, лёсападобнымі пародамі, торфам, сапрапелітамі і інш. У рэльефе вылучаюцца Ашмянскае, Мінскае, Аршанскае ўзвышшы, утвораныя ў час сярэднеплейстацэнавага зледзянення, Віцебскае, Гарадоцкае, Свянцянскае і інш. ўзвышшы, Чашніцкая раўніна, а таксама Полацкая, Нарачана-Вілейская і інш. нізіны, якія ўзніклі пасля дэградацыі познаплейстацэнавага зледзянення. Для ўзвышшаў Бел. грады характэрны градавы і буйнаўзгорысты дэнудацыйны марэнны рэльеф, на якім пашыраны яры і суфазійныя западзіны на лёсападобных пародах. У межах яе на Мінскім узв. знаходзяцца найвышэйшы пункт Беларусі — Дзяржынская гара (345 м над узр. м.). Рэльеф Бел. Паазер’я больш малады, пераважна плоскі нізінны і спадзістахвалісты раўнінны, на ўзвышшах канцова-марэнны градавы і ўзгорысты, са шматлікімі азёрнымі катлавінамі і тэрмакарставымі западзінамі. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, даламіты, торф, сапрапелі. Клімат умерана кантынентальны, вільготны, найб. халодны на Беларусі. Сярэдняя т-растудз. -6,5 — -8,2 °C, ліп. 17,2—18 °C, ападкаў 560—650 мм за год. Вегет. перыяд самы кароткі на Беларусі — 180—185 сутак.
Па вял. узвышшах на Пд Беларуска-Валдайскай правінцыі праходзіць частка водападзелу паміж рэкамі Балтыйскага м. — Зах. Дзвіной, Віліяй (бас. Нёмана), Ловаццю (бас. Нявы) і Чорнага м. — Бярэзінай з Свіслаччу (бас. Дняпра) і інш. Басейны Нёмана і Дняпра злучаны праз Вілейска-Мінскую водную сістэму. Глебава-расліннае покрыва характарызуецца дробнымі контурамі, што звязана са стракатасцю рэльефу і грунтоў. Глебы на ўзвышшах дзярнова-падзолістыя лёгкасугліністыя на марэне і лёсападобных суглінках, у нізінах дзярнова-падзолістыя аглееныя цяжкасугліністыя на азёрна-ледавіковых і пясчаныя на водна-ледавіковых адкладах, а таксама дзярнова-палева-падзолістыя лёгка- і сярэднесугліністыя на лёсападобных пародах, у паніжэннях рэльефу забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы розных тыпаў. Лясы займаюць 35% тэрыторыі, належаць да падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Буйныя хваёвыя і драбналістыя з прымессю шыракалістых парод лясныя масівы захаваліся на нізінах (складаюць да 50% агульнай плошчы лясоў). На ўзвышшах лясы з перавагай елкі, дубу, вольхі (менш за 20% плошчы). Балоты пераважна нізінныя і вярховыя на Пн. Пад ворывам больш за 30% тэрыторыі. У межах Беларуска-Валдайскай правінцыі Бярэзінскі біясферны запаведнік, нац. парк Браслаўскія азёры і шматлікія заказнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ІКАНАПІ́СНАЯ ШКО́ЛА,
самабытная нац. жывапісная школа пач. 16 — пач. 19 ст. Склалася на аснове традыцый візантыйскага і стараж.-рус. мастацтва пад уплывам ідэй Адраджэння. Творы вызначаюцца вернасцю канону, умоўнасцю і сімвалізмам выяўл. мовы, характэрнасцю тыпажу, шырокім выкарыстаннем этнагр. элементаў, імкненнем адлюстраваць навакольную рэчаіснасць. Адметная рыса бел. абразоў — узорыстасць, багатая і разнастайная арнаментоўка, разны раслінны арнамент фону, мажорнасць агульнага эмацыянальнага ладу. У найб. ранніх творах 16 ст. спалучаюцца асн. рысы сярэдневяковага мастацтва з элементамі рэнесансу: светлы каларыт, арнаментыка, якая дапамагае выявіць аб’ём, лірычнасць вобразнага ладу («Маці Божая Іерусалімская» з Брэстчыны). У творах 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маст. традыцый Адраджэння з’яўляецца імкненне да перадачы прасторы, аб’ёму, натуральнасці формаў, прапарцыянальнасці ў выяве чалавека і асяроддзя («Нараджэнне Багародзіцы» з Брэстчыны; «Параскева Пятніца» са Случчыны, «Апосталы Лука і Сымон», «Пакланенне вешчуноў» з Брэстчыны). Для Беларускай іканапіснай школы 17 ст.характэрны аб’ёмнасць, дэталіроўка, паказ асобных персанажаў у тагачаснай вопратцы [«Тройца старазапаветная» з Брэстчыны, «Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая», сярэдзіна 18 ст., з в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Успенне», 1650, з в. Олтуш Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Узнясенне Марыі (Асунта)», канец 17 ст.]. Іканапіс 18 ст. стаў своеасаблівай формай барацьбы за нац. самавызначэнне, што абумовіла яго непасрэдную сувязь з нар. вытокамі, усебаковае пранікненне нар. светапогляду і фалькл. матываў у прафес. мастацтва; значны ўплыў на яго зрабіла мастацтва барока (абразы басценавіцкага майстра, 1723—28; «Ушэсце» Паўла Клачковіча, 1751, з Брэстчыны). Шырокае развіццё набыло т.зв. «наіўнае барока», або народны «прымітыў» («Разасланне апосталаў» з Брэстчыны, «Тройца новазапаветная» з Віцебшчыны). У іканапісе 18 ст. прасочваецца імкненне спасцігнуць непаўторнасць і самабытнасць чалавечага характару, што збліжае яго з тагачасным свецкім партрэтным жывапісам. Пачынаючы з 17 ст. ў Беларускай іканапіснай школе, захаваўшы асн. агульнанац. рысы, выразнымі мясц. нюансамі вылучаўся іканапіс Віцебшчыны, Магілёўшчыны і найб. Брэстчыны — насычаным колерам, падкрэсленым малюнкам, устойлівымі формамі, характэрным палескім тыпажам («Мікола», сярэдзіна 17 ст., «Варвара-пакутніца», 18 ст., Яна Васілевіча з Кобрына; «Сабор архангела Міхаіла», 1751, «Тройца» В.Маркіянавіча, 1761). У канцы 18 — пач. 19 ст.бел. іканапіс паступова страціў сваю самабытнасць і перастаў існаваць як маст. школа. У 20 ст. ідзе спроба аднаўлення бел. іканапіснай школы.
Літ.:
Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў: Фрэска, абраз, партрэт. Мн., 1980.
Э.І.Вецер.
Да арт.Беларуская іканапісная школа. Маларыцкі майстар. Успенне. 1650.Да арт.Беларуская іканапісная школа. Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Беларуская іканапісная школа. В.Маркіянавіч. Тройца. 1761. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт.Беларуская іканапісная школа. Узнясенне Марыі (Асунта). Канец 17 ст. Музей старажытнабеларускай культуры ІМЭФАН Беларусі.