НУНАТА́К (эскімоскае),
ізаляваная скалістая вяршыня, якая выступае над паверхняй ледавіка. Н. характэрны для краявых частак ледавіковых покрываў Грэнландыі і Антарктыды.
т. 11, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАРАГІ́ЧНЫЯ ЛІХАМА́НКІ,
група вострых інфекц. хвароб віруснай этыялогіі, для якіх характэрны прыродная ачаговасць, спалучэнне ліхаманкавага стану хворага з развіццём гемарагіі. Вядомыя гемарагічныя ліхаманкі: з нырачным сіндромам, крымская, омская, аргенцінская, балівійская, жоўтая, Ласа, Марбурга, Эбола, Дэнге. Узбуджальнікі належаць да некалькіх таксанамічных груп (сямействаў) вірусаў, перадаюцца трансмісіўна (гл. Трансмісіўныя хваробы), паветрана-кропельным шляхам, праз аб’екты навакольнага асяроддзя. Асн. крыніца заражэння чалавека — грызуны і кляшчы. Для асобных гемарагічных ліхаманак (напр., з ныркавым сіндромам) акрамя агульных прыкмет характэрны пашкоджанні печані, гіпатанія, брадыкардыя, трамбацыта- і лейкапенія. Лячэнне патагенетычнае і сімптаматычнае.
А.П.Красільнікаў.
т. 5, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧА́ЖЫНА,
акруглае або выцягнутае мікрапаніжэнне на балоце. Узровень вады ў М. перыядычна ўзнімаецца вышэй за расліны (пераважна вільгацялюбныя сфагнавыя імхі). Характэрны для вярховых балот на Пн Беларусі.
т. 10, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ ГІМАЛА́І,
самая высокая частка Гімалаяў
[да 8848 м, г. Джамалунгма (Эверэст)],
якая цягнецца ўздоўж іх восевай зоны. Складзены пераважна з крышт. парод і сланцаў. Характэрны альпійскі рэльеф. Снежнікі, ледавікі.
т. 4, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗО́ЛУШКА»,
пячора на Пд Букавіны, на Украіне. Даўж. каля 40 км. Утварылася ў тартонскіх (неагенавых) гіпсах. Характэрны сталактыты і сталагміты, гіпсавыя кветкі. Дно ўкрыта гліністымі наносамі. Спелеатурызм.
Р.Р.Паўлавец.
т. 7, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖМАЦЕРЫКО́ВАЕ МО́РА,
мора, размешчанае паміж 2 або некалькіх мацерыкоў (напр., Міжземнае м., Чырвонае м.). Характэрны вял. глыбіні, самаст. сістэма цячэнняў, прыліваў і асаблівае вертыкальнае размеркаванне т-ры, салёнасці, шчыльнасці, газаў.
т. 10, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРНАЯ ПЯЧО́РА,
гіпсавая пячора на З Падольскага ўзвышша, на Украіне. Даўж. каля 80 км. Уяўляе сабой двухпавярховы лабірынт. Ёсць пастаянныя праточныя азёры з мінералізаванай вадой. Характэрны сталактыты і сталагміты, трапляюцца ааліты. Аб’ект турызму.
т. 1, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́МІЙ (ад грэч. korēma мятла) у грыбоў, шчыльны пучок канідыяносцаў, на верхавінках якіх утвараюцца споры бясполага размнажэння — канідыі. З’яўляецца найпрасцейшай формай агрэгацыі канідыяносцаў. Характэрны для сям. стыльбелавых (Stilbellaceae) парадку гіфаміцэтаў і некат. пеніцылаў.
т. 8, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСПАТЫ́ЗМ (ад грэч. despoteia неабмежаваная ўлада),
форма неабмежаванай, абсалютнай, самадзяржаўнай улады, для якой уласціва поўнае самавольства, самаўпраўства, грубае і жорсткае падаўленне волі падданых і іх бяспраўе. Д. асабліва характэрны для абсалютных манархій (гл. таксама Дэспатыя).
т. 6, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯТРАФІ́ЗМ (ад бактэрыі + грэч. trophe ежа, засваенне),
узаемна карысныя адносіны паміж каранямі раслін і бактэрыямі; форма жыўлення вышэйшых раслін. Бактэрыі (напр., клубеньчыкавыя) сінтэзуюць розныя пажыўныя рэчывы, вітаміны, якімі жывяцца расліны. Бактэрыятрафізм характэрны, напрыклад, для бабовых раслін.
т. 2, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)