БІЯТО́П

(ад бія... + грэч. topos месца),

участак зямной паверхні (сушы або вадаёма) з аднатыпнымі абіятычнымі ўмовамі асяроддзя (рэльеф, глебы, клімат і інш.), які займае вызначаны біяцэноз; неарган. кампанент біягеацэнозу. Характэрны для дадзенага біятопа комплекс умоў вызначае відавы склад арганізмаў, асаблівасці іх існавання, трапляе пад уплыў біяцэнозу і мяняецца ад яго ўздзеяння.

Для фізіка-геагр. умоў Беларусі характэрны біятопы: балоты (нізінныя, пераходныя, вярховыя), лясы (хваёвыя, яловыя, альховыя, бярозавыя і інш.), лугі (заліўныя, сухадольныя), палі, прэсныя воды (рэкі, азёры, вадасховішчы). Пераўтваральная дзейнасць чалавека на біятоп можа прывесці да непажаданых змен у біягеацэнозах ці поўнага іх разбурэння, што адмоўна ўплывае на склад і размеркаванне фауны і флоры. Падобныя біятопы аб’ядноўваюць у біяхоры, сукупнасці якіх складаюць біяцыклы.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)