ТРАПІ́НІН Васіль Андрэевіч (30.3.1776, с. Карпава Наўгародскай вобл., Расія — 15.5.1857),

рускі жывапісец-партрэтыст. Акад. Пецярбургскай АМ (1824). Ганаровы чл. Маскоўскага маст. т-ва (1843). Да 1823 прыгонны. Скончыў Пецярбургскую АМ (1804). У 1804—12 і 1818—21 жыў на Украіне, з 1821 у Маскве. Стварыў больш за 3 тыс. партрэтаў жыхароў Масквы. Раннія творы вызначаюцца інтымнасцю вобразаў, пяшчотным каларытам, вытрыманым у лёгкай шараватай гаме: партрэты жонкі (1809), сына (1818), М.​Карамзіна (1815). Дэтальная характарыстыка мадэлі, часам скульптурная дакладнасць аб’ёмаў, маляўнічасць колеравага ладу, унутр. дынаміка ўласцівы партрэтам П.​Булахава (1823), К.​Равіча (1825), А.​Пушкіна (1827), якія вылучаюцца шырокай жывапіснай манерай, эфектным выкарыстаннем ценяў. Для твораў 1830—40-х г. характэрны складанасць кампазіцыі, узмацненне ролі дэталей, вострахарактарнасць: партрэт В.​Зубавай (1834), аўтапартрэт (1846). Стварыў карціны з рамант. рысамі (партрэт К.​Брулова, 1836), а таксама тып жанравай, крыху ідэалізаванай выявы чалавека з народа: «Каруначніца» (1823), «Гітарыст» (1832), «Старая з курыцай» (1856). Творчасць Т. паўплывала на развіццё рус. мастацтва 19 ст.

Літ.:

Амшинская А.М. В.​А.​Тропинин. М., 1976;

В.​А.​Тропинин: Исслед., материалы. М., 1982.

І.​Л.​Чэбан.

В.Трапінін. Каруначніца. 1823.

т. 15, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)