МЕ́НЦЭЛЬ (Menzel) Адольф фон (8.12.1815, г. Вроцлаў, Польшча — 9.2.1905),
нямецкі жывапісец і графік. Вучыўся літаграфіі ў свайго бацькі (з 1832 кіраваў яго майстэрняй) і ў Берлінскай АМ (1830). У творчасці часта звяртаўся да адлюстравання гісторыі і значных тагачасных падзей Прусіі: 200 дрэварытаў для ілюстравання «Гісторыі Фрыдрыха Вялікага» Ф.Куглера (1839—42), карціны «Ушанаванне загінуўшых у сакавіцкія дні» (1848), «Круглы стол у Сан-Сусі» (1850), «Канцэрт Фрыдрыха II у Сан-Сусі» (1852), «Фрыдрых Вялікі ў Гохкірсе» (1856), «Прамова Фрыдрыха II перад яго генераламі перад боем пад Лойтэнам» (1858—60), «Ад’езд Вільгельма I у армію ў 1870 годзе» (1871) і інш. Ствараў таксама пейзажы, інтэр’еры, жанравыя карціны: «Пакой з балконам» (1845), «Сястра мастака са свечкай у інтэр’еры» (1847), «Тэатр Жымназ у Парыжы» (1856), «У садзе Цюільры» (1867) і інш. Адзін з першых у еўрап. мастацтве звярнуўся да індустр. тэмы («Жалезапракатны завод», 1875). Майстар малюнка, акварэлі, гуашы, афорта, літаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЎРАЎ Мікалай Васілевіч (1830, Масква — 16.5.1904),
расійскі жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1851—56), у 1887—90 выкладаў у гэтым вучылішчы. Член т-ва перасоўных выставак (з 1881, гл.Перасоўнікі). Жанравым карцінам уласцівы пераканаўчасць сац. характарыстык і сюжэтных сітуацый, падрабязная распрацоўка фактуры: «Хатняя сялянская сцэна» (1856), «Торг» (1866), «Выхаванка» (1867), «Паніхіда на сельскіх могілках», «Пахаванне селяніна», «Протадыякан абвяшчае даўгалецце на імянінах купца», «Агледзіны» (1888) і інш. Аўтар гіст. карцін: «Князёўна П.Р.Юсупава перад пострыгам» (1866), «Раман Галіцкі прымае паслоў папы Інакенція III» (1875), «Прысяга Лжэдзмітрыя каралю Жыгімонту III» (1877) і інш. Пісаў партрэты: невядомага, М.С.Шчэпкіна, аўтапартрэт (1863), Траццяковых (1860-я г.) і інш. У канцы 19 ст. пераехаў на Беларусь. Жыў у в. Лыскоўшчына Круглянскага р-на Магілёўскай вобл., дзе напісаў творы «Эпізод з жыцця Пятра», «Чым былі моцныя шлюбныя вузы» і інш. У 1998 у Магілёве адбыўся міжнар. пленэр, прысвечаны Н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРУ́ЦЫ (Pemzzi) Бальдасарэ (хрышчаны 7.3.1481, г. Сіена, Італія — 6.1.1536),
італьянскі архітэктар і жывапісец. Супрацоўнічаў з Д.Брамантэ і Рафаэлем. У творчасці спалучаў прынцыпы Высокага Адраджэння з ранне-маньерыстычнымі тэндэнцыямі. Раннім пабудовам уласцівы лірычнасць і вытанчаная лёгкасць форм, больш познім — кантрасты нясучых і нясёных элементаў, напружана-дынамічная сувязь кампазіцыі з гар. асяроддзем. Сярод пабудоў: віла Фарнезіна (1509—11) і Палацца Масіма але Калоне (1536) у Рыме, партал царквы Сан-Франчэска (1519) у Сіене, палац Фарнезе (1535) у Капрароле і інш. З 1520 кіраваў буд-вам сабора св. Пятра ў Рыме. Аўтар манум. размалёвак, якія вызначаюцца тонкім дэкаратывізмам, часам ілюзіяністычнымі эфектамі: фрэскі ў царкве Сант-Анофрыо (каля 1503), на віле Фарнезіна (з 1511), у капэле Панцэці царквы Санта-Марыя дэла Пачэ (1516—17) у Рыме, у царкве Фантэджуста (1528), на віле Белькара (1530) у Сіене і інш. Афармляў спектаклі і феерыі, паўплываў на развіццё перспектыўнай тэатр. дэкарацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЦА (Pozzo) Андрэа (30.11.1642, г. Трэнта, Італія — 31.8.1709),
італьянскі жывапісец і архітэктар, майстар манум. жывапісу барока. Вучыўся ў Мітэлі і Калоны ў Парме і Бібіены ў Балонні. Зазнаў уплыў П. Веранезе і П.П.Рубенса. З 1677 працаваў у Турыне, Модэне, Рыме, Таскане, з 1703 у Вене. Стварыў віртуозна-эфектныя ілюзіяністычныя размалёўкі царк. і свецкіх інтэр’ераў, дзе знікае мяжа паміж рэальнай і жывапіснай архітэктурай, сценамі і скляпеннямі, сапраўдным і намаляваным ляпным дэкорам. Сярод работ: размалёўкі цэркваў Сан-Франчэска ў Мандаві (1676—77), Сан-Барталамеа ў Модэне (1679—80), Сант-Іньяцыо ды Лаёла ў Рыме (1685—94), «Алтар святога Ігнація» ў іль Джэзу (1695—99). У ліку апошніх размалёвак — імператарскі тэатр (не захавалася), «Апафеоз Геркулеса» на плафоне Залы Геркулеса ў летнім палацы Ліхтэнштэйн (1704—08), «Успенне Марыі» ва універсітэцкай царкве (1709) у Вене. Аўтар трактата «Перспектыва жывапісцаў і архітэктараў» (1693—1700).
А.Поца. Фрэска «Апафеоз Святога Ігнація Лаёлы» ў царкве Сант-Іньяцыо ды Лаёла ў Рыме. 1685—94.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУДО́Н (Prud’hon) П’ер Поль (4.4.1758, г. Клюні, Францыя — 14.2.1823),
французскі жывапісец і рысавальшчык. Вучыўся ў Ф.Дэвожа ў Дыжоне (да 1780) і ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы (да 1783). Наведаў Італію (1784—89). Зазнаў уплывы ант. мастацтва, Леанарда да Вінчы і Карэджа. У творчасці спалучаў строгія рысы позняга класіцызму з інтымнасцю, грацыяй і жывапіснай мяккасцю мастацтва 18 ст.; часам экзальтацыя і сентыментальнасць яго твораў папярэднічалі стылістыцы рамантызму. Аўтар карцін і пано на міфалагічныя і алегарычныя сюжэты («Мудрасць і Праўда сыходзяць на зямлю», 1799; «Псіхею выкрадаюць Земфіры», «Правасуддзе і Пакаранне праследуюць Злачынства», абедзве 1808; «Венера і Адоніс», 1812; «Зефір гайдаецца на водах», 1814), партрэтаў (пары Антоні, 1796; імператрыцы Жазефіны, 1805; мадам Жар, 1822), ілюстрацый да кн. «Новая Элаіза» Ж.Ж.Русо, «Дафніс і Хлоя» Лонга і інш. Графічныя творы вызначаюцца тонкасцю і смелай выразнасцю святлоценявой мадэліроўкі (партрэт К.Маер).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РКІНЕ (Purkyně) Карал (11.3.1834, г. Вроцлаў, Польшча — 5.4.1868),
чэшскі жывапісец і маст. крытык, прадстаўнік рэалізму. Сын Я.Э.Пуркіне. Вучыўся ў Вроцлаве ў Г.Кёніга, Пражскай АМ (з 1851), Мюнхене (1854—55), майстэрні Т.Куцюра ў Парыжы (1856). Зазнаў уплывы Г.Курбэ і А.Мантычэлі. Працаваў у галіне партрэта, нацюрморта, быт. жанра. Творы адметныя псіхал. пераканаўчасцю вобразаў, імкненнем да ўвасаблення матэрыяльнасці прадметнага свету абагульненай, пастознай манерай пісьма: «Нацюрморт са збанам» (1851), «Аўтапартрэт з палітрай і пэндзлем» (1856), «Булонскі лес», «У даліне» (абодва 1857), партрэты сям’і Ворлічака (1859—60) і каваля Іеха («Каваль-палітык», 1860), «Фазаны» (1861), «Партрэт дзяцей мастака» (1867—68) і інш. Аўтар ілюстрацый да кніг «Дон-Кіхот» М.Сервантэса (1868, з К.Манэсам) і «Вільгельм Мейстэр» І.В.Гётэ (1868). У 1860-я г. пісаў крытычныя артыкулы, скіраваныя супраць акадэмізму.
Літ.:
Эренбург И. Карел Пуркине: [Альбом]. М., 1960;
Прокофьева Н.А. Творчество К.Пуркине и чешская живопись середины XIX в. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕБАСЦЬЯ́НА ДЭЛЬ П’ЁМБА [Sebastiano del Piombo; сапр.Лучані (Luciani); каля 1485, г. Венецыя, Італія — 21.6.1547],
італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Дж.Беліні. Раннім творам, створаным пад уплывам Джарджоне і Тыцыяна, уласцівы прасветлена-лірычны лад (створкі аргана з выявамі 4 святых для царквы Сан-Барталамеа аль Рыяльта, карціна для гал. алтара царквы Сан-Джавані Крызастома ў Венецыі). З 1511 працаваў у Рыме, дзе зблізіўся з Рафаэлем; работы адметныя больш строгім і ўраўнаважаным характарам пры захаванні гучнасці каларыту, уласцівага венецыянскай школе жывапісу. фрэскі на віле Фарнезіна (1511), партрэт рымлянкі (т.зв. «Даратэя», каля 1515) і інш. З 2-й пал. 1510-х г. пад уплывам Мікеланджэла яго творы набылі падкрэслена драм. афарбоўку («Уваскрашэнне Лазара», 1519). Работы, створаныя ў перыяд контррэфармацыі, вызначаюцца змрочнай жорсткасцю вобразнага ладу, які выявіў крызіс маст. прынцыпаў Высокага Адраджэння («Нясенне крыжа», 1537). У 1540-я г. для сабора Санта-Марыя дэла Пачэ ў Рыме выканаў буйную манум. кампазіцыю «Сустрэча Марыі і Елізаветы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУХАДО́ЛЬСКІ Януар Іванавіч (19.9.1797, г. Гродна — 20.3.1875),
бел.жывапісец-баталіст. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі, Польшчы і Расіі. Жывапісу вучыўся ў Варшаве ў А.Брадоўскага (з 1815), у Рыме ў К.Вернэ (1832—37). Удзельнік паўстання 1830—31. Стварыў рамант. карціны на гіст. тэматыку «Бітва пад Рашынам» (1832), «Бітва пад Самасьерай» (1860), «Пераход арміі Напалеона цераз Бярэзіну» (1866). Аўтар серыі батальных кампазіцый на тэму рус.-перс. і рус.-тур. войнаў, у якіх удзельнічаў сам: «Узяцце крэпасці Карс», «Узяцце Ачакава», «Штурм крэпасці Ахалцых», «Фельдмаршал Паскевіч прымае дэлегацыю жыхароў Эрзурума», «Асада крэпасці Абасабад» і інш. Сярод інш. твораў: «Сцэна з 1831 года», «Заключэнне Туркманчайскага міру», «Паляванне на аленя», «Дзед з унукам на паляванні» і інш. У творчасці С. дакументальная дакладнасць адлюстравання спалучаецца з выдатна распрацаванай кампазіцыяй, яркай маляўнічасцю жывапісных вырашэнняў.
Літ.:
Дробаў Л.М. Беларускія мастакі XIX ст.Мн., 1971;
Яго ж. Живопись Белоруссии XIX—начала XX в. Мн., 1974.
Л.Н.Дробаў.
Я.Сухадольскі. Пераход арміі Напалеона цераз Бярэзіну. 1866.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УШАКО́Ў Сімон (Пімен) Фёдаравіч (1626, Масква — 25.6.1686),
рускі жывапісец. Жыў у Маскве. У 1648—64 знаменшчык у Сярэбранай і Залатой палатах. З 1664 жалаваны іканапісец Аружэйнай палаты, кіраўнік іканапіснай майстэрні. Пісаў парсуны, фрэскі і кіраваў размалёўваннем Архангельскага і Успенскага сабораў (1660), размалёўваў царскую палату (1657), сцены Гранавітай палаты (1668) у Маскоўскім Крамлі, выканаў абразы для царквы Тройцы ў Нікітніках (1656—57). Чарціў геагр. карты і планы, ствараў малюнкі для гравёраў і сам займаўся афортам («Сем смертных грахоў», 1665). У рус. жывапісе канца 17 ст. выступіў рэфарматарам: выкарыстоўваючы традыц. іканаграфічныя схемы, імкнуўся да святлоценявой лепкі формы, мяккасці пераходаў, аб’ёмнасці лікаў, жыццёвасці, што вызначала пераход ад сярэдневяковых канонаў да свецкага рэаліст. мастацтва: абразы «Тройца» (1671), «Нерукатворны Спас» (1677), карціна «Маці Божая Уладзімірская» («Дрэва Маскоўскай дзяржавы», 1668). Свае эстэт. погляды выклаў у трактаце «Слова к любатшчацельнаму іконнага пісанія» (каля 1666).
Літ.:
Овчинникова Е.С. Портрет в русском искусстве XVII в. М., 1955: Ананьева Т. С.Ушаков: [Альбом]. Л. [1971].