СУХАДО́ЛЬСКІ Януар Іванавіч (19.9.1797, г. Гродна — 20.3.1875),
бел. жывапісец-баталіст. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі, Польшчы і Расіі. Жывапісу вучыўся ў Варшаве ў А.Брадоўскага (з 1815), у Рыме ў К.Вернэ (1832—37). Удзельнік паўстання 1830—31. Стварыў рамант. карціны на гіст. тэматыку «Бітва пад Рашынам» (1832), «Бітва пад Самасьерай» (1860), «Пераход арміі Напалеона цераз Бярэзіну» (1866). Аўтар серыі батальных кампазіцый на тэму рус.-перс. і рус.-тур. войнаў, у якіх удзельнічаў сам: «Узяцце крэпасці Карс», «Узяцце Ачакава», «Штурм крэпасці Ахалцых», «Фельдмаршал Паскевіч прымае дэлегацыю жыхароў Эрзурума», «Асада крэпасці Абасабад» і інш. Сярод інш. твораў: «Сцэна з 1831 года», «Заключэнне Туркманчайскага міру», «Паляванне на аленя», «Дзед з унукам на паляванні» і інш. У творчасці С. дакументальная дакладнасць адлюстравання спалучаецца з выдатна распрацаванай кампазіцыяй, яркай маляўнічасцю жывапісных вырашэнняў.
Літ.:
Дробаў Л.М. Беларускія мастакі XIX ст.Мн., 1971;
Яго ж. Живопись Белоруссии XIX—начала XX в. Мн., 1974.
Л.Н.Дробаў.
Я.Сухадольскі. Пераход арміі Напалеона цераз Бярэзіну. 1866.