ПРУДО́Н ((Prud’hon) П’ер Поль) (4.4.1758, г. Клюні, Францыя — 14.2.1823),
французскі жывапісец і рысавальшчык. Вучыўся ў Ф.Дэвожа ў Дыжоне (да 1780) і ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы (да 1783). Наведаў Італію (1784—89). Зазнаў уплывы ант. мастацтва, Леанарда да Вінчы і Карэджа. У творчасці спалучаў строгія рысы позняга класіцызму з інтымнасцю, грацыяй і жывапіснай мяккасцю мастацтва 18 ст.; часам экзальтацыя і сентыментальнасць яго твораў папярэднічалі стылістыцы рамантызму. Аўтар карцін і пано на міфалагічныя і алегарычныя сюжэты («Мудрасць і Праўда сыходзяць на зямлю», 1799; «Псіхею выкрадаюць Земфіры», «Правасуддзе і Пакаранне праследуюць Злачынства», абедзве 1808; «Венера і Адоніс», 1812; «Зефір гайдаецца на водах», 1814), партрэтаў (пары Антоні, 1796; імператрыцы Жазефіны, 1805; мадам Жар, 1822), ілюстрацый да кн. «Новая Элаіза» Ж.Ж.Русо, «Дафніс і Хлоя» Лонга і інш. Графічныя творы вызначаюцца тонкасцю і смелай выразнасцю святлоценявой мадэліроўкі (партрэт К.Маер).