ПЕРУ́ЦЫ ((Pemzzi) Бальдасарэ) (хрышчаны 7.3.1481, г. Сіена, Італія — 6.1.1536),
італьянскі архітэктар і жывапісец. Супрацоўнічаў з Д.Брамантэ і Рафаэлем. У творчасці спалучаў прынцыпы Высокага Адраджэння з ранне-маньерыстычнымі тэндэнцыямі. Раннім пабудовам уласцівы лірычнасць і вытанчаная лёгкасць форм, больш познім — кантрасты нясучых і нясёных элементаў, напружана-дынамічная сувязь кампазіцыі з гар. асяроддзем. Сярод пабудоў: віла Фарнезіна (1509—11) і Палацца Масіма але Калоне (1536) у Рыме, партал царквы Сан-Франчэска (1519) у Сіене, палац Фарнезе (1535) у Капрароле і інш. З 1520 кіраваў буд-вам сабора св. Пятра ў Рыме. Аўтар манум. размалёвак, якія вызначаюцца тонкім дэкаратывізмам, часам ілюзіяністычнымі эфектамі: фрэскі ў царкве Сант-Анофрыо (каля 1503), на віле Фарнезіна (з 1511), у капэле Панцэці царквы Санта-Марыя дэла Пачэ (1516—17) у Рыме, у царкве Фантэджуста (1528), на віле Белькара (1530) у Сіене і інш. Афармляў спектаклі і феерыі, паўплываў на развіццё перспектыўнай тэатр. дэкарацыі.