УШАКО́Ў Сімон (Пімен) Фёдаравіч (1626, Масква — 25.6.1686),

рускі жывапісец. Жыў у Маскве. У 1648—64 знаменшчык у Сярэбранай і Залатой палатах. З 1664 жалаваны іканапісец Аружэйнай палаты, кіраўнік іканапіснай майстэрні. Пісаў парсуны, фрэскі і кіраваў размалёўваннем Архангельскага і Успенскага сабораў (1660), размалёўваў царскую палату (1657), сцены Гранавітай палаты (1668) у Маскоўскім Крамлі, выканаў абразы для царквы Тройцы ў Нікітніках (1656—57). Чарціў геагр. карты і планы, ствараў малюнкі для гравёраў і сам займаўся афортам («Сем смертных грахоў», 1665). У рус. жывапісе канца 17 ст. выступіў рэфарматарам: выкарыстоўваючы традыц. іканаграфічныя схемы, імкнуўся да святлоценявой лепкі формы, мяккасці пераходаў, аб’ёмнасці лікаў, жыццёвасці, што вызначала пераход ад сярэдневяковых канонаў да свецкага рэаліст. мастацтва: абразы «Тройца» (1671), «Нерукатворны Спас» (1677), карціна «Маці Божая Уладзімірская» («Дрэва Маскоўскай дзяржавы», 1668). Свае эстэт. погляды выклаў у трактаце «Слова к любатшчацельнаму іконнага пісанія» (каля 1666).

Літ.:

Овчинникова Е.С. Портрет в русском искусстве XVII в. М., 1955: Ананьева Т. С.​Ушаков: [Альбом]. Л. [1971].

С.Ушакоў. Маці Божая Уладзімірская. 1668.

т. 16, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)