ЯНІ́ЦКАЯ Мая Міхайлаўна (н. 22.5.1931, б. хутар Валянцінава Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1974). Скончыла Усесаюзны завочны ін-тсав. гандлю (1955). З 1958 працавала ў выд-вах «Звязда» і «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (1974—77, у 1975—76 заг. рэдакцыі), Мін-ве мясц. прам-сці і быт. абслугоўвання насельніцтва Беларусі, у 1971—74, 1977—91 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, у 1991—94 у Нац.навук.-асветніцкім цэнтры імя Ф.Скарыны, з 1997 у Бел.дзярж. ін-це праблем культуры. Даследуе гісторыю бел. культуры, у т. л. гісторыю маст. шкла, творчасць мастакоў дэкар.-прыкладнога мастацтва, праблемы сучаснага бел. мастацтва. Аўтар раздзелаў па дэкар.-прыкладным мастацтве ў «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1—6, 1987—94); аўтар прадмовы і складальнік раздзелаў па шкле, фарфоры, фаянсе і металапластыцы ў каталогу выстаўкі «Мадэрн са збораў беларускіх музеяў» (1990, г. Плоцк, Польшча); складальнік раздзела па дэкар.-прыкладным мастацтве ў альбоме-каталогу «Беларускае мастацтва XX стагоддзя» (2003) рэсп. выстаўкі «Беларусь — трэцяму тысячагоддзю» і інш. Адзін з аўтараў і навук.рэдактар «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88), серыйнага навук. выдання «Вяртанне» (1992—97), першага мультымедыйнага выдання «Беларуская культура. Лепшыя старонкі: Іканапіс. Традыцыйны касцюм. Архітэктура. 100 рарытэтаў з музеяў Беларусі» (2000).
Тв.:
Беларускае мастацкае шкло XVI—XVIII стст. Мн., 1977;
Вытокі шкларобства Беларусі. Мн., 1980;
Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX стагоддзя. Мн., 1984;
Гісторыя шкляной вясёлкі. Мн., 1986;
Художественное стекло Советской Белоруссии. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́ДАЎ Мікалай Ільіч (21.12.1890, С.-Пецярбург — 4.12.1972),
бел. кампазітар і педагог. Нар.арт. Беларусі (1955). Скончыў С.-Пецярбургскую кансерваторыю экстэрнам (1910). Працаваў ва Усх. кансерваторыі (Казань), у Дзярж. ін-це муз. навукі (Масква). Уваходзіў у Беларускую песенную камісію. З 1924 у Мінску. Адзін з арганізатараў і выкладчыкаў Бел.муз. тэхнікума і кансерваторыі (з 1946 праф., у 1944—48 дырэктар), удзельнічаў у стварэнні бел. кампазітарскай арганізацыі (1932). Рэдактар многіх муз. выданняў (у т. л. твораў М.Чуркіна, Р.Пукста), збіральнік і даследчык бел., марыйскага, чувашскага, якуцкага фальклору, аўтар апрацовак нар. песень. Творчасць адметная праграмнасцю, сімфанічнасцю мыслення, шырокім выкарыстаннем сродкаў поліфаніі, нац. характэрнасцю музыкі. Сваімі творамі 1920—30-х г. залажыў асновы такіх жанраў бел.прафес. музыкі, як кантата («10 год», 1927), вак.-сімф. паэма («Над ракою Арэсай» на вершы Я.Купалы, 1933), камерна-інстр. ансамбль (фп. квінтэт, 1925). Своеасаблівасцю жанравага вырашэння вылучаецца опера «Тарас на Парнасе» — «муз.-драм. жарт» (па матывах бел. ананімных паэм «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат» і паэмы В.Дуніна-Марцінкевіча «Гапон», 1927). Стварыў першыя ў бел. музыцы ўзоры драм. (2-я, 1930) і лірыка-псіхалагічнай (4-я і 5-я, 1954—56) сімфоніі.
Інш. тв.: опера «Андрэй Касценя» (1947, паст. 1970); кантата «Сорак год» (1956); 10 сімфоній (1921—71), сімфаньета (1936), сімф. паэма «З дзённіка партызана» і сімфонія-балада «У суровыя дні» (1942), 4 сюіты-фантазіі для сімф.арк., канцэртныя фантазіі для скрыпкі і флейты з арк.; камерныя ансамблі; санаты; зб. рамансаў на вершы А.Кальцова, Я.Купалы, М.Багдановіча, М.Танка, Н.Гілевіча і інш.; хары, песні.
Літ.:
Кулешова Г.Г. Н.И.Аладов. Л., 1970;
Аладава Р.М. М.І.Аладаў // Бел. музыка. Мн., 1977. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́ЕНКА Кастусь (Канстанцін Ціханавіч; 12.12.1918, в. Гайшын Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 15.9.1988),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1940). Працаваў у час. «Беларусь» (1945—62), з 1962 гал.рэдактарчас. «Бярозка», у 1972—86 — час. «Полымя». Друкаваўся з 1939. Паэзія К. непарыўна звязана з лёсам свайго пакалення, якое прайшло праз выпрабаванні вайной (зб. «Ранак ідзе», 1945). Тонкая настраёвасць і лірызм у ёй спалучаюцца з узнёслым пачуццём любові да роднай зямлі, са свежасцю і багаццем адценняў перажыванняў: зб-кі «Пасля навальніцы» (1947), «Мая рэспубліка» (1949), «Маякі», «Родны свет» (абодва 1952), «Любоў і дружба» (1955), «Светлая хваля» (1959). Творы больш позняга часу вызначаюцца схільнасцю да абагульненняў, філас. разважанняў над праблемамі часу: кн. «Смага» (1962, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964), «Цёплая радуга» (1966), «Кніга ста песень» (1971, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1972), «Слухайце ластавак» (1974), «Сіні вырай» (1976), «Вёсны веснаваць» (1979), «Дэкрэтам сэрца» (1983), «Калыска вятроў», «Надзея» (абедзве 1985), ліра-эпічная паэма «Трыпутнік» (1976). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Ручаіны шукаюць ракі» (1967), «Вандроўнае шчасце. Рыбацкая паэма» (1988), публіцыстыкі «Амерыка здалёку і зблізку» (1971), успамінаў і эсэ «Заўсёды з Радзімай» (1980). Пісаў для дзяцей: паэма «Алёнчына школа» (1951), зб-кі вершаў і паэм «Зялёнае рэха» (1953), «Прысяга» (1969), «Размова з капітанам» (1987), апавяданняў «Алесева кніжка» (1972). На вершы К. напісалі песні М.Аладаў, У.Алоўнікаў, У.Буднік, Ю.Семяняка, С.Палонскі і інш. Перакладаў творы рус., укр., малд., лат. і інш. пісьменнікаў.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1986—88.
Літ.:
Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 196—213;
Гурская А. Адказнасць перад часам: Нарыс творчасці К.Кірэенкі. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́БАН Мікола (Мікалай Паўлавіч; 27.10.1911, в. Чаплічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 28.12.1984),
бел. пісьменнік, мовазнавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1974). Канд.філал.н. (1953). Скончыў БДУ (1945). У 1944—67 і 1968—75 працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, у 1967—68 у Гал. рэдакцыі Бел. энцыклапедыі. Друкаваўся з 1930. Першая кніга — аповесць «Іркуцянка» (1953). У трылогіі «На парозе будучыні» (1961—63), «Гарадок Устронь» (1967—68), «Шэметы» (1981) праз выразныя і каларытныя чалавечыя характары адлюстраваў пераломныя перыяды ў гісторыі краіны з пач. 20 ст. (рэвалюцыя, грамадз. вайна, калектывізацыя, барацьба супраць фашызму ў Вял.Айч. вайну). У творы паказана вясковае жыццё ў яго разнастайных, асабліва сац.-быт. праявах, перададзены складаныя і супярэчлівыя тэндэнцыі часу, створана разгалінаванае, напоўненае ўнутр. драматызмам сюжэтнае дзеянне, трапна выкарыстаны жывая нар. мова, экспрэсіўна-выяўленчыя магчымасці дыялектнага слова, стрыманы, лаканічна-дзелавы стыль. Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці (зб. «Пяць раніц тыдня», 1984; Літ. прэмія імя І.Мележа 1985). Адзін з укладальнікаў «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М.Р.Суднікам, 1948, 5-е выд. 1982), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962). Кіраваў працай па стварэнні «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84; рэдактарт. 1). На бел. мову пераклаў (з Э.Агняцвет) «У людзях» М.Горкага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТУКО́ЎСКІ Мікалай Ягоравіч (н. 12.9.1929, в. Калюціна Расонскага р-на Віцебскай вобл.),
бел.драматург.Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Скончыў БДУ (1956). Працаваў у Расонскім райкоме ЛКСМБ і раённай газеце. З 1952 у газ. «Звязда», на Бел. радыё, з 1964 гал.рэдактар рэпертуарна-рэд. калегіі Мін-ва культуры Беларусі, з 1966 уласны карэспандэнт, заг.Бел. аддзялення газ. «Известия». З 1993 у газ. «Рэспубліка», у 1995—98 кіраўнік літ. часткі Нац.т-ра імя Я.Купалы. Друкуецца з 1950. Першая п’еса — камедыя-вадэвіль «Мужчына, будзь мужчынам!» (паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача, 1966). Шырокую вядомасць набылі яго сатыр. камедыі «Амністыя» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1970; аднайм. кінафільм, 1982) і «Мудрамер» (паст. там жа, 1987; Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Дынамічнасцю і займальнасцю сюжэта, праўдзівасцю і глыбінёй пранікнення ў чалавечыя характары вызначаюцца драмы «Тры дні і тры ночы» (паст. 1967), «Апошняя інстанцыя» (паст.Дзярж. рускім драм. т-рам, 1974), «Наследны прынц» (паст. пад назвай «Наследнік», 1976), «Паядынак» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1984), «Бездань» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1992), камедыя-фарс «Калізей» (паст. Магілёўскім абл. т-рам драмы і камедыі, 1992). У цэнтры п’ес востранадзённыя маральна-этычныя праблемы сучаснасці, пытанні выхавання моладзі, сямейных узаемаадносін. Аўтар камедыі «Зомбі, альбо «Мудрамер-два» (1998), п’ес «Сярэбраная табакерка» (паводле казкі З.Бядулі, нап. 1998), «Беражыце эдэльвейсы» (паводле матываў «Альпійскай балады» В.Быкава, нап. 1999), сцэнарыяў фільмаў: дакумент. «Мінск — горад-герой» (1974), «Імгненне перамогі» (1975), маст. «Сын старшыні» (1976), «Траянскі конь» (1980). Піша нарысы, эсэ, публіцыст. артыкулы (кн. «Чужая бяда», 1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМЦЭ́ВІЧ Юльян Урсын (16.2.1758, в. Скокі Брэсцкага р-на — 21.5.1841),
пісьменнік, паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, гісторык. Вучыўся ў Рыцарскай школе ў Варшаве (1770—77). З 1777 ад’ютант А.К.Чартарыйскага. У 1788—92 пасол на Чатырохгадовы сейм, удзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі 3 мая 1791. З 1791 чл. Адукацыйнай камісіі. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1792 у эміграцыі. У час паўстання 1794 ад’ютант і сакратар Т.Касцюшкі. Пасля задушэння паўстання зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць у Пецярбургу. З 1796 у ЗША. У 1807 вярнуўся, займаў пасаду сакратара Сената Варшаўскага княства, з 1813 — Сената Каралеўства Польскага. Падарожнічаў па Беларусі (1809, 1816, 1819). Чл.Т-ва сяброў навук у Варшаве (старшыня з 1827). Удзельнік паўстання 1830—31. З 1833 у эміграцыі ў Парыжы. У паліт. камедыі «Вяртанне пасла» (1790) выказаўся за сац. рэформы ў Рэчы Паспалітай, вызваленне сялян ад прыгону. Аўтар зб-каў «Літоўскія пісьмы» (1812), дзе адлюстравана бел. тэматыка, цыкла «Гістарычныя песні» (1816), раманаў «Два паны Сяцехі» (1815), «Ян з Тэнчына» (1825) і інш. У кн. «Гістарычныя падарожжы па польскіх землях, што адбыліся ад 1811 да 1828 гг.» (1858) апісаў Брэст, Гродна, Навагрудак, жыццё бел. сялян. Напісаў «Гісторыю панавання Жыгімонта III» (т. 1—3, 1818—19), «Сучасную гісторыю» (1863), «Жыцці значных людзей XVIII ст.» (1904). Ініцыятар і рэдактар выдання «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу» (т. 1—7, 1822—36), у які ўключыў «Дыярыушы» С. і Б.Маскевічаў. Аўтар шматлікіх мемуараў, у т. л. «Дзённікаў часоў маіх» (1848, дапоўненае выд., т. 1—2, 1957).
Тв.:
Dzieła poetyczne wierszem i prozą. T. 1—12. Lipsk, 1838-43.
Літ.:
Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУРКО́Ў Аляксей Аляксандравіч (13.10.1899, в. Сераднёва Рыбінскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 14.6.1983),
рускі паэт, грамадскі дзеяч. Герой Сац. Працы (1969). Засл. дз. культ. Арменіі (1970). Скончыў Ін-т чырвонай прафесуры ў Маскве (1934). У 1944—46 гал.рэдактар «Литературной газеты», у 1945—53 час. «Огонек». Друкаваўся з 1918. Першая кніга вершаў — «Запеў» (1930). Зб-кі вершаў «Апошняя вайна» (1933), «Так мы раслі» (1940) прасякнутыя героікай грамадз. вайны. У песнях «Зямлянка» («Б’ецца ў цеснай пячурцы агонь...»), «Песня смелых» і інш. (Дзярж. прэмія СССР 1946), зб-ках «Снежань пад Масквой» (1942), «Расія караючая» (1944), «Свету — мір!» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Песні пра чалавецтва» (1961), «Што такое шчасце?» (1969) услаўленне парыву да перамогі, барацьбы за мір. Неаднаразова бываў на Беларусі: удзельнік вызвалення Зах. Беларусі (1939), прысутнічаў на Нар. сходзе Зах. Беларусі (28—30.10.1939, Беласток) і інш. Па матывах бел.нар. песень напісаў вершы «Над зялёнай магілай», «Заспявала дзяўчына», «Удовіна». Партызанам Беларусі, гераізму, мужнасці і стойкасці яе народа ў Вял.Айч. вайну прысвяціў вершы «Дзед Талаш», «Беларусь», «Вораг увайшоў у мой дом і разбіў...», «Клятва над кроўю», «Лясны бой пад Полацкам». Да 35-годдзя літ. дзейнасці Я.Купалы напісаў арт. «Народны паэт» (1940) і інш. Перакладаў вершы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, А.Куляшова, А.Александровіча, М.Машары. На бел. мову асобныя вершы С. перакладалі А.Астрэйка, С.Дзяргай, М.Аўрамчык, А.Вялюгін, Х.Жычка, А.Звонак, К.Кірэенка, У.Шахавец.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1978—80;
Бел.пер. — у кн.: Анталогія рускай савецкай паэзіі. Мн., 1936;
Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.
Літ.:
Резник О.С. Алексей Сурков: Путь поэта. 3 изд. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЯПА́НАЎ Барыс Іванавіч (28.4.1913, С.-Пецярбург — 7.12.1987),
бел. фізік; заснавальнік навук. школы па спектраскапіі і лазернай фізіцы. Акад.АН Беларусі (1953), д-рфіз.-матэм.н. (1949), праф. (1953). Герой Сац. Працы (1973). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Ленінградскі ун-т (1936). З 1934 у Дзярж. аптычным ін-це (Ленінград). З 1953 у Ін-це фізікі АН Беларусі (у 1957—85 дырэктар). Адначасова ў 1953—67 заг. кафедры ў БДУ. У 1964—87 гал.рэдактар «Журнала прикладной спектроскопии». Навук. працы па тэарэт. спектраскапіі, люмінесцэнцыі, лазернай фізіцы, галаграфіі, оптыцы рассейвальных асяроддзяў, гісторыі навукі. Распрацаваў тэорыю ваганняў шмататамных малекул, квантава-мех. тэорыю люмінесцэнцыі складаных малекул, асновы спектраскапіі адмоўных светлавых патокаў і тэорыю адмоўнай люмінесцэнцыі. Вывеў універсальныя суадносіны паміж спектрамі паглынання і выпрамянення складаных малекул і паўправаднікоў (1957; Сцяпанава універсальныя суадносіны). Пад яго кіраўніцтвам даследавана з’ява аптычнай генерацыі ў растворах складаных арган. злучэнняў, створаны лазеры новага тыпу з плаўнай пераналадкай частаты ў шырокім дыяпазоне спектра, распрацаваны фіз. асновы дынамічнай галаграфіі і новыя метады пераўтварэння прасторавай структуры светлавых пучкоў. Яго імем названы Ін-т фізікі Нац.АН Беларусі. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1972, 1982. Дзярж. прэмія Беларусі 1976. Залаты медаль імя С.І.Вавілава АНСССР (1967).
Тв.: Основы спектроскопии отрицательных световых потоков. Мн., 1961; Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 1—2. Мн., 1966—68 (у сааўт.); Колебания молекул. 2 изд. М., 1972 (у сааўт.); Очерки по истории оптической науки. Мн.,1978; Лазеры на красителях. М., 1979; Введение в современную оптику. [Т. 1—5], Мн., 1989—91.
Літ.:
Биобиблиографический указатель научных трудов академика АНБССР Б.И.Степанова. Мн., 1983;
Б.І.Сцяпанаў // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-мат. навук. 1993. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУ́МАН (Schumann) Роберт (8.6.1810, г. Цвікаў, Германія — 29.7.1856),
нямецкі кампазітар і музычны крытык. У 1834—44 рэдактар і гал. аўтар заснаванага ім час. «Neue Zeitschrift für Musik» («Новы музычны часопіс»). У 1843 праф. кансерваторыі ў Лейпцыгу, з 1846 кіраўнік хароў у Дрэздэне, у 1850—53 гар. музік-дырэктар у Дзюсельдорфе. Адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў муз. рамантызму. Развіваў рэаліст., дэмакр. тэндэнцыі рамант. мастацтва, узбагаціў музыку новымі формамі, прыёмамі меладычнага і гарманічнага пісьма, стварыў своеасаблівы фартэпіянны стыль. Творчасць Ш. адметная парывістасцю, палкасцю, псіхал. паглыбленасцю, яркай характарыстычнасцю. Яго песням часткова аб’яднаным у цыклы на аснове сюжэтнага, псіхал. або маст.-паэт. адзінства, уласцівы праўдзівасць, глыбіня лірычнага выказвання, тонкая перадача своеасаблівасцей паэт. тэксту. Аўтар праграмных фартэпіянных цыклаў «Матылькі» (1831), «Карнавал» (1835), «Танцы давідсбюндлераў» (1837) і інш.; лірыка-драм. цыклаў «Каханне паэта», «Кола песень», «Каханне і жыццё жанчыны» (усе 1840). Паўплываў на развіццё рамант. фартэпіяннай санаты і варыяцый («Сімфанічныя эцюды»; 2-я рэд. 1852). Творы для фп. вылучаюцца ідэйна-эмацыянальнай насычанасцю і маштабнасцю. Сярод інш. твораў: опера «Генавева» (1838), 4 сімфоніі (1841—51), канцэрты для фп. (1845), віяланчэлі (1850), скрыпкі (1853) з аркестрам, камерныя і хар. творы, музыка да драм. паэмы «Манфрэд» Дж.Байрана (1849) і інш. Займаўся гастрольнай дзейнасцю, у т. л. з жонкай, піяністкай К.Шуман. Аўтар муз.-крытычных і літ. артыкулаў.
Літ. тв.: Рус.пер. — Избр. статьи о музыке. М., 1956; Жизненные правила для музыкантов. М., 1959: Письма. Т. 1—2. М., 1970—82.
Літ.:
Житомирский Д.В. Роберт Шуман. М., 1964;
Яго ж. Роберт и Клара Шуман в России. М., 1962;
Амброс А.В. Роберт Шуман: Жизнь и творчество: Пер. с нем. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯНКО́ЎСКІ Фёдар Міхайлавіч (21.9.1918, в. Клетнае Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 13.11.1989),
бел. мовазнавец, пісьменнік; заснавальнік бел.фразеалогіі. Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Д-рфілал.н. (1970), праф. (1971). Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1948). Працаваў настаўнікам. З 1953 у Мінскім пед. ін-це (у 1956—82 заг. кафедры). Даследаваў фанетыку, арфаэпію, лексіку, фразеалогію, граматыку бел.нар. і літ. мовы, яе гісторыю: «Дыялектны слоўнік» (вып. 1—3, 1959—70), «Беларускае літаратурнае вымаўленне» (1960), «Беларуская фразеалогія» (1981), «Гістарычная граматыка беларускай мовы» (1983) і інш. Упершыню ў бел. мовазнаўстве раскрыў сутнасць перакладу фразеалагізмаў (немагчымасць даслоўнага перакладу, неабходнасць падбору адпаведнікаў у мове перакладу). Складальнік зборнікаў крылатых слоў і афарызмаў, прыказак і прымавак, параўнанняў, фразеалагічных і тлумачальных слоўнікаў: «Крылатыя словы і афарызмы: 3 беларускіх літаратурных крыніц» (1960), «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» (1962), «Беларуская фразеалогія. Фразеалагізмы, іх значэнне і ўжыванне» (1968), «Фразеалагічны слоўнік. Для сярэдняй школы» (1973, у сааўт.). Адзін з аўтараў і рэдактар дапаможнікаў для ВНУ («Сучасная беларуская літаратурная мова», 1976, і інш.). Пісаў навелы, апавяданні, літ. мініяцюры (кн. «Абразкі», 1975; «Прыпыніся на часіну», 1979; «І за гарою пакланюся», 1982; «Радасць і боль», 1984; «Само слова гаворыць», 1986; «З нялёгкіх дарог», 1988) і інш.
Тв.:
Пытанні культуры мовы. Мн., 1961;
Роднае слова. 2 выд.Мн., 1972;
Беларускія народныя параўнанні. Мн., 1973;
Беларуская мова. 3 выд.Мн., 1978;
Сучасная беларуская мова. Мн., 1984.
Літ.:
Шупенька Г. З любасцю да чалавека і яго слова // Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;
Библиографический указатель по славянскому и общему языкознанию: Профессор Ф.М.Янковский. Самарканд, 1984;
Улюбёны ў роднае слова: Да 80-годдзя з дня нараджэння прафесара Ф.М.Янкоўскага. Мн., 2000.