АЛА́ДАЎ Мікалай Ільіч
(21.12.1890, С.-Пецярбург — 4.12.1972),
бел. кампазітар і педагог. Нар. арт. Беларусі (1955). Скончыў С.-Пецярбургскую кансерваторыю экстэрнам (1910). Працаваў ва Усх. кансерваторыі (Казань), у Дзярж. ін-це муз. навукі (Масква). Уваходзіў у Беларускую песенную камісію. З 1924 у Мінску. Адзін з арганізатараў і выкладчыкаў Бел. муз. тэхнікума і кансерваторыі (з 1946 праф., у 1944—48 дырэктар), удзельнічаў у стварэнні бел. кампазітарскай арганізацыі (1932). Рэдактар многіх муз. выданняў (у т. л. твораў М.Чуркіна, Р.Пукста), збіральнік і даследчык бел., марыйскага, чувашскага, якуцкага фальклору, аўтар апрацовак нар. песень. Творчасць адметная праграмнасцю, сімфанічнасцю мыслення, шырокім выкарыстаннем сродкаў поліфаніі, нац. характэрнасцю музыкі. Сваімі творамі 1920—30-х г. залажыў асновы такіх жанраў бел. прафес. музыкі, як кантата («10 год», 1927), вак.-сімф. паэма («Над ракою Арэсай» на вершы Я.Купалы, 1933), камерна-інстр. ансамбль (фп. квінтэт, 1925). Своеасаблівасцю жанравага вырашэння вылучаецца опера «Тарас на Парнасе»—«муз.-драм. жарт» (па матывах бел. ананімных паэм «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат» і паэмы В.Дуніна-Марцінкевіча «Гапон», 1927). Стварыў першыя ў бел. музыцы ўзоры драм. (2-я, 1930) і лірыка-псіхалагічнай (4-я і 5-я, 1954—56) сімфоніі.
Інш. тв.: опера «Андрэй Касценя» (1947, паст. 1970); кантата «Сорак год» (1956); 10 сімфоній (1921—71), сімфаньета (1936), сімф. паэма «З дзённіка партызана» і сімфонія-балада «У суровыя дні» (1942), 4 сюіты-фантазіі для сімф. арк., канцэртныя фантазіі для скрыпкі і флейты з арк.; камерныя ансамблі; санаты; зб. рамансаў на вершы А.Кальцова, Я.Купалы, М.Багдановіча, М.Танка, Н.Гілевіча і інш.; хары, песні.
Літ.:
Кулешова Г.Г. Н.И.Аладов. Л., 1970;
Аладава Р.М. М.І.Аладаў // Бел. музыка. Мн., 1977. Вып. 2.
С.Г.Нісневіч.
т. 1, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)