СЦЯПА́НАЎ Барыс Іванавіч (28.4.1913, С.-Пецярбург — 7.12.1987),
бел. фізік; заснавальнік навук. школы па спектраскапіі і лазернай фізіцы. Акад.АН Беларусі (1953), д-рфіз.-матэм.н. (1949), праф. (1953). Герой Сац. Працы (1973). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Ленінградскі ун-т (1936). З 1934 у Дзярж. аптычным ін-це (Ленінград). З 1953 у Ін-це фізікі АН Беларусі (у 1957—85 дырэктар). Адначасова ў 1953—67 заг. кафедры ў БДУ. У 1964—87 гал. рэдактар «Журнала прикладной спектроскопии». Навук. працы па тэарэт. спектраскапіі, люмінесцэнцыі, лазернай фізіцы, галаграфіі, оптыцы рассейвальных асяроддзяў, гісторыі навукі. Распрацаваў тэорыю ваганняў шмататамных малекул, квантава-мех. тэорыю люмінесцэнцыі складаных малекул, асновы спектраскапіі адмоўных светлавых патокаў і тэорыю адмоўнай люмінесцэнцыі. Вывеў універсальныя суадносіны паміж спектрамі паглынання і выпрамянення складаных малекул і паўправаднікоў (1957; Сцяпанава універсальныя суадносіны). Пад яго кіраўніцтвам даследавана з’ява аптычнай генерацыі ў растворах складаных арган. злучэнняў, створаны лазеры новага тыпу з плаўнай пераналадкай частаты ў шырокім дыяпазоне спектра, распрацаваны фіз. асновы дынамічнай галаграфіі і новыя метады пераўтварэння прасторавай структуры светлавых пучкоў. Яго імем названы Ін-т фізікі Нац.АН Беларусі. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1972, 1982. Дзярж. прэмія Беларусі 1976. Залаты медаль імя С.І.Вавілава АНСССР (1967).
Тв.: Основы спектроскопии отрицательных световых потоков. Мн., 1961; Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 1—2. Мн., 1966—68 (у сааўт.); Колебания молекул. 2 изд. М., 1972 (у сааўт.); Очерки по истории оптической науки. Мн.,1978; Лазеры на красителях. М., 1979; Введение в современную оптику. [Т. 1—5], Мн., 1989—91.
Літ.:
Биобиблиографический указатель научных трудов академика АНБССР Б.И.Степанова. Мн., 1983;
Б.І.Сцяпанаў // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-мат. навук. 1993. № 2.