НЯМЦЭ́ВІЧ (Юльян Урсын) (16.2.1758, в. Скокі Брэсцкага р-на — 21.5.1841),
пісьменнік, паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, гісторык. Вучыўся ў Рыцарскай школе ў Варшаве (1770—77). З 1777 ад’ютант А.К.Чартарыйскага. У 1788—92 пасол на Чатырохгадовы сейм, удзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі 3 мая 1791. З 1791 чл. Адукацыйнай камісіі. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1792 у эміграцыі. У час паўстання 1794 ад’ютант і сакратар Т.Касцюшкі. Пасля задушэння паўстання зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць у Пецярбургу. З 1796 у ЗША. У 1807 вярнуўся, займаў пасаду сакратара Сената Варшаўскага княства, з 1813 — Сената Каралеўства Польскага. Падарожнічаў па Беларусі (1809, 1816, 1819). Чл.Т-ва сяброў навук у Варшаве (старшыня з 1827). Удзельнік паўстання 1830—31. З 1833 у эміграцыі ў Парыжы. У паліт. камедыі «Вяртанне пасла» (1790) выказаўся за сац. рэформы ў Рэчы Паспалітай, вызваленне сялян ад прыгону. Аўтар зб-каў «Літоўскія пісьмы» (1812), дзе адлюстравана бел. тэматыка, цыкла «Гістарычныя песні» (1816), раманаў «Два паны Сяцехі» (1815), «Ян з Тэнчына» (1825) і інш. У кн. «Гістарычныя падарожжы па польскіх землях, што адбыліся ад 1811 да 1828 гг.» (1858) апісаў Брэст, Гродна, Навагрудак, жыццё бел. сялян. Напісаў «Гісторыю панавання Жыгімонта III» (т. 1—3, 1818—19), «Сучасную гісторыю» (1863), «Жыцці значных людзей XVIII ст.» (1904). Ініцыятар і рэдактар выдання «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу» (т. 1—7, 1822—36), у які ўключыў «Дыярыушы» С. і Б.Маскевічаў. Аўтар шматлікіх мемуараў, у т. л. «Дзённікаў часоў маіх» (1848, дапоўненае выд., т. 1—2, 1957).
Тв.:
Dzieła poetyczne wierszem i prozą. T. 1—12. Lipsk, 1838-43.
Літ.:
Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968.