КАРА́ЕЎ Кара Абульфаз аглы (5.2.1918, Баку — 13.5.1982),
азербайджанскі кампазітар, педагог. Нар.арт.СССР (1959). Акад.АН Азербайджана (1959). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1946, клас Дз.Шастаковіча). З 1946 выкладаў у Азерб. кансерваторыі (у 1950—53 рэктар, з 1959 праф.). Глыбокае веданне азерб. фальклору, майстэрства кампазіцыі абумовілі самабытны і ярка сучасны муз. стыль К. Сусв. вядомасць набылі яго балеты «Сем прыгажунь» (паст. 1952), «Сцежкаю грому» (паст. 1958; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі — 1960), сімф. паэма «Лейлі і Меджнун» (1947), сімф. гравюры «Дон Кіхот» (1960), 3 сімфоніі (1943—65), канцэрт для скрыпкі з аркестрам (1967). Адна з творчых вяршынь К. — мюзікл «Нястрымны гасконец» (паст. 1978). Сярод інш. твораў: оперы «Радзіма» (з Дж.Гаджыевым, паст. 1945), «Пяшчотнасць» (1972); камерна-інстр. ансамблі; 24 прэлюдыі для фп. (1951—63), 12 фуг (1981); рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1948, Дзярж. прэмія Азербайджана 1965, Ленінская прэмія 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЎЭЛ (Cowell) Генры Дыксан (11.3.1897, Менла Парк, штат Каліфорнія, ЗША — 10.12.1965),
амерыканскі кампазітар, піяніст, тэарэтык, педагог. Вучыўся ў Нью-Йорку і Берліне ў Ч.Сігера і Э.М. фон Хорнбастэля. Заснавальнік (1927) і выдавец (да 1936) серыі нотных выданняў і грамзапісаў «Новы музычны квартальнік» («New Music Quarterly»). У ранніх творах эксперыментаваў у галіне гармоніі, інструментоўкі. У 1932 сканструяваў (з Л.Тэрменам) т. зв. рытмікон — інструмент, які ўзнаўляе адначасова розныя рытмы, напісаў для яго п’есу з арк. «Рытмікана». Збіраў і выкарыстоўваў кельцкія нар. мелодыі, звяртаўся да амер. сельскай музыкі 18 ст. Цікавіўся муз. мастацтвам Усходу (13-я сімфонія «Мадрас», 1958; «Персідскі цыкл» для камернага арк., 1957). Аўтар оперы «О’Хігінс з Чылі» (1949, не скончана), 2 балетаў, 20 сімфоній (пераважна праграмных, 1918—65), п’ес для розных арк. складаў; канцэртаў для фп. (1928), ударных (1958), акардэона (1960); камерна-інстр. ансамбляў (5 стр. квартэтаў, 1916—56), інстр. п’ес, хароў і інш., а таксама кн. «Ч.Айвз і яго музыка» (1955), артыкулаў пра музыку Усходу, Азіі, Афрыкі і інш. Сярод вучняў Дж. Кейдж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ДАЎ Анатоль Канстанцінавіч (11.5. 1855, С.-Пецярбург — 28.8.1914),
рускі кампазітар, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1878, клас М.Рымскага-Корсакава), з 1878 выкладаў у ёй (з 1886 праф.). Прадстаўнік «Новай рус.муз. школы», чл. Бяляеўскага гуртка (з пач. 1880-х г.). Выступаў як дырыжор у «Рускіх сімфанічных канцэртах» і інш. Яго яскрава нац. ў сваёй аснове музыка роднасная музыцы М.Глінкі, А.Барадзіна, Рымскага-Корсакава. Асн. жанр творчасці — мініяцюра (сімфанічная, фп., вакальная). У фп. творах арганічна пераўтвораны некаторыя рысы музыкі Ф.Шапэна, Р.Шумана, у сімф. творах з характэрным багаццем тэмбравага каларыту вызначыўся прынцып камернага сімфанізму. Аўтар апрацовак (больш за 200) і складальнік зборнікаў рус.нар. песень. Сярод твораў: для аркестра — «Баба Яга» (1904), «Восем рускіх народных песень» (1906), «Чароўнае возера», «Пачвара» (абедзве 1909), «Танец амазонкі» (1910), «Журботная песня» (1914); камерна-інстр. ансамблі; для фп. — «Бірулькі» (14 п’ес, 1876), «Арабескі» (1878), «Пра даўніну» (1889), «Баркарола» (1898); хары, рамансы, 18 дзіцячых песень на нар. словы (1887—90).
Літ.:
Михайлов М. А.К.Лядов: Очерк жизни и творчества. 2 изд. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНКЕ́ВІЧ (па мужу Асіповіч) Каміла Вінцэнтаўна
(1837 ?, Мінск ? — пасля 1890),
бел. піяністка, кампазітар, педагог; удзельніца нац.-вызв. руху на Беларусі ў 1860-я г. Дачка В.Дуніна-Марцінкевіча. Ігры на фп. вучылася ў Мінскім пансіёне Мантэграндзі. З 1847 канцэртавала ў Мінску, Слуцку, Кіеве, Варшаве, у т. л. з братам Міраславам. Выконвала творы І.Гумеля, Ф.Ліста, Ф.Шапэна і ўласныя, у т. л. варыяцыі на тэму песні А.Варламава «Чырвоны сарафан», фантазію «У летуценні мінулага». Удзельнічала ў спектаклях Дуніна-Марцінкевіча тэатра. Выкладала музыку ў прыватных пансіёнах. На пач. 1860-х г. арганізавала ў Мінску і мяст. Гарадок на Маладзечаншчыне школы для дзяцей беднаты. У яе доме збіраліся члены мінскай арг-цыі Літоўскага правінцыяльнага камітэта. За ўдзел у дэмакр. руху праследавалася царскімі ўладамі. Ў 1863 саслана пад строгі нагляд паліцыі ў г. Салікамск Пермскай вобл. У 1880-я г. вярнулася на радзіму.
Літ.:
Ахвердава А. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963. С. 148—174;
Барышев Г. Из истории семьи В.И. Дунина-Марцинкевича // Неман. 1961. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСНЭ́ (Massenet) Жуль Эміль Фрэдэрык (12.5.1842, Манто, каля г. Сент-Эцьен, Францыя — 13.8.1912),
французскі кампазітар, педагог. Чл. Ін-та Францыі (1878). Прэзідэнт Акадэміі прыгожых мастацтваў (1910). У 1852—63 (з перапынкам) вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў А.Тама; у 1878—96 яе праф. У 1863 атрымаў Рымскую прэмію. Разам з Ш.Гуно — адзін з вядучых прадстаўнікоў лірычнай оперы. Валодаў яскравым меладычным дараваннем, стварыў гнуткі арыёзна-дэкламацыйны вак. стыль. Сярод твораў: каля 30 опер, у т. л. «Дон Сезар дэ Базан» (паст. 1872), «Манон» (1884), «Вертэр» (1886), «Таіс» і «Наварка» (абедзве 1894), «Сафо» (1897), «Жанглёр Божай Маці» (1902), «Дон Кіхот» (1910), «Панург» (1913); аперэты; балеты «Куранты» (1892), «Цыкада» (1904), «Тарэра» («Эспада», 1908); 4 араторыі (1873, 1875, 1880, 1900); кантаты, у т. л. «Давід Рыцыо» (1863), «Мір і свабода» (1867); 7 праграмных сюіт і інш. для арк.; каля 200 рамансаў і песень, вак. цыклы; музыка да драм. спектакляў і інш. Сярод вучняў: А.Бруно, Ш.Кеклен, Ж.Цьерсо, Г.Шарпанцье, Э.Шасон, Ф.Шміт, Дж.Энеску. Аўтар успамінаў (1912).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПРА́ЎНІК Эдуард Францавіч (24.8.1839, Бішць каля г. Градзец-Кралаве, Чэхія — 23.11.1916),
рускі дырыжор, кампазітар, муз. дзеяч. З 1854 вучыўся ў Арганнай школе і Ін-це Майдэля ў Празе. З 1861 у Расіі, з 1863 пам. капельмайстра, з 1869 першы капельмайстар (гал. дырыжор) Марыінскага т-ра. У 1869—81 кіраваў сімф. канцэртамі Рус.муз.т-ва. Удзельнічаў у пастаноўцы каля 80 опер, дырыжыраваў прэм’ерамі опер Ц.Кюі, А.Сярова, М.Рымскага-Корсакава, П.Чайкоўскага, А.Рубінштэйна і інш. Паставіў тэтралогію «Пярсцёнак нібелунга» Р.Вагнера (1900—05), «Фідэліо» Л.Бетховена (1905), «Арфей і Эўрыдыка» К.В.Глюка (1911) і інш. Аўтар опер «Дуброўскі» (паст. 1855, у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1948), «Ніжагародцы» (паст. 1868), «Гарольд» (паст. 1886), «Франчэска да Рыміні» (паст. 1902), 4 сімфоній (каля 1866—79), сімф. паэм, сюіт для сімф.арк., фантазіі на рус. тэмы для скрыпкі з арк., камерна-інстр. ансамбляў, п’ес для фп., скрыпкі і фп., для віяланчэлі і фп., рамансаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ЛЬСКІ Аляксандр Васілевіч (4.7.1874, с. Уладыкіна Каменскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 19.3.1943),
расійскі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, муз. пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1897—1900). Вучань С.Танеева і інш. З 1894 выкладаў у Маскве ў Нар. кансерваторыі (1912—18), Сінадальным вучылішчы (1915—23), Маскоўскай кансерваторыі (з 1928, з 1935 праф.). У 1923—31 працаваў у Дзярж. ін-це муз. навукі. Даследаваў рус.царк. спевы, нар. песенны фальклор. Аўтар прац «Формы рускіх царкоўных спеваў» (1915), «Кароткі нарыс гісторыі царкоўных спеваў у перыяд I—X стст.», «Голас і слых харавога спевака» (абедзве 1916). Адзін з першых у рус.хар. музыцы выкарыстаў вострагучальныя гарманічныя спалучэнні. Стварыў (разам з П.Часнаковым) новы від хар. партытуры з падзелам галасоў на дробныя тэмбравыя групы. Уваходзіў у Беларускую песенную камісію. Аўтар пераважна царк. музыкі, у т. л. «Літургіі Папярэднеасвечаных дароў» (1907), многіх песнапенняў, а таксама дзіцячых опер. хар. твораў, апрацовак нар. песень, у т. л.бел. «Ой, ляцелі гусі», «А ў лесе, лесе». «Дзе ты, хмелю, начаваў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЧЫ́НІ (Puccini) Джакама (22.12.1858, г. Лука, Італія —29.11.1924),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў Муз. ін-це імя Дж.Пачыні ў г. Лука (з 1872), у Міланскай кансерваторыі (1880—83). Прыхільнік традыцый італьян. опернага мастацтва, найб. значны прадстаўнік верызму. Яго оперы вызначаюцца сцэнічнасцю, гнуткасцю і свабодай форм, узмоцненай роляй аркестра. У музыцы праўдзіва ўвасабляў карціны жыцця простых людзей, унутраны свет герояў. Апіраючыся на італьян.гар. песеннасць і традыцыі вак. стылю бельканта, стварыў яркі, эмацыянальны арыёзна-меладычны стыль. У шэрагу опер не пазбег меладраматызму і сентыментальнасці, характэрных верызму. Лепшыя оперы П. ўвайшлі ў сусв. оперны рэпертуар; сярод іх: «Вілісы» (паст. 1884), «Манон Леско» (паст. 1893), «Багема» (паст. 1896; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1968), «Тоска» (паст. 1900; у Дзярж. т-ры 1937, 1950, 1969), «Чыо-чыо-сан» (паст. 1904; у Дзярж. т-ры 1940, 1943, 1945, 1953), «Дзяўчына з Захаду» (паст. 1910); оперны трыпціх «Плашч», «Сястра Анджэліка», «Джані Скікі» (1918); «Турандот» (закончана Ф.Альфана, паст. 1926).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАНО́К Эдуард Сямёнавіч (н. 18.4.1940, зернесаўгас у Фёдараўскім р-не Кустанайскай вобл., Казахстан),
беларускі кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Нар.арт. Беларусі (1996). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.Глінкі (1962, кл. Я.Глебава), Маскоўскую кансерваторыю (1969, кл. Дз.Кабалеўскага, А.Пірумава). У 1969—72 выкладаў у Крыварожскім пед. ін-це. На Беларусі ў 1946—62 і з 1974. Найб. плённа працуе ў песенным жанры. Яго музыцы ўласцівы вобразнасць, меладычнасць, запамінальнасць з характэрнымі інтанацыяй, гармоніяй і рытмікай. Сярод песень «Зіма», «Давай пагаворым», «Ці. тое яшчэ будзе», «Малінаўка», «Я ў бабулі жыву», «Завіруха», «Вы шуміце, бярозы», «Ты вазьмі мяне з сабой» і інш., многія з якіх напісаны на вершы сучасных бел. паэтаў. Напісаў музыку да драм. спектакляў: «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева, «Кот у ботах» С.Пракоф’ева і Г.Сапгіра (Бел.рэсп.т-р юнага гледача), «Брэсцкая Крэпасць» К.Губарэвіча (Брэсцкі абл.драм.т-р), «Амаральная гісторыя» Э.Брагінскага і Э.Разанава, «Канёк-Гарбунок» паводле казкі П.Яршова (Дзярж.рус.драм.т-р Беларусі). Аўтар музыкі да бел. анімацыйных фільмаў, мюзікла «Маленькая краіна» (у сааўт., 2000. Масква) і інш.
армянскі і рас.кампазітар. Нар.арт.СССР (1954). Герой Сац. Працы (1973). Акад.АН Арменіі (1963), ганаровы чл.Італьян.муз. акадэміі «Санта-Чэчылія» (1960). Д-р мастацтвазнаўства (1965). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1934, кл. М.Мяскоўскага), з 1952 яе праф. і Муз.-пед. ін-та імя Гнесіных. Выступаў і як дырыжор. У меладычна шчырых, рытмічна імпульсіўных творах Х. танальная сістэма еўрап. музыкі арганічна злілася з усх. ладавасцю. Сярод твораў: балеты «Шчасце» (паст. 1939), «Гаянэ» (паст. 1942, новая рэд. 1971), «Спартак» (паст. 1956; у Бел. т-ры оперы і балета 1964), сімф. паэма для хору і арк. (1938); 3 сімфоніі (1934, 1943, 1947), канцэрты для фп. (1936), скрыпкі (1940), віяланчэлі (1946) з арк., канцэрты-рапсодыі для скрыпкі (1961), фп. (1968), віяланчэлі (1963) з арк.; тэатр. музыка, у т. л. да драмы «Маскарад» М.Лермантава (1941) і інш. Аўтар музыкі Дзярж. гімна Арм. ССР (1944). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1950, 1971. Дзярж. прэмія Арменіі 1965.