КАРА́ЕЎ (Кара Абульфаз аглы) (5.2.1918, Баку — 13.5.1982),
азербайджанскі кампазітар, педагог. Нар.арт.СССР (1959). Акад.АН Азербайджана (1959). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1946, клас Дз.Шастаковіча). З 1946 выкладаў у Азерб. кансерваторыі (у 1950—53 рэктар, з 1959 праф.). Глыбокае веданне азерб. фальклору, майстэрства кампазіцыі абумовілі самабытны і ярка сучасны муз. стыль К. Сусв. вядомасць набылі яго балеты «Сем прыгажунь» (паст. 1952), «Сцежкаю грому» (паст. 1958; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі — 1960), сімф. паэма «Лейлі і Меджнун» (1947), сімф. гравюры «Дон Кіхот» (1960), 3 сімфоніі (1943—65), канцэрт для скрыпкі з аркестрам (1967). Адна з творчых вяршынь К. — мюзікл «Нястрымны гасконец» (паст. 1978). Сярод інш. твораў: оперы «Радзіма» (з Дж.Гаджыевым, паст. 1945), «Пяшчотнасць» (1972); камерна-інстр. ансамблі; 24 прэлюдыі для фп. (1951—63), 12 фуг (1981); рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1948, Дзярж. прэмія Азербайджана 1965, Ленінская прэмія 1967.