НІКО́ЛЬСКІ (Аляксандр Васілевіч) (4.7.1874, с. Уладыкіна Каменскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 19.3.1943),
расійскі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, муз. пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1897—1900). Вучань С.Танеева і інш. З 1894 выкладаў у Маскве ў Нар. кансерваторыі (1912—18), Сінадальным вучылішчы (1915—23), Маскоўскай кансерваторыі (з 1928, з 1935 праф.). У 1923—31 працаваў у Дзярж. ін-це муз. навукі. Даследаваў рус. царк. спевы, нар. песенны фальклор. Аўтар прац «Формы рускіх царкоўных спеваў» (1915), «Кароткі нарыс гісторыі царкоўных спеваў у перыяд I—X стст.», «Голас і слых харавога спевака» (абедзве 1916). Адзін з першых у рус. хар. музыцы выкарыстаў вострагучальныя гарманічныя спалучэнні. Стварыў (разам з П.Часнаковым) новы від хар. партытуры з падзелам галасоў на дробныя тэмбравыя групы. Уваходзіў у Беларускую песенную камісію. Аўтар пераважна царк. музыкі, у т. л. «Літургіі Папярэднеасвечаных дароў» (1907), многіх песнапенняў, а таксама дзіцячых опер. хар. твораў, апрацовак нар. песень, у т. л. бел. «Ой, ляцелі гусі», «А ў лесе, лесе». «Дзе ты, хмелю, начаваў».
Т.Г.Слабодчыкава.
т. 11, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)