ПА́ПАРАЦІ, папарацепадобныя (Polypodiophyta),

аддзел вышэйшых споравых раслін. 3 кл.: поліпадыяпсіды, маратыяпсіды, вужоўнікавыя, ці офіягласапсіды; 300 родаў, каля 12 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Найб. колькасць відаў, якія адрозніваюцца паводле жыццёвых форм (наземныя, наскальныя, водныя П., эпіфіты, ліяны, дрэвападобныя П.) — у тропіках. На Беларусі 10 сям., 25 відаў. У Чырв. кнігу занесены 7 відаў П.: граздоўнікі віргінскі і рамонкалісты, касцянец пасценны, мнаганожка звычайная, пузырнік судэцкі, сальвінія плывучая, чыставуст каралеўскі.

Пераважна шматгадовыя, травяністыя або дрэвападобныя расліны з прыдаткавымі каранямі, сцёбламі і лісцем выш. ад некалькіх міліметраў да 25—30 м. Лісце (вайі) буйное, расчлененае, радзей суцэльнае, даўж. ад 2—4 мм да 30 м. Часта сумяшчае функцыі фотасінтэзу і споранашэння, у шэрагу П. яно дыферэнцыравана на стэрыльнае (фотасінтэзуючае) і са спарангіямі (фертыльнае), якія сабраны на ніжняй паверхні ліста. Са спор вырастае гаплоіднае палавое пакаленнегаметафіт. Пасля апладнення, якое адбываецца пры наяўнасці вады, з зіготы ўтвараецца новы дыплоідны спарафіт. Вегетатыўнае размнажэнне — кавалкамі карэнішчаў, прыдаткавымі пупышкамі і інш. Адна з найб. стараж. груп вышэйшых раслін. Важны кампанент у наглебавым покрыве лясоў, вільготных лугоў і балот. Лек., харч., тэхн., дэкар. расліны.

Літ.:

Флора Европейской части СССР. Т. 1. Л., 1974;

Жизнь растений. Т. 4. М., 1978.

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛІ́НАЯ СЯМ’Я́,

згуртаванне, калонія, якая складаецца з некалькіх тысяч рабочых пчол, маткі і трутняў (гл. Пчала меданосная). Вясною і ўвосень мае 15—20, летам 60—80 тыс. пчол. У прыродных умовах П.с. жывуць у дуплах дрэў, расколінах і інш., дзе будуюць васковыя соты. У ячэйках сотаў захоўваюцца мёд, пярга, вырошчваюцца лічынкі. Размнажаюцца П.с. раеннем. Зімой пчолы збіраюцца на сотах у шчыльны клубок. Вясною тыя, што зімавалі, гінуць, іх замяняе веснавое пакаленне.

Матка (даўж. да 25 мм) адкладвае яйцы (да 3 тыс. за суткі) 2—3 гады, не мае васковых залоз, не збірае нектар і пылок. Рабочыя пчолы (даўж. да 15 мм) — самкі з недаразвітымі палавымі органамі, не здольныя да спароўвання — выхоўваюць патомства, будуюць соты, збіраюць нектар і пылок, перапрацоўваюць нектар у мёд, пылок у пяргу, ахоўваюць гняздо і інш. Летам жывуць 35—40 дзён, увосень і зімою 6—8 месяцаў. Трутні (даўж. да 17 мм) маюць моцна развітую палавую сістэму, паяўляюцца ў П.с. ў пачатку лета, пасля шлюбнага палёту і апладнення маткі гінуць, астатніх рабочыя пчолы ўвосень выганяюць з гнязда.

Асобіны пчалінай сям’і: 1 — рабочая пчала; 2 — матка; 3 — труцень.

т. 13, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМАКРЫ́ЛЫЯ, прастакрылыя (Orthoptera, або Saltatoria),

атрад насякомых. Вядомы з верхняга карбону (каля 270 млн. г. назад). 2 падатр.: даўгавусыя (Ensifera, або Dolichocera) з падсям. конікавых, цвыркуновых, цвыркунападобных, эдысхідавых і караткавусыя (Caelifera, або Brachycera) з падсям. саранчовых, бестымпанальных, пухірчатых, трыперставых, тэтрыгідавых. Каля 20 тыс. відаў. Пашыраны амаль усюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць у траве, на кустах і дрэвах, некат. ў глебе і на яе паверхні. На Беларусі каля 70 відаў з надсям. конікавых, саранчовых, тэтрыгідавых і цвыркуновых. Некат. П. — шкоднікі с.-г. культур.

Даўж. ад некалькіх міліметраў да 10 см. Цела прадаўгаватае, сціснутае з бакоў, зеленаватае, жаўтаватае, шараватае. Ротавыя органы грызучыя. Заднія ногі скакальныя. Пярэднія крылы скурыстыя, заднія перапончатыя, у шэрагу відаў кароткія або рэдукаваныя. Брушка 10-членікавае з нячленістымі прыдаткамі — цэркамі, у самак з яйцакладам. У некат. відаў ёсць органы слыху і гукавы апарат. Большасць расліннаедныя, ёсць драпежнікі і ўсёедныя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Для П. характэрна фазавая зменлівасць — полімарфізм. 1 пакаленне за год.

Літ.:

Шаров А.Г. Филогения ортоптероидных насекомых. М., 1968;

Станек В.Я. Иллюстрированная энциклопедия насекомых: Пер. с чеш. Прага, 1977;

Подгорная Л.И. Прямокрылые насекомые семейства Tetrigidae (Orthoptera) фауны СССР. Л.,1983.

Т.​П.​Смірнова.

Прамакрылыя: 1 — кабылка траскучая (а — самец, б — самка); 2 — акрыда; 3 — цвыркун палявы; 4 — кабылка стракатая; 5 — кабылка бяскрылая; 6 — трыперст; 7 — цвыркун дамавы.

т. 12, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДА́ННЕ,

жанр фальклору розных народаў; вуснае апавяданне, у якім з элементамі большай ці меншай фактычнай сапраўднасці тлумачыліся рэальныя з’явы жыцця, расказвалася пра значныя падзеі роднага краю, пра нар. герояў. П., як і легенды, блізкія да казак, але вызначаюцца не толькі займальнасцю; у своеасаблівай форме яны неслі веды пра навакольны свет і гісторыю краю. Бел. П. вядомы з 12 ст. (пра Рагнеду, Усяслава Чарадзея). Захаваліся летапісныя апавяданні, у аснову якіх пакладзены нар. П. пра воінскія подзвігі герояў («Паданне пра Кажамяку»), Паэтычныя П. пра гіст. мінулае ёсць у бел. хроніках 16 ст., напр., у Хроніцы Быхаўца (пра паходы Гедзіміна на Украіну і Альгерда на Маскву, пра заснаванне Вільні і інш.). Бел. П. тэматычна падзяляюцца на гістарычныя — пра войны, барацьбу з іншаземнымі захопнікамі, пра эпідэміі, пра гіст. асоб і герояў («Пра князя Яраслава», «Платон казак»); тапанімічныя — пра паходжанне гарадоў, мястэчак, вёсак, урочышчаў, гарадзішчаў і інш. («Пра заснаванне Магілёва», «Адкуль Нясвіж»), П. і легенды перадаваліся з пакалення ў пакаленне і былі своеасаблівай гіст. памяццю народа. Сюжэт пра нар. героя разбойніка Машэку выкарыстаў Я.​Купала ў паэме «Магіла льва». Паводле гэтай паэмы і п’есы Е.​Міровіча «Машэка» Р.​Пукст напісаў оперу «Машэка».

Публ.:

Легенды і паданні. Мн., 1983;

Малорусские народные предания и рассказы: Свод Михаила Драгоманова. Киев, 1876.

Літ.:

Азбелев С.Н. Проблемы международной систематизации преданий и легенд // Русский фольклор. М.; Л., 1966. Т. 10;

Соколова В.К. Русские исторические предания. М., 1970.

А.​І.​Гурскі.

т. 11, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЕ́СНАЯ СІСТЭ́МА,

забеспячэнне зямельнымі ўладаннямі (памесцямі) феадалаў за нясенне ваен. і адм. службы ў Расіі ў канцы 15 ст. — 1714. Узнікла ў выглядзе раздачы вял. князем (з 1547 царом) зямель з сялянамі ў карыстанне дваранам пры ўмове нясення імі дзярж., пераважна ваен., службы. Першая масавая раздача зямель у выглядзе памесцяў адбылася пры Іване III у Наўгародскай і інш. далучаных да Маскоўскага вял. княства землях. Пазней аб’ектам раздачы сталі паўд. стэпавыя землі т.зв. Дзікага поля. Эканам. значэнне П.с. было ў гасп. асваенні новых зямель, асабліва на Пд краіны, яе сац.-паліт. роля заключалася ў матэрыяльным забеспячэнні дваранстваасн. сац. сілы дзяржавы ў барацьбе з феад. раздробленасцю. Юрыд. асновы П.с. замацаваны ў Судзебніку 1497. П.с. дасягнула росквіту ў сярэдзіне 16 ст., калі Улажэннем аб службе 1556 была рэгламентавана ваен. служба памешчыкаў і вотчыннікаў: кожны памешчык з кожных 100 чвэрцей (50 дзес.) сваёй зямлі выстаўляў у войска цара аднаго ўзбр. конніка. Пытаннямі службы дваран-памешчыкаў і іх зямельным забеспячэннем займаліся Разрадны прыказ і Памесны прыказ. П.с. расла за кошт раздачы дваранам канфіскаваных баярскіх і царк. зямель, а таксама дварцовых і чарнасошных зямель, з яе пашырэннем звязана развіццё паншчыны і прыгоннага права. Многія памесці, пераходзячы з пакалення ў пакаленне ў адной сям’і, фактычна ператвараліся ў спадчынную ўласнасць — вотчыну. Гэты працэс адлюстравала Саборнае ўлажэнне 1649, якое дазваляла абмен памесцяў на вотчыны. Урад надаваў асобным памесцям статус вотчын у якасці ўзнагароды іх уладальнікам або шляхам продажу. Адначасова была рэзка абмежавана раздача новых памесцяў. П.с. спыніла існаванне пасля выдання Пятром I Указа аб адзінаспадчыннасці (1714), які юрыдычна замацаваў зліццё памесцяў з вотчынамі. Дваране пачалі атрымліваць за службу грашовае жалаванне.

Літ.:

Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988;

Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985.

т. 12, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВЫ РО́БАТ,

стацыянарны або перасоўны робат для выканання рухальных і кіроўных функцый у вытв. працэсах. Мае выканаўчае прыстасаванне ў выглядзе маніпулятара і перапраграмавальнае прыстасаванне праграмнага кіравання. Выкарыстоўваюцца пры перамяшчэнні і ўтрыманні прадметаў працы, замене інструментаў і тэхнал. аснасткі, перамяшчэнні грузаў і інш. Працуе самастойна або ў складзе рабатызаваных тэхналагічных комплексаў.

Характэрныя адзнакі П.р.: аўтам. кіраванне і перапраграмавальнасць (здольнасць да хуткай аўтам. або з дапамогай чалавека-аператара замене кіроўнай праграмы); наяўнасць некалькіх ступеняў рухомасці і гібкай сістэмы кіравання, многафункцыянальнасць (перастройка на розныя тэхнал. працэсы). Гэта дае магчымасць спалучаць П.р. з тэхнал. абсталяваннем, якое мае лікавае праграмнае кіраванне і лёгка пераналаджваецца. Паводле тыпу сістэм кіравання адрозніваюць 3 пакаленні П.р.; праграмныя (перапраграмаванне робіцца чалавекам, пасля чаго робат дзейнічае аўтаматычна), адаптыўныя (могуць у пэўнай ступені аўтаматычна перапраграмавацца — адаптавацца да навакольных абставін, якія загадзя вызначаны недакладна), інтэлектныя (заданне ўводзіцца чалавекам, а робаты маюць магчымасць прымаць рашэнні і планаваць свае дзеянні ў абставінах, якія не вызначаны або мяняюцца). Кожнае пакаленне П.р. мае самаст. значэнне і ўдасканальваецца па сваіх тэхн. даных. Паводле характару выконваемых аперацый П.р. падзяляюцца на групы: тэхнал., спец. і універсальныя. П.р. з’явіліся ў 1930-я г. ў сувязі з аўтаматызацыяй вытворчасці. Гл. таксама Робататэхніка, Рабатызацыя.

Літ.:

Козырев Ю.Г. Промышленные роботы: Справ. 2 изд. М., 1988;

Механика промышленных роботов. (Кн.) 1—3. М., 1988—89;

Борисенко Л.А., Самойленко А.В. Механика промышленных роботов и манипуляторов с электроприводом. Мн., 1992;

Гибкие производственные системы... Кн. 5. Промышленные роботы. М., 1990;

Проектирование и разработка промышленных роботов. М., 1989;

Белянин П.Н. Кинематические схемы, системы и элементы промышленных роботов. М., 1992.

А.​В.​Самойленка.

Прамысловыя робаты: а — падлогавы з шматзвёнавай рукой (1 — паваротны корпус; 2, 6 — электрарухавікі; 3 — вінтавая пара; 4, 5 — звёны рукі; 7 — крывашып); б — падлогавы з лікавым праграмным кіраваннем (1 — аснова; 2, 3 — прыводы гарызантальнага і вертыкальнага перамяшчэнняў; 4, 5 — прыводы перамяшчэнняў па каардынатах θ і α; 6 — захопнае прыстасаванне); в — падвесны (θ, Z, X, R, α — каардынаты перамяшчэнняў).

т. 13, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ ТВО́РЧАСЦЬ, народнае мастацтва,

калектыўная мастацкая дзейнасць, якая ствараецца народам і бытуе ў нар. масах, адлюстроўвае яго жыццё, погляды, ідэалы. Уключае ўсе віды непрафес. мастацтва: народную паэтычную творчасць (фальклор), народную музыку, народны тэатр, народны танец, народнае дойлідства (гл. таксама Драўлянае дойлідства), народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, самадзейнае мастацтва, самадзейнае мастацтва музычнае і інш.

Зарадзілася ў глыбокай старажытнасці, з’яўляецца асновай сусв. маст. культуры. У Н.т. — вытокі прафес. мастацтва. На працягу развіцця Н.т. таксама адчувала ўплывы прафес. маст. культуры, перапрацоўвала і дапасоўвала яе дасягненні ў адпаведнасці з мясц. густамі і патрабаваннямі. Характэрная рыса Н.т. — калектыўнасць: творы асобных майстроў пастаянна ўдасканальваюцца калектывам, што спрыяе ўзнікненню і развіццю традыцый, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Нароўні з калектыўнасцю выканання ёй уласціва імправізацыйнасць, таму замацаваныя шматвяковым адборам традыцыі зазнаюць пастаянныя, але толькі частковыя спецыфічныя змены. У Н.т. стваральнікі твора адначасова з’яўляюцца яго выканаўцамі, а выкананне ў сваю чаргу можа стаць тым варыянтам, што ўзбагачае традыцыю; важную ролю адыгрывае таксама цесны кантакт выканаўцаў з рэцыпіентамі мастацтва (гледачамі, слухачамі), якія часта могуць выступаць удзельнікамі творчага працэсу. Адметная рыса Н.т. — яе сінкрэтызм, высокамаст. адзінства яе відаў: у нар. абрадавых дзействах зліваліся паэзія, музыка, танец, тэатр, дэкар. мастацтва; у нар. жыллі непадзельнае цэлае стваралі архітэктура, разьба, размалёўка, кераміка, вышыўка і інш.; нар. паэзія цесна звязана з музыкай. Вывучаюць Н.т. фалькларысты, этнографы, мастацтвазнаўцы.

На Беларусі Н.т. узнікла на агульнай усх.-слав. глебе, але выпрацавала свае адметныя нац. рысы. На змест і форму бел. Н.т. ўплывалі гіст.-эканам., сац.паліт., прыродна-кліматычныя ўмовы, моўныя, псіхал. і інш. асаблівасці развіцця бел. этнасу. Яна вызначаецца глыбокімі каранямі, што зыходзяць з часоў першабытнага грамадства, багаццем творчай фантазіі, арыгінальнасцю і цэласнасцю маст. задумы, сілай і шчырасцю пачуцця, разнастайнасцю выяўл. сродкаў, гарманічным спалучэннем практычнай мэтазгоднасці і дэкар. аздаблення, высокім густам і тонкім адчуваннем творцаў і выканаўцаў. Сучасная Н.т. вызначаецца актыўным засваеннем рэчаіснасці ў спалучэнні з беражлівым захаваннем, адраджэннем і развіццём стараж. традыцый. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі з 1970 выдае серыю «Беларуская народная творчасць».

Літ.:

Народны тэатр. Мн., 1983;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии: Опыт, системно-типолог. исслед. Мн., 1985;

Чурко Ю.М. Белорусский хореографический фольклор. Мн., 1990;

Локотко А.И. Белорусское народное зодчество: Середина XIX—XX в. Мн., 1991;

Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Мн., 1997;

Шаура Р.Ф. Самадзейнае выяўленчае мастацтва Беларусі. Мн., 1995;

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

т. 11, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна тэхнікі, якая распрацоўвае і вырабляе сродкі аўтаматызацыі матэм. вылічэнняў, апрацоўкі інфармацыі і кіравання (напр., электронныя вылічальныя машыны, вылічальныя сістэмы, комплексы, іх перыферыйнае абсталяванне) у розных галінах дзейнасці чалавека; навука аб прынцыпах пабудовы, дзеяння і праектавання гэтых сродкаў. Вылічальная тэхніка пашырана ў вылічальных цэнтрах, сістэмах сувязі, сістэмах навігацыі плавальных і лятальных апаратаў, касм. аб’ектаў і інш., сістэмах аўтам. кіравання для збору, апрацоўкі і выкарыстання інфармацыі, інфарм. пошукавых сістэмах і інш. Сістэмы кіравання з выкарыстаннем вылічальнай тэхнікі бываюць вялікімі сістэмамі, што ахопліваюць усю краіну, раён, галіну прам-сці цалкам або групу прадпрыемстваў, і лакальнымі, якія дзейнічаюць у межах аднаго з-да або цэха. Кірункі сучаснай вылічальнай тэхнікі: фіз.-тэхн. асновы элементнай базы вылічальнай тэхнікі; архітэктура ЭВМ; матэматычнае забеспячэнне выліч. сістэм і комплексаў; выкарыстанне сродкаў вылічальнай тэхнікі (гл. Аўтаматызацыя вытворчасці, Аўтаматызаваная сістэма кіравання).

Першыя прыстасаванні для механізацыі вылічэнняў (абак, кітайскі суанпан, лічыльнікі і інш.) вядомыя з глыбокай старажытнасці, вылічальныя прыстасаванні (шкала Непера, лагарыфмічная лінейка, арыфм. машына франц. вучонага Б.​Паскаля і інш.) — з 17 ст. У 19 ст. англ. вучоны Ч.​Бэбідж прапанаваў праект «аналітычнай машыны» (гл. Вылічальная машына). У канцы 19 — пач. 20 ст. развіццё вылічальнай тэхнікі звязана з пабудовай аналагавых вылічальных машын. У 1944 у ЗША пабудавана першая лічбавая электронная вылічальная машына «МАРК-1» на эл.-магн. рэле, а першая хуткадзейная ЭВМ «ЭНІАК» — у 1946 (першая ў кантынентальнай Еўропе малая ЭВМ «МЭСМ» распрацавана ў 1950 у АН Украіны).

На Беларусі вылічальная тэхніка ў сваім развіцці прайшла шлях ад першай лямпавай ЭВМ да стварэння выліч. сістэм і аўтаматызаваных сістэм рознага прызначэння. Навук. даследаванні вядуцца ў БДУ, НДІ ЭВМ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, ін-тах матэматыкі, тэхн. кібернетыкі АН, Ваеннай акадэміі і інш. Першая ЭВМ «Прамень» распрацавана ў Ін-це фізікі і матэматыкі АН у канцы 1950-х г. Выліч. машыны М-3М асвоены Мінскім з-дам ЭВМ імя Арджанікідзе ў 1959; з 1960 пачаўся выпуск вылічальных машын «Мінск» 1-га і 2-га пакаленняў; з 1973 — машын 3-га пакалення адзінай сістэмы электронных вылічальных машынЕС ЭВМ; у 1980-я г. распрацаваны высокапрадукцыйныя выліч. сістэмы ЕС ЭВМ, а таксама комплексы на трансп. сродках; у 1990-я г. — новае пакаленне ЭВМ — сям’я «Мінск-9000» (ЕС-1230). За распрацоўку і асваенне сродкаў вылічальнай тэхнікі спец. прызначэння спецыялістам Мінскага з-да ЭВМ прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1985. За ўкараненне вылічальнай тэхнікі ў вытв. тэхналогію работнікам Брэсцкага эл.-мех. з-да прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1981. Стваральнікі ЕС ЭВМ адзначаны Ленінскай прэміяй 1983, Дзярж. прэміямі СССР 1978, 1983.

Літ.:

Заморин А.П. Мячев А.А., Селиванов Ю.П. Вычислительные машины, системы, комплексы: Справ. М., 1985.

М.​П.​Савік.

т. 4, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧАЕ КІНО́,

мастацкія (ігравыя), хранікальна-дакументальныя, навукова-пазнавальныя, мультыплікацыйныя (анімацыйныя) фільмы для дзяцей і юнацтва. Выхаваўчыя задачы, якія ставяцца перад Дз.к., вызначаюць яго тэматыку і жанравыя асаблівасці. Як асобны кірунак у сав. кінематографе вылучылася ў 1920-я г. Асаблівасці выразна праявіліся ў фільмах «Чырвоныя чарцяняты» (1921, рэж. І.​Перысціяні), «Пуцёўка ў жыццё» (1931, рэж. М.​Экк), «Падраныя чаравікі» (1933, рэж. М.​Барская) і інш. У 1936 у Маскве створана кінастудыя «Саюздзетфільм», рэарганізаваная ў 1948 у Цэнтр. студыю дзіцячых і юнацкіх фільмаў імя М.​Горкага. Дзіцячыя фільмы выпускаліся і на рэсп. кінастудыях. У 1992 створаны Міжнар. фонд развіцця кіно і тэлебачання для дзяцей і юнацтва («Фонд Раланда Быкава», Масква).

У бел. кінематографе першая маст. карціна для дзяцей — «Грышка-свінапас» (1928, рэж.-мантажор В.​Кубліцкі), зманціраваная з маст. фільма «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.​Тарыч). У 1930-я г. створаны фільмы пра піянераў («Кульгаўка», 1931, рэж. Ю.​Вінакураў; «Баям насустрач», 1932, рэж. Э.​Аршанскі; «Адбітак часу», 1932, рэж. Г.​Кроль), пра юных следапытаў («Палескія рабінзоны», 1934, рэж. І.​Бахар, П.​Малчанаў), рабфакаўцаў («Песня вясны», 1935, рэж. У.​Гардзін), юных талентаў («Канцэрт Бетховена», 1936, рэж. М.​Гаўронскі, У.​Шмітгоф). Больш плённа Дз.к. на Беларусі развівалася ў пасляваен. час: сюжэты кінахронікі, дакумент. кінанавелы, маст. фільмы рознай тэматыкі (гіст.-рэв., героіка-патрыят., прыгодніцкія, казачныя). Яны вызначаліся гуманнасцю, актыўнасцю юных герояў, што ярка выявілася ў фільмах рэж. Л.Голуба: «Міколка-паравоз» (1957), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959), «Вуліца малодшага сына» (1962), «Пушчык едзе ў Прагу» (сумесна з ЧССР, 1966), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971), «Маленькі сяржант» (1975). Фільмы пра пакаленне дзяцей, якое зведала вайну, ставілі рэжысёры В.Тураў («Праз могілкі», 1964, «Я родам з дзяцінства», 1966), І.Дабралюбаў («Іван Макаравіч», 1970, «Расклад на паслязаўтра», 1978, «Мама, я жывы», 1985), В.Нікіфараў («Зімародак», 1972, «Ціхія троечнікі», 1980; «Вялікая прыгода», 1985), В.Рубінчык («Апошняе лета дзяцінства», 1972, «Вянок санетаў», 1977). Фільмы прыгодніцкія, казачныя вызначылі творчасць рэжысёраў Л.Мартынюка («Пяцёрка адважных», 1971, «Сямейныя акалічнасці», 1977, «Ветразі майго дзяцінства», 1981, «Белае возера», 1992), Л.​Нячаева («Прыгоды Бураціна», 1976, «Пра чырвоную шапачку». 1977, «Рыжы, сумленны, закаханы», 1984, «Казка пра зорнага хлопчыка», 1985, «Пітэр Пэн», 1987), У.Бычкова («Горад магістраў», 1966, «Восеньскі падарунак фей», 1984). У 1990-я г. вытворчасць дзіцячых фільмаў скарацілася. Выпушчаны: «Мёд асы» (1992, рэж. І.​Волчак), «Зязюліны дзеці» (1992, рэж. А.​Мароз), «Вогненны стралок» (1993, рэж. М.​Князеў), «Я — Іван, ты — Абрам» (1993, рэж. І.​Зоберман), «Кветкі правінцыі» (1995, рэж. Дз.​Зайцаў), «Шэльма» (1996, рэж. А.​Ганчаронак, І.​Чацверыкоў), «Батанічны сад» (1997, рэж. В.​Гасцюхін) і інш. Значнае месца ў дзіцячым кінематографе займаюць дакумент., а з пач. 1970-х г. мультыплікацыйныя і лялечныя фільмы (гл. Анімацыйнае кіно, Дакументальнае кіно).

Е.​Л.​Бондарава.

Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з мультыплікацыйнага фільма «Дзед і Жораў».
Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з мультыплікацыйнага фільма «Песня пра зубра».
Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Маленькі сяржант».
Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Дзяўчынка шукае бацьку».
Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Марозка».
Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Горад майстроў».

т. 6, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНТАЛІТЭ́Т,

ментальнасць (ад лац. mens розум, мысленне), своеасаблівы спосаб мыслення, склад розуму асобнага чалавека або якой-н. супольнасці людзей. З’яўляецца праявай глыбінных пластоў свядомасці і падсвядомасці чалавека, асн. крыніцай яго веры, перакананняў, эмоцый і пачуццяў. Фарміруецца пад уплывам асаблівасцей гіст. шляху краіны, нар. традыцый, звычаяў і абрадаў, мовы, прыродна-кліматычных умоў; ён можа выступаць як фактар паскарэння гіст. прагрэсу і як прычына «адставання» або супраціўлення зменам у сац.-эканам. і паліт. сферах (т.зв. «інерцыя М.»). Прадстаўнікі розных гіст. эпох, краін, народаў, сац., канфесійных, этн., полаўзроставых супольнасцей маюць спецыфічны, унікальны М., хоць яго асобныя рысы могуць быць падобныя, а часам і амаль аднолькавыя. Структура М. ўключае ўяўленні аб прасторы і часе, чалавеку і яго стаўленні да розных з’яў грамадскага жыцця, аб праве, маралі, працы і сям’і, аб жыцці і смерці і інш. Вылучаюць розныя ўзроўні (індывідуальны і калектыўны) і разнавіднасці (нацыянальны, рэлігійны, бюракратычны, таталітарны, першабытны, сярэдневяковы, дзіцячы, афрыканскі, еўрапейскі і інш.) М.

Тэрмін «М.» пачаў выкарыстоўвацца ў англ. філасофіі 17 ст. (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, Дж.​Лок); у навуковы ўжытак уведзены амер. філосафам Р.У.Эмерсанам у 1856. Э.Дзюркгейм увёў паняцці «калектыўная свядомасць», «калектыўныя ўяўленні», «калектыўныя пачуцці» і паказаў, што сацыяльнае, калектыўнае выцякае не са свядомасці асобна ўзятых індывідаў, а з іх злучэння. З.Фрэйд адзначаў, што кожны асобны індывід у значнай ступені знаходзіцца пад уладай установак «масавай душы», якія праяўляюцца ў расавых асаблівасцях, саслоўных забабонах, грамадскай думцы і інш. К.Юнг распрацаваў канцэпцыю т.зв. «архетыпаў», пад якімі ён разумеў універсальныя мадэлі, што ўзнікаюць з «калектыўнага неўсвядомленага» і з’яўляюцца асн. зместам рэлігій, міфаў і легенд. Л.Леві-Бруль адрозніваў 2 тыпы М. — далагічны і лагічны, якія фіксуюць несувымернасць містычнага мыслення аўстрал. і афр. плямён з еўрап. традыцыяй рацыянальнага мыслення. Франц. гісторык Ж.​Лефеўр распрацаваў канцэпцыю «калектыўнай ментальнасці», што фарміруецца са стараж. часоў і асобныя рысы якой перадаюцца з пакалення ў пакаленне праз механізм гіст. памяці. Прадстаўнікі гіст. псіхалогіі (Л.​Феўр, І.​Меерсон, Р.​Мандру і інш.) зыходзілі з таго, што разумовыя ўстаноўкі і навыкі ўспрымання атрымліваюцца людзьмі ў спадчыну без яснага ўсведамлення гэтага працэсу.

М. беларусаў фарміраваўся на працягу стагоддзяў і набываў свае тыповыя рысы ў спецыфічных абставінах грамадскага і культурна-духоўнага жыцця. У стараж. перыяд для М. жыхароў Беларусі былі ўласцівы язычніцкі політэізм, абагаўленне зямлі, крыніц, нябесных свяціл, дрэў, камянёў і інш. прыродных з’яў (пантэізм), перакананне ў рэальным існаванні душы, злых і добрых духаў (анімізм), вера ў цудадзейную сілу асобных слоў, выразаў (вербальная магія), адчуванне непарыўнага адзінства паміж чалавекам і ўсёй навакольнай прасторай, містычныя погляды і інш. Пасля прыняцця хрысціянства адбывалася своеасаблівае перапляценне, узаемапранікненне двух тыпаў М. — язычніцкага і хрысціянскага, для якога былі характэрны монатэізм, уяўленні аб стварэнні Сусвету і чалавека па волі Божай, аб неабходнасці для выратавання душы выконваць спец. абрады, ушаноўваць святых, адзначаць рэліг. святы і г.д. Беларусам заўсёды было ўласціва імкненне гарманічна прыстасаваць працу і адпачынак да пэўных прыродна-сезонных цыклаў, пораў года (т.зв. каляндарны тып ментальнасці), высокая духоўнасць, надзвычайная талерантнасць (цярпімасць), патрыятызм, адносна высокі ўзровень рэлігійнасці, працавітасць, спагадлівасць і інш. Традыц. беларускі М. у сваіх асн. рысах доўгі час захоўваўся без істотных змяненняў. У 19—20 ст. пад уплывам сац.-эканам. і грамадска-паліт. абставін значнай частцы насельніцтва сталі ўласцівы заідэалагізаванасць, атэізм, нецярпімасць да іншадумства і інш. У сучасны перыяд у М. грамадзян Беларусі ўмацоўваюцца ідэі незалежнасці краіны, пабудовы дэмакр. грамадства, свабоднага развіцця і самасцвярджэння асобы.

Літ.:

Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду. Вільня, 1921;

4 выд. Мн., 1993;

Дубянецкі Э. Менталітэт беларусаў: спроба гісторыка-псіхал. аналізу // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 2;

Яго ж. Таямніцы народнай душы. Мн., 1995;

История ментальностей, историческая антропология. М., 1996;

Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). Варшава, 1998;

Психология масс: Хрестоматия. Самара, 1998.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)