КАРАВА́ЕВА (Ганна Аляксандраўна) (27.12.1893, г. Перм, Расія — 22.5.1979),

руская пісьменніца. Скончыла Вышэйшыя (жаночыя) Бястужаўскія курсы ў Петраградзе (1916). У 1931—38 гал. рэдактар час. «Молодая гвардия», у 1941—43 газ. «Правда». Друкавалася з 1922. Аўтар аповесці «Двор» (1926), рамана «Лесазавод» (1928). Праблемы маральнага выхавання чалавека ў зб-ках «Апавяданні аб пазнанні» (1934), «Першае пакаленне» (1959), раманах «Лена з Жураўлінага гаю» (1938), «Грані жыцця» (1963). Праца ў тыле ў Вял. Айч. вайну — тэма трылогіі «Радзіма» (1943—50; Дзярж. прэмія СССР 1951). Аўтар кн. дзённікаў «Вечназялёныя лісты» (1963), успамінаў «Зорная сталіца» (1968). Напісала ўспаміны пра Я.​Купалу «Вялікі сын Беларусі» (1962). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Бахта, С.​Дарожны.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1957—58;

Свет вчерашний: Воспоминания. М., 1964;

Бел. пер. — Двор. Мн., 1931;

Лесазавод. Мн., 1932.

І.​У.​Саламевіч.

т. 8, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)