ФАСЦЫЁЛЫ (Fasciola),

род чарвей кл. трэматод. 2 віды: двухвуснаўка пячоначная, або смактун пячоначны, або лісцвяніца, або Ф. пячоначная (F. hepatica), і Ф. гіганцкая (F. gigantica). Паразіты жоўцевых праток печані, жоўцевага пузыра авечак, буйн. раг. жывёлы і інш. траваедных, радзей чалавека.

Даўж. цела 2—7,6 см, шыр. 0,5—1,2 см. Цела лістападобнае, укрытае шыпікамі. Маюць 2 прысоскі. Кішэчнік і палавыя залозы моцна разгалінаваныя. Нерв. сістэма складаецца з каляглотачнага кальца і 3 пар нерв. ствалоў. Гермафрадыты. Развіццё з удзелам прамежкавых гаспадароў — прэснаводных малюскаў, у двухвуснаўкі пячоначнай — балацяніка малога. Заражэнне выклікаюць лічынкі (мірацыдыі), якія трапляюць у малюска, дзе ператвараюцца ў спарацысты, якія даюць пакаленне лічынак — рэдыі, унутры якіх развіваюцца цэркарыі, што выходзяць з малюска, інцыстуюцца і ператвараюцца ў адалескарыі. Канчатковыя гаспадары (жывёлы) заражаюцца, калі паядаюць траву з адалескарыямі, якія ў кішэчніку вызваляюцца ад цыстаў, трапляюць у жоўцевыя пратокі печані, жоўцевы пузыр і выклікаюць фасцыялёзы.

Фасцыёла пячоначная.

т. 16, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)