ФЯДО́ТАВА (Пазнякова) Глікерыя Мікалаеўна

(22.5.1846, г. Арол, Расія — 24.2.1925),

расійская актрыса. Нар. арт. Рэспублікі (1924). Герой Працы (1924). Скончыла Маскоўскае тэатр. вучылішча (1862). Дэбютавала ў Малым т-ры (1862, Верачка — «Дзіця» П.​Бабарыкіна). Лепшыя ролі ў п’есах А.​Астроўскага, найб. значная — Кацярына («Навальніца»). Сярод інш. роляў: Снягурачка, Васіліса Мяленцьева (аднайм. п’есы, ролі нап. для Ф.), Ларыса («Беспасажніца»), Кручыніна («Без віны вінаватыя»), Лідзія Чабаксарава і Чабаксарава-маці («Шалёныя грошы»), Марфа («Дзмітрый Самазванец і Васіль Шуйскі»). Вызначылася таксама ў п’есах У.​Шэкспіра: Катарына («Утаймаванне свавольніцы»), лэдзі Макбет («Макбет»), Беатрычэ («Многа шуму з нічога») і інш., у п’есе Ф.​Шылера «Марыя Сцюарт» (Елізавета). Яе мастацтва было адметнае эмацыянальнасцю, эфектнасцю і яркасцю сцэнічнага малюнка. Гастралявала на Беларусі (летам 1895 у Мінску, Гродне, Магілёве і інш.).

Л.​В.​Календа.

Г.М.Фядотава.

т. 16, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУ́НІН Мікалай Міхайлавіч (15.10.1924, с. Ябланавец Пятроўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 26.4.1985),

расійскі і бел. тэатральны мастак. Скончыў Саратаўскае маст. вучылішча (1957). З 1957 працаваў у расійскіх тэатрах. У 1960—64, 1966—84 гал. мастак Гродзенскага абл. драм. т-ра. Яго работы вызначаюцца яркай вобразнасцю, этнагр. і сац.-быт. дакладнасцю. Аформіў спектаклі: «Беласнежка і сем гномаў» Л.​Усцінава (1963), «Платон Крэчат» А.​Карнейчука (1967), «Прынцэса Турандот» К.​Гоцы (1969), «Навальніца» А.​Астроўскага, «Казкі старога Арбата» А.​Арбузава (абодва 1971), «Трывога» (1975) і «Францыск Скарына» («Напісанае застаецца», 1978) А.​Петрашкевіча, «Тэмп-1929» паводле М.​Пагодзіна (1976), «Каліна чырвоная» паводле В.​Шукшына (1981), «Вечна жывыя» В.​Розава (1983) і інш. Працаваў таксама ў жывапісе.

Л.​Ф.​Салавей.

М.Якунін. Макет да спектакля «Тэмп-1929» паводле М.​Пагодзіна. 1976.

т. 18, кн. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НЕС (Inness) Джордж (1.5.1825, каля г. Ньюберг, ЗША — 3.8.1894),

амерыканскі жывапісец. Вучыўся ў Нью-Йорку. У 1840-я г. рабіў дакладныя. крыху стракатыя пейзажы Новай Англіі («Стары млын», 1849). Паездкі ў Італію і Францыю, уплывы творчасці К.Ларэна, К.Каро, майстроў барбізонскай школы дазволілі І. выпрацаваць у 1850—60-я г. ўласную манеру пейзажнага жывапісу, у якой спалучаліся класічная манументальнасць кампазіцыі, мяккая элегічнасць настрою і рэаліст. дакладнасць матыву («Даліна Лакавана», 1855; «Даліна Дэлавэра», 1865). Пазней І. звярнуўся да больш інтымнага бачання прыроды, ствараў зменлівасць святло-паветр. асяроддзя пры розным надвор’і ці ў розныя гадзіны сутак («Хмара», каля 1870; «Дубы восенню», «Навальніца набліжаецца», каля 1880). Адначасова ў яго творчасці ўзмацніліся тэндэнцыі сімвалізму, містычнай нявызначанасці («Сёстры ў садзе», каля 1881).

Літ.:

Ireland L. The works of G.lnness. London, 1965;

Arkelian M.D. G.lnness landscapes... [Exhibition;

Oakland], 1978.

Дж.Інес. Хмара. Каля 1870.

т. 7, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКЕ́ВІЧ Леанід Аляксеевіч (5.8.1896, Вільня — 18.5.1980),

бел. кампазітар, дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1944). У 1921—28 дырыжор БДТ-1, у 1929—65 заг. муз. часткі і дырыжор Бел. т-ра імя Я.​Коласа. Аўтар музыкі да спектакляў у БДТ-1 «Кастусь Каліноўскі» і «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча, «На Купалле» М.​Чарота, «Вяселле» В.​Гарбацэвіча, «Панскі гайдук» Н.​Бываеўскага (усе з У.Тэраўскім), «Стралок Тэль» С.​Заяіцкага (з М.​Куперам), «Інга» А.​Глебава, «Мешчанін у дваранах» Мальера і інш.; у т-ры імя Я.​Коласа — «Машэка» В.​Вольскага, «Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.​Коласа «На ростанях», «Святло з Усходу» П.​Глебкі, «Алазанская даліна» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага, «На крутым павароце» Губарэвіча, «Мараль пані Дульскай» Г.​Запольскай, «Родная маці» М.​Алтухова, «Цудоўны сплаў» У.​Кіршона, «Пад адным небам» А.​Маўзона, «Лекар паняволі» Мальера і інш.

Н.​А.​Юўчанка.

т. 10, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў Уладзімір Міхайлавіч (22.7.1896, С.-Пецярбург — 7.1.1966),

расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1950). Вучыўся (адначасова) у Петраградскім ун-це і Тэатр. вучылішчы пры Александрынскім т-ры. Творчую дзейнасць пачаў у 1917 як драм. акцёр. У 1918 працаваў у Вялікабрытаніі ў рэж. Г.Крэга. З 1925 пам. рэжысёра, з 1928 рэжысёр. Паставіў фільмы: «Навальніца» (паводле А.​Астроўскага, 1934), «Пётр I» (1937—39, паводле А.​М.​Талстога; Дзярж. прэмія СССР 1941, вышэйшая прэмія Міжнар. выстаўкі ў Парыжы, 1937), «Кутузаў» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946), «Без віны вінаватыя» (1945, паводле Астроўскага; Дзярж. прэмія СССР, 1946), «Сталінградская бітва» (1949, гал. прыз 4-га Міжнар. кінафестывалю ў г. Марыянске-Лазне, Чэхія; Дзярж. прэмія СССР 1950), «Рэвізор» (1952, паводле М.​Гогаля), «Паядынак» (1957, паводле А.​Купрына), «Напярэдадні» (1959, паводле І.​Тургенева), «Рускі лес» (1964, паводле Л.​Лявонава) і інш. Аўтар сцэнарыяў большасці сваіх фільмаў.

У.М.Пятроў.

т. 13, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУ́НІН Аляксандр Пятровіч (4.11.1909, г. Чыта, Расія — 23.4.1993),

расійскі і бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1960). Скончыў студыю пры драм. т-ры (Чыта, 1929). З 1925 акцёр і рэжысёр у т-рах Расіі. У 1952—54 рэжысёр Т-ра драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, у 1963—75 гал. рэжысёр Гродзенскага абл. драм. т-ра. Пастаноўкам уласцівы пафас жыццесцвярджэння, спалучэнне маст. формы з сац.-псіхал. накіраванасцю: «Порт-Артур» паводле А.​Сцяпанава (1963), «Перабежчык» П. і А. Тур, «Capua на далоні» паводле І.​Шамякіна (абодва 1965), «Алека Дундзіч» М.​Каца і А.​Ржашэўскага (1967), «Амністыя» М.​Матукоўскага (1970), «Трыбунал» А.​Макаёнка, «Навальніца» А.​Астроўскага (абодва 1971), «Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана (1972), «Апошні шанц» В.​Быкава, «Дзядзечкаў сон» паводле Ф.​Дастаеўскага (абодва 1975) і інш. Аўтар п’ес «Адплата» і «Я прысягаў Радзіме» (абедзве паст. ў 1968).

А.​А.​Лабовіч.

т. 15, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАШКО́Ў Алесь (Аляксандр Андрэевіч; н. 3.1.1923, в. Раманаўшчына Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1950), Вышэйшыя літ. курсы (1959) і Літ. ін-т імя М.​Горкага (1961) у Маскве. З 1947 працаваў у чашніцкай раённай газеце, з 1954 у час. «Калгаснік Беларусі», газ. «Літаратура і мастацтва», «Звязда», на Бел. радыё, у Мін-ве культуры Беларусі, у выд-ве «Народная асвета». Друкуецца з 1947. Аўтар зб-каў апавяд. «Змена» (1951), «Абуджэнне» (1955), «На рачных плёсах» (1956), «Ранняй вясною» (1957), «Сонца тушыць зоркі» (1959), «На вадзе і такое здараецца» (1966), зб. аповесцей «Лань — рака лясная» (1979), раманаў «Спытай сваё сэрца...» (1971), «Навальніца спее ў цішыні» (1995). У іх тэмы перажытага на вайне, пасляваен. жыцця вёскі, складанасць і непаўторнасць чалавечых характараў.

Тв.:

Выбранае: Раманы. Мн., 1995.

т. 17, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎСКАЯ Яніна Казіміраўна (24.10.1901, Мінск — 16.12.1978),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1970). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926), працавала ў Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Найб. самабытныя, жыццёва праўдзівыя, каларытныя вобразы жанчын з народа стварыла ў нац. рэпертуары: Мальвіна («Несцерка» В.​Вольскага), Даміцэля («Прымакі» Я.​Купалы), Югася («Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.​Коласа «На ростанях»), Гарпіна («Алазанская даліна» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага), Антаніна Цімафееўна («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), старая Жыгоцкая («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча) і інш. Індывідуальнасцю творчай манеры адметныя і яе ролі класічнага рэпертуару: Матруна («Улада цемры» Л.​Талстога), Малання, Васа («Ягор Булычоў і іншыя», «Васа Жалязнова» М.​Горкага), Уліта («Лес» А.​Астроўскага), Дандальская («Дамы і гусары» А.​Фрэдры), Орта («Ветрык, вей!» Я.​Райніса) і інш. З інш. роляў: Пастарша («Юстына» Х.​Вуаліёкі), лэдзі Патэрсан («Востраў Афрадыты» А.​Парніса), Шарлота («Гарачае лета ў Берліне» паводле Э.​Д.​К’юзек).

Я.К.Глебаўская.

т. 5, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДАБУ́РАЎ Павел Паўлавіч (27.2.1877, С.-Пецярбург — 4.3.1960),

рускі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Нар. арт. Расіі (1940). Сцэн. дзейнасць пачаў у правінцыі ў 1899; іграў у антрэпрызе Н.​Васільевай у Мінскім гар. т-ры; выступаў у Віцебску (1919) і Гомелі (1928). У 1903 разам з актрысай Н.​Скарскай арганізаваў у Пецярбургу Агульнадаступны т-р, у 1905 на яго аснове — Першы вандроўны драм. т-р (існаваў да 1928). На сцэне абодвух ставіў спектаклі і стварыў у іх яркія сцэн. вобразы: Ціхан («Навальніца» А.​Астроўскага), Освальд («Здані» Г.​Ібсена), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Тарцюф («Тарцюф» Мальера) і інш. У 1933—39 кіраўнік Калгасна-саўгаснага вандроўнага Т-ра, у 1944—50 у маск. Камерным т-ры, з 1955 у Т-ры імя Я.​Вахтангава. У розныя гады паставіў усе п’есы А.​Чэхава. Аўтар кн. «На сцэне і ў жыцці» (1959, разам са Скарскай). Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 4, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПУ́К Міхаіл Андрэевіч (н. 5.3.1930, в. Мыкшыцы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. мастак кіно і тэлебачання, графік, жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1956), Маск. паліграф. ін-т (1962). З 1956 працаваў на Бел. студыі тэлебачання (у 1959—65 гал. мастак), у 1972—83 на кінастудыі «Беларусьфільм». Аформіў тэлепастаноўкі «Будка № 27» (1956), «Суд» (1957), «Песня музыкі» (1958), тэлеспектаклі «Сымон-музыка» (1958), «Сэрца на далоні» (1964), «Ткачы» (1969), тэлефільмы «Уся каралеўская раць» (1970—71), «Парашуты на дрэвах» (1972—73), «Апошняе лета дзяцінства» (1974—75), «Спытай сябе» (1975—76), маст. фільм «Канец бабінага лета» (1983) і інш. У станковых творах пераважаюць лірычныя панарамныя пейзажы, якім уласцівы кампазіцыйная завершанасць і тонкая мадэліроўка дэталяў: графічныя аркушы «Партрэт бацькі» (1969), «Навагрудскае замчышча» (1981), «Восеньская раніца» (1984), «Навальніца» (1996); серыя «Па мясцінах радзімы Хруцкага» (1997—98); карціны «Дняпроўскія далі» (1989—91), «Жніво» (1994); Чарнобыльскі трыпціх (1996) і інш.

М.Карпук. Чарнобыльскі трыпціх. 1996.

т. 8, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)