ГЛЕ́БАЎСКАЯ (Яніна Казіміраўна) (24.10.1901, Мінск — 16.12.1978),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1970). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926), працавала ў Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Найб. самабытныя, жыццёва праўдзівыя, каларытныя вобразы жанчын з народа стварыла ў нац. рэпертуары: Мальвіна («Несцерка» В.​Вольскага), Даміцэля («Прымакі» Я.​Купалы), Югася («Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.​Коласа «На ростанях»), Гарпіна («Алазанская даліна» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага), Антаніна Цімафееўна («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), старая Жыгоцкая («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча) і інш. Індывідуальнасцю творчай манеры адметныя і яе ролі класічнага рэпертуару: Матруна («Улада цемры» Л.​Талстога), Малання, Васа («Ягор Булычоў і іншыя», «Васа Жалязнова» М.​Горкага), Уліта («Лес» А.​Астроўскага), Дандальская («Дамы і гусары» А.​Фрэдры), Орта («Ветрык, вей!» Я.​Райніса) і інш. З інш. роляў: Пастарша («Юстына» Х.​Вуаліёкі), лэдзі Патэрсан («Востраў Афрадыты» А.​Парніса), Шарлота («Гарачае лета ў Берліне» паводле Э.​Д.​К’юзек).

т. 5, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)