І́НЕС ((Inness) Джордж) (1.5.1825, каля г. Ньюберг, ЗША — 3.8.1894),
амерыканскі жывапісец. Вучыўся ў Нью-Йорку. У 1840-я г. рабіў дакладныя. крыху стракатыя пейзажы Новай Англіі («Стары млын», 1849). Паездкі ў Італію і Францыю, уплывы творчасці К.Ларэна, К.Каро, майстроў барбізонскай школы дазволілі І. выпрацаваць у 1850—60-я г. ўласную манеру пейзажнага жывапісу, у якой спалучаліся класічная манументальнасць кампазіцыі, мяккая элегічнасць настрою і рэаліст. дакладнасць матыву («Даліна Лакавана», 1855; «Даліна Дэлавэра», 1865). Пазней І. звярнуўся да больш інтымнага бачання прыроды, ствараў зменлівасць святло-паветр. асяроддзя пры розным надвор’і ці ў розныя гадзіны сутак («Хмара», каля 1870; «Дубы восенню», «Навальніца набліжаецца», каля 1880). Адначасова ў яго творчасці ўзмацніліся тэндэнцыі сімвалізму, містычнай нявызначанасці («Сёстры ў садзе», каля 1881).