Напалеон Банапарт (Napoléon Bonaparte; 15.8.1769, Аяча, в-аў Корсіка, Францыя — 5.5.1821), французскі дзярж. дзеяч і палкаводзец, першы консул Франц. Рэспублікі [1799—1804] імператар французаў [1804—14, 1815]. Скончыў Брыенскае ваен. вучылішча (1784), вучыўся ў Парыжскай ваен. школе (1784—85). З 1785 у арміі, афіцэр артылерыі. Падтрымаў Французскую рэвалюцыю 1789—99. За ўмела арганізаванае ўзяцце (снеж. 1793) захопленага мяцежнікамі і англічанамі г. Тулон атрымаў чын брыгаднага генерала. Па даручэнні Канвента 5.10.1795 задушыў раялісцкі мяцеж у Парыжы, за што прызначаны галоўнакамандуючым Унутр. арміяй. З сак. 1796 галоўнакамандуючы «Італьян. арміяй». Італьянскі паход Банапарта 1796—97 прынёс яму славу лепшага палкаводца Рэспублікі і таленавітага дыпламата. У 1798—99 узначальваў Егіпецкую экспедыцыю 1798—1801. 9—10.11.1799 здзейсніў дзярж. пераварот, які ўсталяваў у Францыі рэжым консульства. У 1802 абвешчаны пажыццёвым консулам, у 1804 — імператарам. З мэтай умацавання новай бурж. манархіі Н.I стварыў імперскае дваранства і пышны імператарскі двор. Ва ўнутр. палітыцы кіраваўся інтарэсамі буржуазіі і заможнага сялянства. У 1804, 1808 і 1810 пры ўдзеле Н.I распрацаваны і выдадзены Грамадз., Камерцыйны і Крымін. кодэксы — т.зв. «Кодэксы Напалеона», што рэгулявалі грамадскія адносіны, ахоўвалі непарушнасць прыватнай маёмасці, стваралі ўмовы для развіцця свабоднай канкурэнцыі і прам-сці. У ходзе напалеонаўскіх войнаў значна пашырыў сваю імперыю. Але не здолеў перамагчы свайго гал. праціўніка — Вялікабрытанію, з якой Францыя знаходзілася ў стане вайны з 1793 (за выключэннем 1802—03). Спробы Н.I ізаляваць Вялікабрытанію шляхам кантынентальнай блакады не мелі поспеху. 24.6.1812 Н.І пачаў вайну супраць Рас. імперыі (гл.Вайна 1812). У шэрагу аперацый на тэр. Беларусі (гл., напр., Бярэзінская аперацыя 1812) асабіста кіраваў войскамі і ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. Каб заручыцца падтрымкай магнатаў і шляхты Літвы і Беларусі і для кіравання акупіраванымі тэрыторыямі, зацвердзіў Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага. Ухіліўся ад пацвярджэння акта Генеральнай канфедэрацыі 1812 аб аднаўленні Польскага каралеўства як унітарнай дзяржавы, хоць не пагадзіўся і на стварэнне асобнай Літ. канфедэрацыі. У выніку вайны 1812 яго «Вялікая армія» была разгромлена, што выклікала ўздым антыфранц. руху ў залежных ад Н.I краінах. Пасля паражэнняў у кампаніі 1813—14 і заняцця ў сак. 1814 войскамі антыфранц. кааліцыі Парыжа адрокся ад трона (6.4.1814). Саюзнікі-пераможцы захавалі за Н.I тытул імператара і аддалі яму ва ўладанне в-аў Эльбу. Выкарыстаўшы незадаволенасць французаў рэстаўрацыяй улады Бурбонаў, Н.І высадзіўся 1.3.1815 на Пд Францыі і да 20.3.1815 аднавіў сваю ўладу (гл.«Сто дзён»). Пасля паражэння пры Ватэрлоо 18.6.1815 зноў адрокся ал трона (22.6.1815). Арыштаваны англічанамі, сасланы на в-аўСв. Алены, дзе і памёр.
Літ.:
Манфред А.З. Наполеон Бонапарт. 5 изд. М., 1989;
Тарле Е.В. Наполеон. Мн., 1992;
Яго ж. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г.М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМУНДЗІРАВА́ННЕ ВАЙСКО́ВАЕ,
форменнае адзенне ваеннаслужачага, адметнае колерам, канструкцыяй (кроем), знакамі адрознення і інш.
Элементы абмундзіравання вайсковага вядомыя са стараж. часоў (Егіпет, Асірыя, Персія, Грэцыя), больш выразнымі сталі ў арміі Стараж. Рыма. Упершыню аднолькавае абмундзіраванне вайсковае па відах і родах войскаў уведзена ў Францыі ў 17 ст. На Беларусі абмундзіраванне вайсковае пачало набываць адметнасць з часоў сярэднявечча і пазней. Напр., у 2-й пал. 18 ст. шараговы першай гвардыі ВКЛ насіў чырв. мундзір з сінімі вылогамі (адваротамі) і суконнымі пагонамі. Бікорн (галаўны ўбор) упрыгожваў пампон жоўтага колеру. На штанах сіняга колеру — адмысловая аздоба, характэрная толькі для палка пешай гвардыі. Бамбардзір (камандзір гарматнага разліку) у корпусе артылерыі ВКЛ, напр., меў мундзір з чорным каўняром, адваротамі і манжэтамі, зялёныя суконныя штаны з чорнымі лампасамі, на касцы змяшчалася латунная эмблема ў выглядзе палаючай гранаты, выява якой была таксама на торбе для нашэння набояў (боезапасаў). Шараговы коннай гвардыі ВКЛ меў чырв. мундзір без лацканаў і белыя ласіны (штаны са скуры лася, якія шчыльна аблягалі ногі) з батфортамі, насіў парык. Верхні край бікорна быў абшыты галуном. Абмундзіраванне вайсковае з цягам часу мянялася.
Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь нац. форма абмундзіравання вайсковага распрацавана і зацверджана ў 1993. У яго ўваходзяць: верхняе адзенне (паліто і куртка зімовыя, плашч-паліто, кіцель, куртка, штаны, кашуля і інш.), галаўныя ўборы (шапка-вушанка, фуражка, пілотка), бялізна, абутак, амуніцыя. Парадак выкарыстання абмундзіравання вайсковага вызначаецца правіламі нашэння вайск. формы адзення, якая падзяляецца на парадную, парадна-выхадную, паўсядзённую, палявую і рабочую, а кожная з іх — на летнюю і зімовую. Права нашэння абмундзіравання вайсковага маюць ваеннаслужачыя ўзбр. сіл, ваен.-навуч. устаноў, а таксама тыя катэгорыі ваеннаслужачых, за якімі пасля звальнення ў запас ці адстаўку захавана такое права.
У.П.Рудэнка, В.А.Юшкевіч.
Да арт.Абмундзіраванне вайсковае. I. Адзенне воінаў 11—14 ст.: 1—2 — воіны Старажытнай Русі (11—12 ст.); 3 — літоўскі воін 14 ст.; 4—7 — военачальнікі Вялікага княства Літоўскага. II. Ваяводскія і павятовыя мундзіры беларускай шляхты (1780): 1 — Смаленскае ваяв.; 2 — Гарадзенскі пав.; 3 — Ашмянскі пав.; 4 — Віленскае ваяв.; 5 — Наваградскае ваяв.; 6 — Аршанскі пав.; 7 — Полацкае ваяв.; 8 — Берасцейскае ваяв. III. Адзенне войска Вялікага княства Літоўскага (1776—94): 1 — генерал-маёр; 2 — афіцэр 3-га палка пярэдняй стражы; 3 — ротмістр янычарскай харугвы Булавы вялікай; 4 — шараговы пешай гвардыі; 5 — шараговы коннай гвардыі; б — бамбардзір корпуса артылерыі; 7 — інжынер ваеннага корпуса інжынераў.Да арт.Абмундзіраванне вайсковае. Форма адзення ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Для генералаў: 1 — летняя парадна-выхадная, 2 — летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 3 — летняя штодзённая (авіяцыі), 4 — зімовая штодзённая, 5 — летняя штодзённая (з кашуляй), 6 — летняя палявая; для афіцэраў і прапаршчыкаў: 7 — летняя парадна-выхадная, 8 — летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 9 — летняя штодзённая (авіяцыі), 10 — летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 11 — зімовая штодзённая (з фуражкай), 12 — летняя штодзённая (з плашч-паліто), 13 — летняя штодзённая (з кашуляй), 14 — летняя палявая, 15 — зімовая палявая; для салдат, сяржантаў і курсантаў ваенных вучылішчаў: 16 — летняя парадна-выхадная, 17 — летняя палявая, 18 — зімовая палявая; для салдат і сяржантаў паветрана-дэсантных войскаў: 19 — летняя палявая; для ваеннаслужачых жанчын: 20 — летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 21 — летняя палявая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1931—39,
антыманархічная і агульнадэмакр. рэвалюцыя, у ходзе якой у Іспаніі існаваў рэсп. лад. Выклікана абвастрэннем сац.-эканам. праблем ісп. грамадства ва ўмовах сусв.эканам. крызісу 1929—33. Пачалася 12.4.1931 масавымі нар. дэманстрацыямі з патрабаваннямі ўстанаўлення рэспублікі пасля перамогі апазіц. партый на муніцыпальных выбарах. 14 крас. кароль Альфонс XIII пакінуў краіну, Іспанія абвешчана рэспублікай. На 1-м этапе рэвалюцыі (14.4.1931 — ліст. 1933) дзейнічалі ўрады блока левых рэспубліканцаў і сацыялістаў. У краіне зацвердзіліся дэмакр. свабоды, прынята канстытуцыя 9.12.1931, уведзены 8-гадзінны прац. дзень, устаноўлены мінімум зарплаты, царква аддзелена ад дзяржавы. У вер. 1932 абвешчана агр. рэформа (канфіскацыя за выкуп часткі зямлі ў буйных латыфундыстаў і перадача яе сялянам і с.-г. рабочым) і зацверджаны закон аб аўтаноміі Каталоніі. Аднак гэтыя мерапрыемствы не спынілі сац.эканам. крызісу. Ва ўмовах росту незадаволенасці рабочых у вер. 1933 з урада выйшлі прадстаўнікі Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі, што прывяло да распаду ўрадавага блока. На 2-м этапе (ліст. 1933 — люты 1936, т. зв. «чорнае двухгоддзе»), калі існаваў урад правых рэспубліканцаў, актывізавалася дзейнасць кансерватыўных і прафаш. сіл, у т. л.Іспанскай фалангі. Гэта выклікала ў кастр. 1934 узбр. паўстанні рабочых пад кіраўніцтвам левых сацыялістаў і камуністаў (найб. масавыя ў Каталоніі і Астурыі), задушаныя войскамі. Паражэнне левых сіл падштурхнула іх да кансалідацыі і ўтварэння Нар. фронту (студз. 1936), які 16.2.1936 перамог на выбарах у картэсы. На 3-м этапе рэвалюцыі (1936—39) 19.3.1936 утвораны ўрад Нар. фронту (складаўся пераважна з левых рэспубліканцаў), у маі — ліп. 1936 узмацніўся рабочы і камуніст. рух. Адначасова актывізаваліся кансерватыўныя сілы, што вылілася ў ваен. мяцеж супраць рэспублікі пад кіраўніцтвам ген. Ф.Франка Баамондэ (пачаўся 17 ліп. ў Ісп. Марока, 18 ліп. пашырыўся на Іспанію). Гэта прывяло да грамадз. вайны паміж паслядоўнікамі Франка (франкістамі) і прыхільнікамі Ісп. рэспублікі (рэспубліканцамі). На 1-м этапе вайны (ліп. 1936 — май 1937) франкісты, якім аказвалі дапамогу Германія, Італія, Партугалія (у т. л. ў баях удзельнічалі 50 тыс.ням. і 200 тыс.італьян. вайскоўцаў), намагаліся захапіць Мадрыд. Спачатку пад уладай рэспубліканцаў, якіх з кастр. 1936 падтрымлівалі СССР (каля 3 тыс. добраахвотнікаў, у т. л. беларусы С.А.Грыцавец, В.П.Дрозд і інш.) і інтэрнацыянальныя брыгады, было каля 70% тэрыторыі і 3/4 насельніцтва Іспаніі, але ў жн. 1936 страчаны стратэгічна важныя тэрыторыі. Урады Нар. фронту на чале з Ф.Ларга Кабальера (4.9.1936—17.5.1937) і Х.Негрынам (17.5.1937 — сак. 19.39) стварылі рэгулярныя ўзбр. сілы, прынялі дэкрэты аб нацыяналізацыі зямельных уладанняў удзельнікаў мяцяжу і перадачы іх сялянам, аб нацыяналізацыі прадпрыемстваў, якія належалі мяцежнікам, прадаставілі аўтаномію Краіне Баскаў. На 2-м этапе вайны (май 1937 — вер. 1938) франкісты захапілі Краіну Баскаў і Астурыю (кастр. 1937), прарвалі фронт у Арагоне і выйшлі да ўзбярэжжа Міжземнага м., адрэзаўшы ад цэнтр. раёна рэспублікі Каталонію (крас. 1938). На 3-м этапе (вер. 1938 — сак. 1939) 350-тысячная армія франкістаў (ёй процістаяла толькі 140-тысячная рэсп. армія) 26.1.1939 захапіла г. Барселона, дзе з ліп. 1937 размяшчаўся рэсп. ўрад, і ўсю Каталонію (9 лют.). Брыт. і франц. ўрады 27.2.1939 афіцыйна прызналі ўрад Франка. Унутр. барацьба ў лагеры рэспубліканцаў, частка якіх выступала за капітуляцыю перад Франка, прывяла да падзення рэспублікі (28 сак. — 1 крас.). У Іспаніі ўстанавілася ваен. дыктатура — т.зв. іберыйскі варыянт фашызму (да 1975).
Літ.:
Пожарская С.П. От 18 июля 1936 — долгий путь. М., 1977.
Да арт.Іспанская рэвалюцыя. 1931—39. I. Абмундзіраванне франкістаў: 1 — легіянер 1-га класа ў летняй палявой форме; 2 — афіцэр кавалерыі, каід мараканскіх часцей; 3 — маёр у паўсядзённай форме і кавалерыйскіх брыджах; 4 — каід у палявой форме; 5 — лейтэнант, камандзір роты міліцыі «Іспанскай фалангі» ў параднай форме; 6 — капрал міліцыі андалусійскіх «рэкетэ» ў палявой форме і армейскай амуніцыі. II. Адзенне рэспубліканцаў: 1 — падпалкоўнік у службовай форме; 2 — генерал, камандзір дывізіі ў паўсядзённай форме; 3 — андалусійскі міліцыянер; 4 — амерыканскі добраахвотнік з батальёна імя Лінкальна; 5 — савецкі добраахвотнік-танкіст; 6 — капрал Пятага палка ў камбінезоне-мона; 7 — анархіст у скуранцы і салдацкіх брыджах; 8 — камісар у пілотцы і ў камбінезоне-мона; 9 — баец рабочай міліцыі ў армейскай касцы і салдацкай амуніцыі.