КА́РАЛЬ, Карл (Carol),
імя каралёў Румыніі ў 19—20 ст. з дынастыі Гогенцолернаў-Зігмарынгенаў.
Караль I (20.4.1839, г. Зігмарынген, Германія — 10.10.1914), князь [1866—81], кароль [1881—1914] Румыніі. З 1859 прускі афіцэр. У 1866 у выніку плебісцыту выбраны пераемнікам А.І.Кузы. Пасля рус.-тур. вайны 1877—78 і абвяшчэння незалежнасці Румыніі прыняў каралеўскі тытул. Садзейнічаў устанаўленню ў краіне рэжыму канстытуцыйнай манархіі. У пач. 1-й сусв. вайны праводзіў курс на нейтралітэт Румыніі, нягледзячы на заключаны ў 1883 саюз з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй.
Караль II (15.10.1893, г. Сіная, Румынія — 4.4.1953), кароль [1930—40] Румыніі. Сын Фердынанда I (правіў у 1914—27). З 1926 у эміграцыі (Парыж). Абвешчаны каралём па патрабаванні ўрада Ю.Маніу. Праводзіў аўтарытарны курс, у 1938 адмяніў дзеянне дэмакр. канстытуцыі 1923, забараніў усе партыі, устанавіў «каралеўскую дыктатуру». Пасля знешнепаліт. няўдач (уступка Бесарабіі Сав. Саюзу і Паўн. Трансільваніі Венгрыі) змушаны маршалам І.Антанеску адрачыся ад прастола на карысць сына Міхая (кароль у 1940—47), эмігрыраваў у Партугалію.
т. 8, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)