НІ́КСАН ((Nixon) Рычард Мілхаўс) (9.1.1913, Іорба-Лінда, штат Каліфорнія, ЗША — 22.4.1994),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Скончыў (1937) ун-т Дзьюка (г. Дарэм), займаўся юрыд. практыкай. У 1942—46 афіцэр ВМС. З 1947 чл. палаты прадстаўнікоў ад Рэсп. партыі, у 1951—53 сенатар. У 1953—61 віцэ-прэзідэнт ЗША у адміністрацыі Д.Д.Эйзенхаўэра. У 1969—74 прэзідэнт ЗША ад Рэсп. партыі. Урад Н. палепшыў адносіны з Кітаем (1972), падпісаў Парыжскае пагадненне 1973 пра спыненне вайны і аднаўленне міру ў В’етнаме (з 1969 паводле дактрыны Н. аб «в’етнамізацыі» вайны паступова скарачаўся амер.ваен. кантынгент у Паўд. В’етнаме), заключыў шэраг дагавораў і пагадненняў з СССР пра абмежаванне стратэг. узбраенняў, прадухіленне ядз. вайны, супрацоўніцтва ў розных галінах навукі, тэхнікі, культуры (1972—74) і інш. У час афіц. візіту ў СССР 1.7.1974 наведаў Мінск. 9.8.1974 добраахвотна пайшоў у адстаўку (першы выпадак у гісторыі ЗША) перад пагрозай імпічменту з-за паліт. скандалу па справе «Уотэргейт». У 1974 амнісціраваны прэзідэнтам Дж.Фордам. Аўтар кніг «Мемуары» (1978), «Ніякіх больш В’етнамаў» (1985), «1999: перамога без вайны» (1988) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — На арене: Воспоминания о победах, поражениях и возрождении. М., 1992.