РАЕ́ЎСКІ (Іосіф Майсеевіч) (7.1.1901, г. Арэнбург, Расія — 23.9.1972),
расійскі і бел. рэжысёр, педагог, акцёр. Нар.арт. Беларусі (1955). Нар.арт.СССР (1968). Праф. (1968). З 1922 вучыўся ў 2-й студыі Маск. маст.акад.т-ра. З 1925 акцёр, з канца 1930-х г. рэжысёр Маск. маст.акад.т-ра. З 1932 у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (з 1945 заг. кафедры). Выкладаў акцёрскае майстэрства трупе БДТ-3 на курсах у Маскве (1933). Маст. кіраўнік Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940). Творчасці ўласцівы яснасць рэжысёрскай думкі, завершанасць пастановачнага вырашэння і псіхал. абгрунтаванасць сцэн. існавання персанажаў. Вучань К.Станіслаўскага, развіваў лепшыя традыцыі Маск. маст.акад.т-ра ў галіне рэжысёрскага і акцёрскага майстэрства. Паставіў спектаклі: у т-ры імя Я.Купалы — «Апошнія» М.Горкага (1939, з М.Зоравым, дапрацоўка 1937), «Хто смяецца апошнім» (1939, з Л.Рахленкам), «Мілы чалавек» (1945) К.Крапівы; у т-ры імя Я.Коласа — «Ворагі» М.Горкага (1952). Са спектакляў у Маск. маст.акад. т-ры: «Дасцігаеў і іншыя» М.Горкага (1938, з Л.Леанідавым), «Афіцэр флоту» А.Крона (1945, з М.Гарчаковым), «Разлом» Б.Лаўранёва (1950, з В.Станіцыным), «Мілы лгун» Дж.Кілці (1962), «Дон Кіхот вядзе бой» В.Карастылёва (1966).